*§ 2-5. Мастацкі стыль

Мастацкі стыль

Мэта мастацкага стылю — абслугоўваць эстэтычную сферу зносін, задавальняць духоўныя патрэбы жыцця грамадства.
Мастацкі стыль змяшчае ўсе разрады лексікі (нейтральныя, кніжныя, публіцыстычныя, гутарковыя, дыялектныя, жаргонныя, паэтычныя словы). Усе моўныя сродкі ў мастацкім творы набываюць эстэтычную значнасць, падпарадкоўваюцца задуме пісьменніка. Наяўнасць агульных рыс розных стыляў у мове мастацкіх твораў не выключае, а мае на ўвазе індывідуальнасць, самабытнасць слова пісьменніка-творцы, які здольны «перавесці» бязвобразныя словы ў сферу мастацкага бачання, мастацкага абагульнення.
Мастацкі тэкст — складаная поліфанічная сістэма, якая патрабуе ўважлівых адносін да слова, разумення яго эстэтычнай значнасці. Даследчыкі вылучаюць у мастацкім творы тры разнавіднасці інфармацыі. Фактуальная інфармацыя складае паверхневы, знешні ўзровень мастацкага тэксту. Яна ўключае апісанне фактаў, падзей, учынкаў герояў. Аднак мастацкі тэкст не вычэрпваецца сюжэтнай лініяй. Ён перадае сістэму поглядаў, пазіцый, ацэнак пісьменніка, яго светабачанне. Гэта і ёсць канцэптуальная інфармацыя. Не менш важную ролю адыгрывае пазатэкставая інфармацыя, якая высвечвае сэнс твора, яго маральныя праблемы, каштоўнасныя арыенціры. Навучыцца «бачыць» падтэкставую інфармацыю дапамагаюць парадак слоў, інтанацыя, мастацкая дэталь, ключавыя словы.
Спасціжэнне твора падразумявае ўменне адчуваць вобразнасць, самабытнасць мастацкага слова, разумець аўтарскі стыль, разважаць над пытаннямі, якія хвалююць пісьменніка.