§ 16. Ужыванне складаных сінтаксічных канструкцый у тэкстах розных тыпаў, стыляў і жанраў

Практыкаванне 229

Прачытайце тэкст, акрэсліце яго стыль. Вызначаючы стыль, разважайце па схеме: гэты тэкст не адносіцца да навуковага стылю, паколькі...; тэкст не належыць да мастацкага стылю, бо ў ім...; стыль тэксту нельга кваліфікаваць як афіцыйны, таму што...; стыль гэтага тэксту — ..., доказам служаць наступныя лексічныя, марфалагічныя і сінтаксічныя асаблівасці...

Праехаць з ветрыкам. На веласіпедзе

Эксперты падлічылі, што ў сучасных гарадах і прамысловых цэнтрах доля аўтатранспарту ў забруджванні навакольнага асяроддзя складае 70 %. Гэта адна з самых сур’ёзных экалагічных праблем, якія суправаджаюць урбанізацыю*. Сярод варыянтаў рашэння праблемы — стварэнне ўмоў для развіцця веларуху. Веласіпед у сучасным «зялёным» горадзе — гэта мабільнасць, бяспека, здаровы лад жыцця і чыстае паветра. Прыемна, што ўсё большая колькасць жыхароў Беларусі ў апошнія гады свядома выбіраюць новы від транспарту.
Прадстаўнікі праекта «Зялёныя гарады» лічаць, што адно з неадкладных мерапрыемстваў — гэта развіццё веласіпеднай інфраструктуры ў гарадах і пасёлках. На жаль, са сродкаў перамяшчэння на першым месцы — аўтамабіль. Тым не менш па ініцыятыве дзяржаўтаінспекцыі пры МУС Беларусі была зацверджана Канцэпцыя развіцця веласіпеднага руху ў краіне. Згодна з пазіцыяй аўтараў канцэпцыі піраміда сучасных гарадскіх прыярытэтаў павінна мець наступны выгляд (гл. малюнак).
Дзякуючым праекту «Зялёныя гарады» актыўна абнаўляюцца веласіпедныя палосы: раўняюцца шурпатасці, паляпшаецца пакрыццё, ліквідуюцца бар’еры. Праектам прадугледжваецца таксама будаўніцтва спецыяльных пешаходных і веладарожак. Тым больш што тэндэнцыя росту долі паездак на веласіпедах расце (У. Міхайлаў).

Пракаменціруйце піраміду гарадскіх прыярытэтаў. Наколькі яна рэальная на сённяшні дзень?
Растлумачце пастаноўку працяжнікаў у першым абзацы тэксту.
Назавіце і ахарактарызуйце абрэвіятуры, ужытыя ў тэксце.
Патлумачце, чаму ў выдзеленым сказе выказнік мае форму множнага ліку пры дзейніку.
Ці з’яўляецеся вы прыхільнікам веларуху? Чаму? Што вы ведаеце аб праекце Green Cities?
Складзіце і запішыце невялікі тэкст на спартыўную тэму (напрыклад, «Я выбіраю веласіпед як транспартны сродак», «Фехтаванне — спорт будучага пакалення» і інш.) для рознай аўдыторыі, выкарыстоўваючы ў ім звароткі.
Тэкст можа быць адрасаваны: а) сябру; б) бацькам; в) настаўнікам. Раскажыце, як звароткі характарызуюць адрасата і адрасанта.