*§ 2-4. Гутарковы стыль

Практыкаванне 17

Прачытайце тэкст. Назавіце лексічныя, марфалагічныя і сінтаксічныя рысы гутарковага стылю.

...Дзядзька Хрол спакойна, разважліва гаворыць:
— От ты глядзі сюды. Усё нам купіць трэба. А вось зямля, лес, поле — усё як быццам нехта так аддае: тамацька ягадзіну возьмеш, тутацька грыб паднімеш, а то арэхаў натрасеш — бачыш, ужо і наеўся. З дрэва дошак напіліш, а з дошкі і на чым есці, і на чым сядзець, і на чым спаць змайструеш. А вазьмі паветра. Вось што, мусіць, самае смачнае з усіх страў, якія ведаюць людзі. Гэта табе не цукеркі, якія, скажам, заманулася раз у год. А паветра кожнуюм мінуту трэба. А вось вы, мальцы, не ведаеце, што такое маладня, гром. А гэта ж хмара аб хмару цярнецца — вось вам і іскры, і маладня. Якраз як крэсівам аб крэмень. Ці, скажам, паспрабуй жалезам аб жалеза з разгону цярнуць. Во вам шуму будзе, во грому! А вы не глядзіце, што хмары здаюцца мяккімі, як кудзеля*, у іх вунацькі якая сіла (Паводле Я. Сіпакова).