*§ 2-4. Гутарковы стыль

Практыкаванне 17-1

У сучасных сродках масавай інфармацыі ўсё часцей сустракаюцца так званыя «словы без прапіскі» — пазаслоўнікавая лексіка.

На жаль, частка сучасных працэсаў у галіне лексікі — адкрытае і яўнае сведчанне зніжэння культуры грамадства, узмацнення яго варварызацыі. Такім, на нашу думку, з’яўляецца ўжыванне нецэнзурнай лексікі журналістамі. Яе выкарыстанне ў публічным маўленні аб’ектыўна падмацоўвае пазіцыі вульгарызмаў*. Шматкроп’е, якое ўводзіць журналіст з тым, каб чытач сам узнаўляў у сваёй памяці нецэнзурны выраз, шумавыя накладкі на нецэнзурныя словы або празрыстыя намёкі на лаянкавую лексіку — усё гэта спробы «эмансіпацыі мата», парушэння табу*.
Аднак, вядома, што забарона на ўжыванне пэўных слоў абумоўлена не толькі сацыяльна-палітычнымі, але і гістарычнымі, культурнымі і этычнымі фактарамі, якія дзейнічаюць на працягу доўгага часу.
Варта падкрэсліць што адмаўлен..е ад табу н..б..спечна па многі.. прычына.. . Вядома лаянкавыя словы вызначаюцца моцным уздзеян..м што мат ..эта форма в..рбальнай агрэсіі зн..важальных адносін не толькі да непасрэдных удзельніка.. размовы але і ўсіх хто яе чу.. (Л. Выгонная).

Сфармулюйце тэму і асноўную думку тэксту.
Выпішыце запазычаныя словы, вусна раскрыйце іх значэнне.
Як вы разумееце сэнс выразу словы без прапіскі? Якія словы вы аднеслі б да гэтай катэгорыі? Абгрунтуйце сваё меркаванне.

Спішыце апошні абзац тэксту, устаўляючы прапушчаныя літары і ставячы неабходныя знакі прыпынку.
Ці згодны вы з думкай аўтара? Пацвердзіце або абвергніце яе.