*§ 2-3. Афіцыйны стыль

Практыкаванне 15-1

 Прачытайце тэкст жартоўнай заявы.

                                                                                             

Рэктару ўніверсітэта
ад студэнта і паэта
Гілевіча Ніла

Заява

Няважная, таварыш рэктар, справа.

Каторы дзень не маю ні кап’я:
Звяліся грошыкі ў мяне дазвання.
Раней ніколі не было, каб я
На семінар прыходзіў без снядання.

А зараз… О, мой добры гаспадар!
Каторы дзень бадзяюся не еўшы!
Быццё нанесла мне страшэнны ўдар —
І здохла муза, і прапалі вершы.

Гаворка тут ідзе не пра душу:
Душы салжэш, а вось кішцэ — ніколі.
Таварыш рэктар, як айца, прашу:
Пазыч траяк, калі не маеш болей…

А доўг я са стыпендыі аддам.
Калі ж яшчэ падзарабіць удасца —
То нават процанты надбаўлю Вам,
А калі не, то, выбачайце, трасца!

О, выбачайце! Гэта ўсё — хлусня.
Хоць мне стыпендыі і недаволі,
Ды без яды я не сядзеў ні дня
І пазычаць не стану ў Вас ніколі.

А праўда вось — і тут я не хлушу,
Адно пранікніце ў маю задуму:
Я гэта верш на лекцыі пішу —
Каб не памерці ад нуды і суму.

1951, 26 кастрычніка  Ніл Гілевіч.

Ці адпавядае тэкст патрабаванням да напісання заявы?
Чаму ён не можа быць аднесены да афіцыйнага стылю? Пацвердзіце свой адказ прыкладамі з тэксту.