*§ 2-4. Гутарковы стыль

Гутарковы стыль

Гутарковы стыль абслугоўвае сферу неафіцыйных зносін. Пераважная форма маўлення — вусная, асноўная функцыя — камунікатыўная.
Мэта гутарковага стылю — забяспечваць бытавыя ўзаемаадносіны ў вуснай форме маўлення, у пісьмовай — у асабістых дзённіках, прыватных пісьмах.
Агульныя стылёвыя рысы гутарковага стылю: неафіцыйнасць, нязмушанасць зносін, непадрыхтаванасць маўлення, дыялагічная форма, эмацыянальнасць. Істотную ролю ў гутарковым маўленні адыгрываюць жэсты, міміка, поза суразмоўцаў. Вуснае бытаванне тэкстаў актывізуе сродкі фанетычнага ўзроўню — інтанацыю, паўзы, лагічныя націскі, рытм, тэмп маўлення.
Лексіка тэкстаў гутарковага стылю характарызуецца выкарыстаннем слоў з канкрэтным значэннем, актыўным ужываннем эмацыянальна-ацэначных моўных сродкаў. Вялікую групу складаюць словы з суфіксамі суб’ектыўнай ацэнкі.
Марфалагічны ўзровень вылучаецца ўжываннем асабовых займеннікаў, выклічнікаў, часціц, адсутнасцю кніжных канструкцый (напрыклад, дзеепрыметнікавых і дзеепрыслоўных зваротаў).
Сінтаксісу тэкстаў гутарковага стылю ўласцівы спрошчанасць, недагаворанасць (паколькі прадмет гутаркі вядомы суразмоўцам), словы-сказы, а таксама пытальныя, клічныя, няпоўныя сказы.