*§ 2-4. Гутарковы стыль

Практыкаванне 17-2

Прачытайце тэкст. Сфармулюйце яго асноўную думку.

Калі пісьменнік ведае прыроду слова, у залежнасці ад карціны, ён можа сказаць: падмерзла, падмарозіла, умарозіла, умерзла, падшэрхла, прыстала, зацягнула лядком, стужэла; гушкацца, гоцацца, гутатацца, калыхацца, люляцца, гойдацца, чэкацца. Мы, на жаль, найчасцей прывыкаем да якога-небудзь аднаго слова і карыстаемся ім ва ўсіх выпадках, напрыклад: накіраваўся, забываючыся, што ёсць сінонімы, якія адразу могуць ажывіць карціну сваім асаблівым каларытам: пайшоў, падаўся, пашыбаваў, папраставаў, скіраваў, узяў кірунак, узяў напрамак, пасігаў, пакрочыў (Паводле Я. Скрыгана).

Назавіце дзеясловы, якія, на вашу думку, з’яўляюцца агульнаўжывальнымі і могуць выкарыстоўвацца ў любым стылі маўлення, а якія маюць пэўную стылістычную афарбоўку (напрыклад, стылістычна зніжаную ці высокую) і могуць выкарыстоўвацца ў пэўных стылях.
Складзіце невялікую замалёўку ў гутарковым стылі, выкарыстоўваючы любы рад сінонімаў-дзеясловаў з тэксту.