*§ 2-5. Мастацкі стыль

Практыкаванне 16-4

Ці згодны вы з наступнай думкай: «Тое, што з пункту гледжання мовы з’яўляецца памылкай, можа, калі яно ўзнікае з самабытнай натуры, мець мастацкую каштоўнасць; у мастацтве пануе права асобы, у граматыцы — права калектыву» (К. Фослер)?
Ці можна ў такім разе гаварыць пра недакладнасць словаўжывання ў наступных выпадках? Чаму?

Дзяўчынка к хлопчыку нагнулася і, слёзкі
Сціраючы яму, штось пачала казаць,
Каб заспакоіць плач — зусім, як быццам маць,
І саліваліся ў жывы абраз ядыны
Той выгляд мацеры ды з воблікам дзяўчыны,
Дзіцячым, цененькім, і ў гэты час яна,
Здавалася, была аж да краёў паўна,
Якойсць шырокаю, радзімаю красою,
І помню, я на міг пахарашэў душою.
М. Багдановіч

… Крычаў і маліўся, стагнаў і спяваў,
Каб кроў мужыка не лілася на росы;
Ён сонца выворваў,
З магілы ўставаў,
Каб толькі ўбачыць у шчасці народ свой.
П. Панчанка

Якія вобразныя сродкі выкарыстаны ў паэтычных радках? Якую мастацкую «нагрузку» яны выконваюць?