Печатать книгуПечатать книгу

§ 16. Ужыванне складаных сінтаксічных канструкцый у тэкстах розных тыпаў, стыляў і жанраў

Сайт: Профильное обучение
Курс: Беларуская мова. 11 клас
Книга: § 16. Ужыванне складаных сінтаксічных канструкцый у тэкстах розных тыпаў, стыляў і жанраў
Напечатано:: Гость
Дата: Пятница, 3 Май 2024, 10:45

Практыкаванне 210

Прачытайце тэкст, вызначце і аргументуйце яго стыль і тып. Прапануйце свае назвы да тэксту. Растлумачце знакі прыпынку ў сказах з аднароднымі членамі. Складзіце сказы, каб у іх з дапамогай аднародных членаў раскрываўся характар ба ́цькі і дачкі. Запішыце сказы.

У рытме жніва

Падчас жніва розныя СМІ Беларусі праяўляюць павышаную цікавасць да таго, як праходзіць уборачная кампанія. На старонках цэнтральных газет, адпаведных сайтаў змяшчаюцца фотаздымкі перадавікоў-механізатараў. На жніве працуюць і сямейныя экіпажы, бацькі з сынамі і дочкамі, мужы з жонкамі.
Сямейны экіпаж з Бераставіцкага раёна Гродзенскай вобласці, у якім разам з бацькам працуе дачка-студэнтка, намалаціў больш за тысячу тон збожжа. Віншаванні прымаў вопытны камбайнер Аляксандр Максімік і яго памочніца — 20-гадовая дачка Алена. Для механізатара гэта ўжо дваццатая ўборачная, для яго дачкі — першая. Алена на канікулах, скончыла трэці курс філфака Гродзенскага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.
— Я з дзяцінства прыходзіла да бацькі ў поле — паглядзець, як ён працуе. А ў гэтым годзе нава ́жылася папрацаваць разам з ім. На першым часе было цяжка, — распавядае дзяўчына. — Абавязкаў нямала: падмяніць бацьку, павесіць або зняць жняярку, абслужыць камбайн.
Алена прызнаецца, што вельмі стамлялася. Затое прыйшло разуменне, што хлеб ніколі не бывае лёгкім. Грошы, заробленыя на жніве, яна плануе патраціць на вяселле. Урачыстасць, дарэчы, запланавана на верасень.
Высока ацэньвае дапамогу дачкі і бацька:
— З родным чалавекам заўсёды лягчэй працаваць. Разумеем адно аднаго з паўслова. Ды і дачка актыўная, працавітая, руплівая. Ураджай добры. Бывала, што за дзень намалочвалі па 100 тон. Таму і настрой выдатны. І сэрца радуецца за ўраджай. Будзем з хлебам! (З часопіса «Беларусь»).

Як выдзеленыя сказы раскрываюць характар герояў жніва?
Як вы ставіцеся да такой формы правядзення студэнцкіх канікул?
Уявіце, што на сустрэчу з вашымі аднакласнікамі прыйшла Алена Максімік — студэнтка і памочнік камбайнера. Сфармулюйце пытанні, якія вы задалі ́б Алене. Выкарыстайце сказы з аднароднымі членамі.
Растлумачце пастаноўку працяжніка ў другім абзацы тэксту.
Распрацуйце слоўнікавы артыкул да слова кампанія (для тлумачальнага слоўніка).

Практыкаванне 211

Перакладзіце пабочныя словы і словазлучэнні на беларускую мову. Запішыце толькі тыя, якія характэрныя для навуковага стылю. Растлумачце, з якой мэтай яны ўжываюцца.

Естественно, как правило, кстати, очевидно, возможно, разумеется, во-первых, к сожалению, на мой взгляд, само собой, таким образом, с одной стороны, вероятно, как мне кажется, я убеждён, в шутку говорят, надеюсь, к счастью, на беду, в частности, вы не поверите, между нами говоря, бесспорно, по мнению экспертов, с точки зрения, то есть, иными словами, итак.

З трыма-чатырма беларускамоўнымі пабочнымі словамі складзіце сказы, уласцівыя навуковаму стылю.

Практыкаванне 212

Прачытайце. Ахарактарызуйце сінтаксічныя асаблівасці верша. Якія сінтаксічныя сродкі экспрэсіі выкарыстала паэтэса Еўдакія Лось? Прапануйце свой варыянт загалоўка твора.

Радзіма пачынаецца з двароў,
Дзе журавель тырчыць, нібыта дрэўка.
Радзіма пачынаецца з вятроў,
Што паказалі першую запеўку...
Радзіма пачынаецца з вайны,
Што чвэрць народа некалі скасіла...
Яна — з тае ўсвядомленай цаны,
Што сам дасі лісточку дзівасіла...
Хвалююся. І ведаю, чаго —
Хачу, каб помніў суайчынніксл кожны:
Радзіма пачынаецца з таго,
Што не набыць, а страціць можна.

Растлумачце пастаноўку знакаў прыпынку ў тэксце.
Прадоўжыце думку: «Для мяне Радзіма пачынаецца...».

Практыкаванне 213

Прачытайце. Перадайце змест тэксту, выкарыстоўваючы розныя тыпы складаных сказаў.

У мастацкім стылі выкарыстоўваецца ўсё багацце сінтаксісу беларускай мовы: простыя i складаныя сказы (усе тыпы) з апавядальнай, пытальнай, клічнай i пабуджальнай інтанацыяй; аднародныя члены сказа, зваротак, экспрэсіўнае вылучэнне членаў сказа і інш. Выбар таго ці іншага тыпу сказа вызначаецца кантэкстам, сітуацыяй, асаблівасцямі стылю пісьменніка. Так, дыялогам уласцівы няпоўныя сказы: Там рака глыбокая, і ў ёй — шчупакі (І. Пташнікаў) або сказы з умоўчваннем — незакончаныя канструкцыі для ўзмацнення экспрэсіі: Бывала, у нас там, дома, у гэтую пару... (К. Чорны). Безасабовыя сказы ўжывальныя пры апісанні з’яў прыроды, псіхічнага або фізічнага стану чалавека ці жывой істоты: У той год з вясны вельмі дажджыла (Я. Колас). З дапамогай назыўных сказаў ствараюцца малюнкі прыроды, апісваюцца абстаноўка, прадметы, з’явы, якія ўспрымаюцца наглядна, рэальна: Раніца. Шэрае, нізкае неба (Я. Брыль). Выкарыстоўваюцца пытальныя, пабуджальныя і клічныя сказы як экспрэсіўна-стылістычныя сродкі мовы, што выражаюць эмоцыі чалавека: захапленне, радасць, шкадаванне, смутак, абурэнне, здзіўленне і інш.: З чым жа, маці азёр беларускіх, мог я ў песні цябе параўнаць? (П. Прыходзька). Інверсія надае выказванню дадатковыя сэнсавыя і экспрэсіўныя адценні: акцэнт прыпадае на той член сказа, які стаіць у пачатку ці ў канцы канструкцыі: Над вадою слаўся туманок, рэдкі, празрысты, які знікае адразу, як толькі прагляне сонца (А. Жук).

Паводле А. Пісарэнкі.

Адкажыце на пытанні:
1. Якімі ўмовамі вызначаецца выбар пэўнага тыпу сказа ў мастацкім стылі?
2. Якія сказы характэрны для дыялогу? Чаму?
3. Якая роля безасабовых і назыўных сказаў у мастацкім стылі?
Выпішыце з тэксту складаны сказ з рознымі відамі сувязі частак. Пабудуйце яго схему.

Практыкаванне 214

Прачытайце тэкст. Раскажыце пра сэнсава-стылістычныя магчымасці складаных сказаў. Сфармулюйце і запішыце пытанні да тэксту. Вусна адкажыце на іх.

Усе тыпы складаных сказаў (злучнікавых і бяззлучнікавых) шырока выкарыстоўваюцца ва ўсіх стылях маўлення:
1. З дапамогай складаных сказаў афармляюцца тэксты розных тыпаў і жанраў.
2. Са складаных сказаў арганізуюцца маналагічныя і дыялагічныя тэксты.
3. Складаныя сказы з’яўляюцца сродкам перадачы лагічнай, навуковай інфармацыі. Яны здольны выражаць багаты свет чалавечых пачуццяў і перажыванняў, натуральнасць, дынамізм і жывасць гутарковага маўлення, дакладнасць і адназначнасць афіцыйнай дакументацыі.
4. Складаныя сказы выражаюць спалучальныя, супастаўляльныя, размеркавальныя, прычынна-выніковыя, аб’ектныя, часавыя, прасторавыя і іншыя адносіны ў маўленні.
5. Складаныя сказы выступаюць асновай пабудовы прыказак, афарыстычных выслоўяў (Паводле М. Круталевіча).

Практыкаванне 215

Прачытайце тэкст, вызначце яго стыль і тып. Падбярыце і абгрунтуйце назву тэксту. Выпішыце з тэксту складаны сказ з рознымі відамі сувязі частак.

На сённяшні дзень беларуская мова адыгрывае істотную ролю ў жыцці беларускага грамадства. Разам з тым перспектывы яе далейшага развіцця і функцыянавання ў грамадстве ў многім будуць залежаць ад наступных момантаў:
а) пашырэнне беларускай мовы як рэальнага сродку зносін у найбольш важных сферах грамадскага ўжытку, што будзе садзейнічаць яе прэстыжнасці. Трэба адзначыць наступнае: наспеў час стварэння агульнадзяржаўнай праграмы мер, якія будуць скіраваны на ўмацаванне дзяржаўнага статусу беларускай мовы;
б) стварэнне асновы для пашырэння беларускай мовы ў актыўным ужытку. Для гэтага ёсць перадумовы: не ўсе карыстаюцца беларускай мовай у сваёй паўсядзённай дзейнасці, аднак кожны, хто жыве на тэрыторыі сучаснай Беларусі, фактычна штодзённа атрымлівае тую ці іншую інфармацыю на беларускай мове;
в) дасягненне разумнага кампрамісу паміж прыхільнікамі розных поглядаў на шляхі развіцця беларускай мовы: толькі намаганнямі ўсяго грамадства можна дасягнуць зрухаў, якія будуць мець пазітыўны характар для развіцця духоўнай культуры соцыуму;
г) фарміраванне ў грамадстве мажарытарных* адносін да беларускай мовы як дзяржаўнай мовы краіны.
Сучаснае становішча беларускай мовы ў грамадстве, яе высокія адаптацыйныя магчымасці, заканадаўчы статус даюць падставы для стрыманага аптымізму: у XXI стагоддзі беларуская мова застанецца сродкам камунікацыі, які дазволіць захаваць ёй адметнае месца ў моўным ландшафце Еўропы (Л. Леванцэвіч).

Чаму аўтар называе сваё бачанне праблемы «стрыманым аптымізмам»?
На аснове тэксту стварыце выказванне «Якім я бачу будучыню беларускай мовы». Пастарайцеся выкарыстаць наступную лексіку: істотная роля, перспектывы развіцця, рэальны сродак зносін, актыўны ўжытак, разумны кампраміс, заканадаўчы статус, мажарытарныя адносіны да мовы, духоўная культура соцыуму, пазітыўны характар, моўны ландшафт Еўропы.

Практыкаванне 216

Прадэманструйце багацце складаназалежных сказаў у залежнасці ад таго, якія адносіны паміж галоўнай і даданай часткай падкрэсліваюцца: азначальныя, дапаўняльныя, акалічнасныя (месца, часу, умовы, прычыны, спосабу дзеяння, мэты, уступальныя). Запішыце сказы, вызначце від даданай часткі.

Мне хацелася б прачытаць свой любімы верш (які.., у якім.., што напісаў.., нягледзячы на тое.., пры ўмове.., калі.., з якой мэтай.., як... і г. д.).

Практыкаванне 217

З дапамогай розных тыпаў складаных сказаў раскажыце пра ўласныя правілы паводзін у грамадскім транспарце (у сур’ёзнай або жартаўлівай форме) з выкарыстаннем прапанаваных мадэлей. Прыдумайце назву да малюнка, якая перадавала б вашы адносіны да падобнай сітуацыі.

У грамадскім транспарце я паводжу сябе як...
Еду і бачу малое дзіця, якое плача: я...
Калі я еду ў перапоўненым аўтобусе...
Калі я бачу забытыя кімсьці рэчы...
Калі я сяджу, а побач са мной стаіць жанчына...
Калі нехта ў транспарце вельмі гучна размаўляе...

Практыкаванне 218

Прачытайце. Выпішыце радкі, якія перадаюць асноўную думку верша. Наколькі блізкія вам адносіны У. Караткевіча да роднага краю? Якія пачуцці, думкі выклікае гэты верш у вас?

Дагарэў за брамай небакрай,
Месяц паміж воблачкаў плыве.
Выйду зноў, як у мінулы май,
Басанож прайдуся па траве.
Дымная, сцюдзёная раса,
Цёмныя ў траве ад ног сляды.
А такога рослага аўса
Я не бачыў доўгія гады.
Бач, хмызы спляліся, як павець,
Светлякі мігцяць, гараць святлей.
Перад тым, як звонка ў лозах пець,
Прачышчае горла салавей.
Лашчыцца трава да босых ног,
З дальніх паплавоў плыве ракой
Ледзь прыкметны сумны халадок —
Подых юні ўзыходзячай маёй.
Ціха цмокае ў сне рака,
О, як добра, як прыгожа жыць!
Раска, як русалчына луска,
На вадзе ад месяца гарыць.
А вакол травіцы — росны рай
І бярозак белая сям’я.
Мой чароўны беларускі край,
Бацькаўшчына светлая мая!

Якая роля складаных сказаў у стварэнні пейзажнай замалёўкі, пры перадачы разважанняў, пачуццяў паэта?
Выпішыце складаныя сказы з тэксту, вызначце іх тып, складзіце схемы.
Выпішыце з тэксту просты сказ, зрабіце яго сінтаксічны разбор.

Практыкаванне 219

Прачытайце тэкст. Сфармулюйце яго тэму. У якой ступені яна актуальная для Беларусі? Чаму кожная краіна стараецца прывабліваць турыстаў? Прапануйце свой варыянт вырашэння гэтай праблемы.

Брэнд для Беларусі

Беларусь адкрытая свету. Мы хочам, каб да нас прыязджалі, каб пра нас гаварылі, каб сюды вярталіся. Як гэтага дамагчыся? Спецыялісты прапануюць ствараць і папулярызаваць брэнды Беларусі, якія раскажуць пра яе замежнікам.
Заўважана: выбіраючы маршрут для падарожжа, турысты часта задаюць у пошукавіках не канкрэтную краіну, а вядучыя атракцыі*, напрыклад, актыўны адпачынак, лепшыя пляжы, старажытная архітэктура і г. д.
У Беларусі ёсць што паглядзець: цудоўная прырода, багатая культурная спадчына, развітая спартыўная інфраструктура. Аднак усё гэта павінна быць аб’яднана нейкім адным паняццем або слоганам.
Стварэнне брэнда — малая частка вялікай работы ў плане развіцця турыстычнага патоку. Важна выбраць правільны шлях для яго папулярызацыі. І стандартныя метады ў гэтым выпадку не падыдуць. Білборды, плакаты ў аэрапорце і нават рэклама па тэлебачанні — усё гэта мінулы век. Краіны з вялікім патокам турыстаў займаюцца ў першую чаргу анлайн-маркетынгам, выкарыстоўваючы папулярныя платформы.
Зрэшты, пэўнымі поспехамі беларусы могуць пахваліцца. У нас паспяхова дзейнічае свой аналаг booking.com — партал VETLIVA, які дае магчымасць не толькі даведацца пра нашу краіну, але і браніраваць турыстычныя паслугі ў любы час і з любога пункта свету.
Вялікая роля ў папулярызацыі брэнда сёння належыць таксама сацыяльным сеткам. Многія краіны для папулярызацыі нацыянальнага брэнда звяртаюцца да знакамітых людзей. Дарэчы, у нас ёсць добры прыклад — брэндзіраванне самалёта «Белавія» беларускай кампаніяй Wargaming, якая з‘яўляецца распрацоўшчыкам сусветна вядомай гульні World of Тanks (Паводле Л. Мінаковай).

Назавіце сказы з пабочнымі словамі.
Зрабіце вусны сінтаксічны разбор простых ускладненых сказаў.
Пабудуйце схемы складаных сказаў з тэксту.
Растлумачце пастаноўку працяжніка ў чацвёртым абзацы тэксту.
Вызначце марфалагічную ролю слова і ў тэксце.
Назавіце правілы, паводле якіх напісаны выдзеленыя словы.
Растлумачце сэнс лагатыпа партала Vetliva.

Практыкаванне 220

Прачытайце тэкст, падбярыце яму назву. Раскажыце пра значнасць свята Дня Незалежнасці для нашай краіны, для кожнага беларуса.

Ёсць шмат добрых традыцый. Напрыклад, паважаць старэйшых, ведаць гісторыю, ганарыцца сучаснасцю. Свята, якое мы адзначаем у ліпені, увасабляе і гэтыя каштоўнасці.сн Трэцяга ліпеня — Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. І хай гэта свята вельмі маладое, але яно сімвалічнае і грунтоўнае, бо Незалежнасць і Суверэннасць — святыя паняцці.
Так, у нас багатая гісторыя — з больш чым тысячагадовым Полацкам, са знакамітымі выхадцамі з тутэйшых* земляў, якія ў былыя часы сталі вядомыя ўсёй Еўропе і свету. І мы ганарымся гэтым. Але нездарма адным з вытокаў свята стала вызваленне беларускай сталіцы ад фашыстаў у гады Вялікай Айчыннай вайны. Гэта была гераічная перамога над нацысцкай чумой з вялікай ахвярнасцю ў імя свабоды.
Жывым увасабленнем свята з’яўляюцца і сівы ветэран, які заўсёды будзе ў сімвалічным страі пераможцаў той вайны, і малады воін, які сёння стаіць на варце Айчыны. Гэта і паспяховы студэнт, і кваліфікаваны спецыяліст, і аўтарытэтны настаўнік. Усе беларусы, каму дарагая Радзіма (Паводле В. Харкова).

Вызначце складаныя сказы, раскажыце пра іх будову, назавіце іх агульныя прыметы.
Растлумачце правапіс вялікай літары ў тэксце.
Вызначце сінтаксічную ролю і ў тэксце.

Практыкаванне 221

Выканайце тэставую работу «Сінтаксічныя нормы».

https://e-vedy.adu.by/mod/quiz/view.php?id=17620

Практыкаванне 222

Прачытайце. На аснове тэксту падрыхтуйце невялікае паведамленне на тэму «Асаблівасці сінтаксісу навуковых тэкстаў».

Перадайце змест тэксту іншым спосабам (з дапамогай плана, тэзісаў, ключавых слоў або табліцы). Раскажыце пра перавагі кожнага са спосабаў падачы інфармацыі.
З улікам прыведзенай інфармацыі прааналізуйце сінтаксічныя асаблівасці тэксту, выбранага вамі з вучэбнага дапаможніка для 11-га класа (па біялогіі, геаграфіі і г. д.).

Практыкаванне 224

Прачытайце тэкст. Сфармулюйце і запішыце пытанні да тэксту, адказы на якія раскрываюць асаблівасці афіцыйнага стылю.

Афіцыйны стыль — сістэма моўных сродкаў, якія выкарыстоўваюцца ў заканадаўчай, юрыдычнай, дыпламатычнай сферах дзейнасці. Афіцыйны стыль маўлення найбольш стандартызаваны і ўніфікаваны.
Для афіцыйнага стылю характэрны адметныя тэматычныя групы. Гэта назвы асоб паводле іх функцыі ў афіцыйных зносінах (абанент, адказчык, сведка); назвы дакументаў (заява, загад, інструкцыя); канцылярызмы (наяўнасць, аднаразовая дапамога, згодна з пастановай).
У гэтым стылі не дапускаецца ўжыванне эмацыянальных, ацэначных і гутарковых слоў. У сувязі з прынятай паслядоўнасцю і дакладнасцю развіцця думкі ў афіцыйнах тэкстах ужываюцца складаныя сказы, у прыватнасці складаназалежныя (Т. Старасценка).

Прывядзіце прыклады стандартызаванасці і ўніфікаванасці тэкстаў афіцыйнага стылю.

Практыкаванне 225

Прачытайце. З дапамогай інтэрнэт-рэсурсаў удакладніце інфармацыю пра колькасць носьбітаў топ-5 сусветных моў на сённяшні дзень. Перадайце змест тэксту з дапамогай лінейнай дыяграмы. Якому спосабу перадачы інфармацыі (вербальнаму/невербальнаму) вы аддаяце перавагу? Чаму?

Мова набывае статус сусветнай, калі на ёй гавораць не менш за 200 мільёнаў чалавек. Паводле даных 2018 года, першых пяць месцаў займаюць: кітайская (больш за мільярд носьбітаў), англійская (больш за 400 мільёнаў), іспанская (больш за 300 мільёнаў), хіндзі (каля 300 мільёнаў), руская (больш за 250 мільёнаў) мовы (Паводле Р. Бунеева).

Выпішыце складаназалежны сказ, пабудуйце яго схему.

Практыкаванне 226

Уважліва прачытайце тэкст, падбярыце яму назву. Вызначце тэму і асноўную думку тэксту. Растлумачце лексічнае значэнне выдзеленых у тэксце слоў. Падрыхтуйцеся да падрабязнага пераказу: падзяліце тэкст на сэнсавыя часткі, складзіце план пераказу. Перакажыце тэкст па плане. Пры гэтым захоўвайце тып зыходнага тэксту, яго кампазіцыйныя, жанравыя і моўныя асаблівасці.
У тэксце размова ідзе ад 1-й асобы адзіночнага ліку (я). Пры пераказе асобу апавядальніка замяняйце словамі мастак, жывапісец, творца, аўтар, майстар, падарожнік, вандроўнік, ён.

У творчасці кожнага мастака абавязкова знойдзецца тэма, якая яго хвалюе больш за іншыя і да якой ён звяртаецца неаднойчы. Для мяне такою невычэрпнаю крыніцаю натхнення з’яўляецца творчасць Якуба Коласа. Дзясяткі маіх карцін, прысвечаных паэме «Новая зямля», трылогіі «На ростанях», ствараліся доўга і няпроста — на працягу 20 гадоў.
Першае маё знаёмства з творамі паэта адбылося ў школе — гэта былі вершы, урыўкі з паэмы «Новая зямля». Моцнае жаданне стаць мастаком яшчэ з маленства падштурхоўвала шмат маляваць, асабліва краявіды, у якіх захапляла патаемнае жыццё прыроды. Можа, таму так лёгка «клаліся на душу» паэтычныя радкі пейзажнай лірыкі Якуба Коласа.
Кожнае лета я праводзіў на Кобрыншчыне, дзе жыла мая бабуля. Вёска знаходзіцца на маляўнічым беразе Мухаўца. Там было многа старых хат, яшчэ можна было на святы бачыць бабулек у прыгожых палескіх строях, чуць песні, якія запа ́лі ў душу назаўсёды. Я рабіў этнаграфічныя замалёўкі. Усё, што нагадвала пра даўніну, мяне вельмі хвалявала. Я адкрываў сваё Палессе, адкрываў радзіму маю і маіх родных.
Там жа, у вёсцы, і прыйшло захапленне трылогіяй «На ростанях», асабліва яе першай часткай «У палескай глушы». Паводле гэтага твора я напісаў нямала карцін, сярод якіх «Люсінскае наваколле», «Ядвіся».
Пра паэму «Новая зямля», якую я прачытаў ужо ў старшых класах школы, мушу сказаць асобна. Гэты твор зрабіў моцны ўплыў на ўсю маю творчасць. Пазней, пасля першага курса мастацкага інстытута, я цвёрда вырашыў напісаць многа-многа карцін, прысвечаных гэтай паэме. З таго часу я пачаў мэтанакіравана вандраваць па сваім Палессі. Цэлымі месяцамі жыў і маляваў у самых розных кутках Брэстчыны і Гомельшчыны, вышукваў адгалоскі даўніны. Многа маляваў бабулек у строях, сівых дзядоў, сялянскія інтэр’еры. Я меркаваў, што ўсё гэта спатрэбіцца, калі буду працаваць над карцінамі, прысвечанымі творчасці Якуба Коласа. Тады ж выканаў шэраг кампазіцый паводле твораў паэта, у якіх імкнуўся перадаць тую атмасферу, якой «дыхалі» героі твораў Якуба Коласа.
Летам распачаў працу, якая доўжылася тры з паловаю гады. За гэты час была створана мастацкая серыя з 23 карцін пад агульнаю назваю «Радзіма Якуба Коласа». Каб кожны дзень бачыць Нёман, пераехаў жыць на многія месяцы ў Смольню. Кожны прыезд у гэтыя чароўныя мясціны — нібыта вяртанне да нечага роднага, добра знаёмага яшчэ з дзяцінства. Ходзіш навакольнымі сцяжынкамі — і ў душы нарастае адчуванне: тут хадзіў сам пясняр. Тут, на беразе Нёмана, нараджаліся неўміручыя радкі Коласавай паэзіі, тут марыў ён пра лепшую долю Бацькаўшчыны.
Я мару пра тое, каб такія ж светлыя, высокія пачуцці, такое ж хваляванне ахоплівала і тых, хто будзе ўглядацца, разглядаць свет маіх карцін. Каб у кожнага, як і пасля прачытання Коласавых радкоў, з’яўлялася жаданне вярнуцца на свой родны бераг, мацнела адчуванне сваёй еднасці з родным кутом, з малой Радзімай, з роднаю Беларуссю (У. Сулкоўскі).

Звярніце ўвагу!
Слова Радзіма ў тэксце У. Сулкоўскага напісана з вялікай літары на аснове наступнага правіла: «Калі агульныя назоўнікі набываюць значэнне ўласнай назвы і выкарыстоўваюцца як стылістычны сродак з мэтай падкрэсліць асаблівыя адносіны да чаго-небудзь, то яны пішуцца з вялікай літары: Радзіма, Айчына, Бацькаўшчына, Чалавек».

Выпішыце назвы карцін мастака У. Сулкоўскага.
Растлумачце правапіс наступных слоў і словазлучэнняў: краявід, пейзаж, звяртаўся неаднойчы, коласаўская тэма, Коласава паэзія, коласаўскія мясціны, Коласавы радкі, Палессе, палескія строі.

Практыкаванне 227

Прачытайце, вызначце тып і стыль тэксту. Паразважайце, чым тлумачыцца багацце розных тыпаў сказаў, выкарыстаных аўтарам.

З вобразамі ракі, вады спрадвеку звязвалі людзі свае ўяўленні пра чалавечае жыццё, пра няўмольнасць часу і яго хуткаплыннасцьсл. Рака была элементам традыцыйнай мадэлі свету, вада з’яўлялася асновай, стрыжнем светабудовы старажытнага чалавека. У славянскай міфалогіі рэкі адухаўляліся, паэты прысвячалі ім казкі, легенды, песні.
І вялікія, і малыя рэкі натхнялі не адно пакаленне беларускіх майстроў слова, былі іх вернымі сябрамі, да якіх яны звярталіся ў хвіліны радасці і смутку, адкуль чэрпаліся сілы і натхненне, дзе знаходзіліся матывы для роздуму.
Не толькі паэты, творцы маюць права на свой вобраз ракі. У кожнага чалавека, які бачыў хоць бы чатыры нашы вялікія ракі, нараджаюцца свае асацыяцыі. «Для мяне, напрыклад, Нёман і Дняпро — найперш рэкі-абаронцы Беларусі. Дзвіна і Прыпяць — вялікія працаўніцы», — піша археолаг Ніна Здановіч.
Нёман па праву з’яўляецца адным з цэнтральных аб’ектаў этнапрасторы нашай Радзімы, і беларуская нёманіяда* налічваес шмат цікавых старонак, прысвечаных гэтай знакавай для ўсіх беларусаў рацэ (Т. Шаршнёва).

Растлумачце пастаноўку знакаў прыпынку ў тэксце.
Выпішыце з тэксту розныя тыпы складаных сказаў (складаназлучаны, бяззлучнікавы, складаназалежны з адной і некалькімі даданымі часткамі), зрабіце іх сінтаксічны разбор.
Зрабіце марфемны, словаўтваральны і марфалагічны разбор ужытага ў тэксце дзеепрыметніка.

Практыкаванне 228

Прачытайце. Ці згодны вы з пазіцыяй аўтара адносна таго, што душою мовы з’яўляецца сінтаксіс? Ці можа, на вашу думку, душа мовы праяўляцца праз лексіку, фразеалогію, інтанацыю, правапіс?

Даследчыкі мовы трапна заўважылі: сінтаксіс — душа мовы.сн Якраз у ім выяўляецца адметнасць спосабаў і сродкаў перадачы думкі, волевыяўлення і пачуцця. Глыбока авалодаць чужою мовай нельга без спасціжэннясл яе сінтаксічнага ладу, пры павярхоўным засваенні найбольш хібаў* якраз у сінтаксісе (П. Сцяцко).

 Стварыце выказванне ў форме сціслага разважання, якое пачынаецца словамі: Душа мовы — ... . Прасачыце, каб выказванне захавала схему: тэзіс — доказ (доказы) — вывады (высновы).

Практыкаванне 229

Прачытайце тэкст, акрэсліце яго стыль. Вызначаючы стыль, разважайце па схеме: гэты тэкст не адносіцца да навуковага стылю, паколькі...; тэкст не належыць да мастацкага стылю, бо ў ім...; стыль тэксту нельга кваліфікаваць як афіцыйны, таму што...; стыль гэтага тэксту — ..., доказам служаць наступныя лексічныя, марфалагічныя і сінтаксічныя асаблівасці...

Праехаць з ветрыкам. На веласіпедзе

Эксперты падлічылі, што ў сучасных гарадах і прамысловых цэнтрах доля аўтатранспарту ў забруджванні навакольнага асяроддзя складае 70 %. Гэта адна з самых сур’ёзных экалагічных праблем, якія суправаджаюць урбанізацыю*. Сярод варыянтаў рашэння праблемы — стварэнне ўмоў для развіцця веларуху. Веласіпед у сучасным «зялёным» горадзе — гэта мабільнасць, бяспека, здаровы лад жыцця і чыстае паветра. Прыемна, што ўсё большая колькасць жыхароў Беларусі ў апошнія гады свядома выбіраюць новы від транспарту.
Прадстаўнікі праекта «Зялёныя гарады» лічаць, што адно з неадкладных мерапрыемстваў — гэта развіццё веласіпеднай інфраструктуры ў гарадах і пасёлках. На жаль, са сродкаў перамяшчэння на першым месцы — аўтамабіль. Тым не менш па ініцыятыве дзяржаўтаінспекцыі пры МУС Беларусі была зацверджана Канцэпцыя развіцця веласіпеднага руху ў краіне. Згодна з пазіцыяй аўтараў канцэпцыі піраміда сучасных гарадскіх прыярытэтаў павінна мець наступны выгляд (гл. малюнак).
Дзякуючым праекту «Зялёныя гарады» актыўна абнаўляюцца веласіпедныя палосы: раўняюцца шурпатасці, паляпшаецца пакрыццё, ліквідуюцца бар’еры. Праектам прадугледжваецца таксама будаўніцтва спецыяльных пешаходных і веладарожак. Тым больш што тэндэнцыя росту долі паездак на веласіпедах расце (У. Міхайлаў).

Пракаменціруйце піраміду гарадскіх прыярытэтаў. Наколькі яна рэальная на сённяшні дзень?
Растлумачце пастаноўку працяжнікаў у першым абзацы тэксту.
Назавіце і ахарактарызуйце абрэвіятуры, ужытыя ў тэксце.
Патлумачце, чаму ў выдзеленым сказе выказнік мае форму множнага ліку пры дзейніку.
Ці з’яўляецеся вы прыхільнікам веларуху? Чаму? Што вы ведаеце аб праекце Green Cities?
Складзіце і запішыце невялікі тэкст на спартыўную тэму (напрыклад, «Я выбіраю веласіпед як транспартны сродак», «Фехтаванне — спорт будучага пакалення» і інш.) для рознай аўдыторыі, выкарыстоўваючы ў ім звароткі.
Тэкст можа быць адрасаваны: а) сябру; б) бацькам; в) настаўнікам. Раскажыце, як звароткі характарызуюць адрасата і адрасанта.