Печатать книгуПечатать книгу

*§ 2-5. Мастацкі стыль

Сайт: Профильное обучение
Курс: Беларуская мова. 11 клас
Книга: *§ 2-5. Мастацкі стыль
Напечатано:: Гость
Дата: Воскресенье, 28 Апрель 2024, 23:21

Мастацкі стыль

Мэта мастацкага стылю — абслугоўваць эстэтычную сферу зносін, задавальняць духоўныя патрэбы жыцця грамадства.
Мастацкі стыль змяшчае ўсе разрады лексікі (нейтральныя, кніжныя, публіцыстычныя, гутарковыя, дыялектныя, жаргонныя, паэтычныя словы). Усе моўныя сродкі ў мастацкім творы набываюць эстэтычную значнасць, падпарадкоўваюцца задуме пісьменніка. Наяўнасць агульных рыс розных стыляў у мове мастацкіх твораў не выключае, а мае на ўвазе індывідуальнасць, самабытнасць слова пісьменніка-творцы, які здольны «перавесці» бязвобразныя словы ў сферу мастацкага бачання, мастацкага абагульнення.
Мастацкі тэкст — складаная поліфанічная сістэма, якая патрабуе ўважлівых адносін да слова, разумення яго эстэтычнай значнасці. Даследчыкі вылучаюць у мастацкім творы тры разнавіднасці інфармацыі. Фактуальная інфармацыя складае паверхневы, знешні ўзровень мастацкага тэксту. Яна ўключае апісанне фактаў, падзей, учынкаў герояў. Аднак мастацкі тэкст не вычэрпваецца сюжэтнай лініяй. Ён перадае сістэму поглядаў, пазіцый, ацэнак пісьменніка, яго светабачанне. Гэта і ёсць канцэптуальная інфармацыя. Не менш важную ролю адыгрывае пазатэкставая інфармацыя, якая высвечвае сэнс твора, яго маральныя праблемы, каштоўнасныя арыенціры. Навучыцца «бачыць» падтэкставую інфармацыю дапамагаюць парадак слоў, інтанацыя, мастацкая дэталь, ключавыя словы.
Спасціжэнне твора падразумявае ўменне адчуваць вобразнасць, самабытнасць мастацкага слова, разумець аўтарскі стыль, разважаць над пытаннямі, якія хвалююць пісьменніка.

Практыкаванне 16

Прачытайце табліцу. Раскажыце на яе аснове пра мастацкі і гутарковы стылі ў параўнальным плане.

Сфера выкарыстання

Задачы маўлення Стылёвыя рысы Асноўныя жанры Характэрныя моўныя сродкі
Творы мастацкай літаратуры і вуснай народнай творчасці Вобразна, маляўніча апісаць словамі які-небудзь прадмет ці з’яву, выказаць свае адносіны

Канкрэтнасць, вобразнасць, маляўнічасць.
Мае форму дыялогу і маналогу. Адносіны да падзей і з’яў выражаны

Верш, паэма, апавяданне, аповесць, раман, камедыя, загадка, байка, балада і інш.

Словы з канкрэтным значэннем. Словы з пераносным значэннем. Эмацыянальна-ацэначныя словы.
Сказы апавядальныя, пытальныя і клічныя. Сказы з аднароднымі членамі

Бытавая Абмен думкамі, пачуццямі Жывасць, непасрэднасць. Мае форму дыялогу. Адносіны да падзей і з’яў выражаны Бытавая гутарка, размова

Гутарковыя словы і выразы. Эмацыянальна-ацэначныя словы. Словы з пераносным значэннем. Розныя па мэце выказвання сказы.
Сказы са звароткамі, з простай мовай

Практыкаванне 16-1

Прачытайце тэкст. Вызначце яго стыль, абгрунтуйце сваю думку.

У заходнееўрапейскайсл і рускай філалогіі розныя школы і напрамкі прапаноўвалі разнастайныя погляды на спецыфіку мастацкага слова і метады яго вывучэння. Так, напрыклад, доўгі час лічылася, што мастацкае, паэтычнае слова — гэта абавязкова вобразнае, метафарычнае, высокае слова. Згодна з традыцыямі антычных паэтык і рыторык вылучалася нават спецыяльная паэтычная лексіка, разглядаліся спецыфічныя мастацкія і выяўленчыя сродкі мовы. Між тым найбагацейшым вопыт рэалістычнай літаратуры пераканаўча паказаў, што ў залежнасці ад эстэтычных задач, ад жанру і зместу твора пад рукою таленавітага майстра нават самае і «непаэтычнае», «немастацкае» слова становіцца высокамастацкім і паэтычным (М. Цікоцкі).

Раскажыце, у чым заключаецца спецыфіка мастацкага слова.

Практыкаванне 16-2

Прачытайце лірычныя замалёўкі прызнанага майстра слова Янкі Брыля. Пацвердзіце думку М. Цікоцкага, што «пад рукою таленавітага майстра нават самае і “непаэтычнае”, “немастацкае” слова становіцца высокамастацкім і паэтычным».

І. Бела-ружовая пяшчотнасць яблынькі, каля якой стаюф. Сябар маленства — шпак сядзіць амаль побач, на краечку шыфернага даху павеці; ён час ад часу, у развод паварушваючым крыллем, пакрэхтвае, трэба думаць, ад задавальнення. За сеткай агароджы, у зарасніку альховай латачыны — салавей, да якога, як заўсёды здаецца, падаць рукою. Далей, у радкаватай яшчэ лістоце дубоў, таксама час ад часу жаўна падае́ сваё «тр-р-р!», нібы кіёчкам па штыкетніку. Успомніўся Багдановіч:
...а там, каля акна,
Малінаўка пяе і стукае жаўна.
ІІ. Успомніў стару́ю ў аўтобусе, на пыльным гасцінцы родных мясцін. Як яна ні з таго ні з сяго развязала чыстую белую хустку і пачала частаваць пасажыраў вялікімі чырванабокімі яблыкамі.
Яны — нібы кветкі, нібы агеньчыкі, засвяцілі. Яна разумее іх прызначэнне: даваць людзям шчасце, народжанае з працы.

Практыкаванне 16-3

Прачытайце верш. Параўнайце навуковае (у эпіграфе) і мастацкае (у вершы) апісанне прадмета. Дакажыце, што мастацкаму апісанню таксама характэрна дакладнасць.

Вада

Вада — бясколерная, празрыстая вадкасць без паху і смаку.
З даведнікаў

Хто сказаў — вада без паху?
Хто сказаў — вада без смаку?
Той, відаць, не смяг* у спёку
І ад смагі ў суш не млеў.

Той, відаць, вадой не трызніў,
Не хапаў яе ў жмені*
Калі боязна рассыпаць
Нават кропельку ў траву.

Той, відаць, не поўз пустыняй,
Не ўсыхаў у акіяне —
Калі пахі ўсе і смакі
У глытку пітной вады.

У глытку, што, як дажджынка,
У глытку, што, як расінка,
На лістку, бы на далоні,
Гэтак зманліва* дрыжыць.

І ўжо ў гэтай нават кроплі
Усе колеры вясёлкі…
Я. Сіпакоў.

 

Практыкаванне 16-4

Ці згодны вы з наступнай думкай: «Тое, што з пункту гледжання мовы з’яўляецца памылкай, можа, калі яно ўзнікае з самабытнай натуры, мець мастацкую каштоўнасць; у мастацтве пануе права асобы, у граматыцы — права калектыву» (К. Фослер)?
Ці можна ў такім разе гаварыць пра недакладнасць словаўжывання ў наступных выпадках? Чаму?

Дзяўчынка к хлопчыку нагнулася і, слёзкі
Сціраючы яму, штось пачала казаць,
Каб заспакоіць плач — зусім, як быццам маць,
І саліваліся ў жывы абраз ядыны
Той выгляд мацеры ды з воблікам дзяўчыны,
Дзіцячым, цененькім, і ў гэты час яна,
Здавалася, была аж да краёў паўна,
Якойсць шырокаю, радзімаю красою,
І помню, я на міг пахарашэў душою.
М. Багдановіч

… Крычаў і маліўся, стагнаў і спяваў,
Каб кроў мужыка не лілася на росы;
Ён сонца выворваў,
З магілы ўставаў,
Каб толькі ўбачыць у шчасці народ свой.
П. Панчанка

Якія вобразныя сродкі выкарыстаны ў паэтычных радках? Якую мастацкую «нагрузку» яны выконваюць?

Практыкаванне 18

Чым адрозніваецца дыялог у мастацкім тэксце ад дыялогу ва ўласна гутарковым маўленні? Як «прысутнасць» аўтара адбіваецца на характары дыялогу ў мастацкім творы?

Адзін аўцюковец вельмі бедаваў: сыну пяты год, а ён не гаворыць. Аднойчы сядзяць у хаце, а ў печы бульба варыцца. Раптам сын, які не ўмеў гаварыць, крычыць:
— Бульба згарэла!
Бацькі кінуліся да печы і бачаць: агонь выпарыў з чыгуна ўсю ваду, паліць клубні. Падбягаюць да дзіцяці:
— Сыночак, родненькі, а чаму ж ты так доўга маўчаў?
— Дагэтуль бульба ніколі не падгарала...
Ці не так і ў дарослым жыцці? Толькі тады пазнаём бяду, калі яна пераступае парог. Толькі тады пачынаем разумець чалавека, калі ён у адчаі крычыць...

Гудзе сход у Аўцюках: абмяркоўваюць ход пасяўной. Старшыня нечакана падымае трактарыста і просіць выступіць:
— Іван, скажы, што думаеш.
Маўчыць Іван. А сход пачынае шумець. Старшыня нервуецца:
— Давай, не цягні ката за хвост.
Урэшце Іван азваўся:
— Міхайлавіч, думкі пруць, а слоў няма, — сказаў і прысеў.
Сход хіхікнуў, і чамусьці ўсе запляскалі ў ладкі (У. Ліпскі).

Практыкаванне 19

Дапоўніце выказванні. Устаўце на месцы пропускаў назву адпаведнага стылю.

1. ... стыль — гэта стыль дзяржаўных дакументаў, указаў, законаў і кодэксаў.
2. ... стыль характарызуецца аб’ектыўнасцю, лаканічнасцю выкладу, інфармацыйнай насычанасцю, ужываннем слоў-тэрмінаў.
3. Галоўнае адрозненне ... стылю ад іншых у тым, што яго моўныя сродкі разлічаны не толькі на паведамленне, перадачу пэўнай інфармацыі, але і на эмацыянальнае ўздзеянне.
4. Асноўная асаблівасць ... стылю — гэта адзінства камунікатыўнай і эстэтычнай функцый.
5. У ... стылі вялікую ролю адыгрываюць жэсты, міміка, поза як сродак зносін, інтанацыя.

Практыкаванне 20

Устанавіце адпаведнасць паміж стылямі і прыведзенымі прыметамі.

1. Навуковы
2. Афіцыйны
3. Публіцыстычны
4. Мастацкі
5. Гутарковы

А. Спалучэнне дакладнай інфармацыі і эмацыянальнага ўздзеяння на слухача (чытача).
Б. Інфармацыйнасць, аб’ектыўнасць, лагічнасць, аргументаванасць.
В. Адназначнасць, недвухсэнсоўнасць фармулёвак, устойлівасць, стандартызаванасць формы.
Г. Неафіцыйнасць, нязмушанасць зносін, непадрыхтаванасць маўлення.
Д. Эстэтычная значнасць выкарыстаных сродкаў, індывідуальнасць, самабытнасць, вобразнасць слова.

Практыкаванне 21

Вызначце, для якіх стыляў маўлення характэрна выкарыстанне наступных слоў і выразаў.

1. Безадкладна, ніжэйназваны, наяўнасць, паведамленне, абанент, адказчык, выпіска з загада, ажыццяўляць кіраўніцтва.
2. Аналіз, сінтэз, эксперымент, пошук, вывады, абагульненне фактаў, прыйсці да высновы, факты пацвярджаюць.
3. Грамадства, сацыяльны заказ, прагрэсіўнае чалавецтва, агульначалавечыя каштоўнасці, мараль.
4. Браток, суседачка, гразюка, лухтá, вушы вянуць, капрызуля, зубы загаворваць, залікоўка.
5. Ветразь, анёл, аснежыць, веснавей, пясняр, бáрва.