*§ 2-5. Мастацкі стыль

Практыкаванне 16-3

Прачытайце верш. Параўнайце навуковае (у эпіграфе) і мастацкае (у вершы) апісанне прадмета. Дакажыце, што мастацкаму апісанню таксама характэрна дакладнасць.

Вада

Вада — бясколерная, празрыстая вадкасць без паху і смаку.
З даведнікаў

Хто сказаў — вада без паху?
Хто сказаў — вада без смаку?
Той, відаць, не смяг* у спёку
І ад смагі ў суш не млеў.

Той, відаць, вадой не трызніў,
Не хапаў яе ў жмені*
Калі боязна рассыпаць
Нават кропельку ў траву.

Той, відаць, не поўз пустыняй,
Не ўсыхаў у акіяне —
Калі пахі ўсе і смакі
У глытку пітной вады.

У глытку, што, як дажджынка,
У глытку, што, як расінка,
На лістку, бы на далоні,
Гэтак зманліва* дрыжыць.

І ўжо ў гэтай нават кроплі
Усе колеры вясёлкі…
Я. Сіпакоў.