*§ 2-5. Мастацкі стыль

Практыкаванне 18

Чым адрозніваецца дыялог у мастацкім тэксце ад дыялогу ва ўласна гутарковым маўленні? Як «прысутнасць» аўтара адбіваецца на характары дыялогу ў мастацкім творы?

Адзін аўцюковец вельмі бедаваў: сыну пяты год, а ён не гаворыць. Аднойчы сядзяць у хаце, а ў печы бульба варыцца. Раптам сын, які не ўмеў гаварыць, крычыць:
— Бульба згарэла!
Бацькі кінуліся да печы і бачаць: агонь выпарыў з чыгуна ўсю ваду, паліць клубні. Падбягаюць да дзіцяці:
— Сыночак, родненькі, а чаму ж ты так доўга маўчаў?
— Дагэтуль бульба ніколі не падгарала...
Ці не так і ў дарослым жыцці? Толькі тады пазнаём бяду, калі яна пераступае парог. Толькі тады пачынаем разумець чалавека, калі ён у адчаі крычыць...

Гудзе сход у Аўцюках: абмяркоўваюць ход пасяўной. Старшыня нечакана падымае трактарыста і просіць выступіць:
— Іван, скажы, што думаеш.
Маўчыць Іван. А сход пачынае шумець. Старшыня нервуецца:
— Давай, не цягні ката за хвост.
Урэшце Іван азваўся:
— Міхайлавіч, думкі пруць, а слоў няма, — сказаў і прысеў.
Сход хіхікнуў, і чамусьці ўсе запляскалі ў ладкі (У. Ліпскі).