§ 16. Ужыванне складаных сінтаксічных канструкцый у тэкстах розных тыпаў, стыляў і жанраў

Практыкаванне 210

Прачытайце тэкст, вызначце і аргументуйце яго стыль і тып. Прапануйце свае назвы да тэксту. Растлумачце знакі прыпынку ў сказах з аднароднымі членамі. Складзіце сказы, каб у іх з дапамогай аднародных членаў раскрываўся характар ба ́цькі і дачкі. Запішыце сказы.

У рытме жніва

Падчас жніва розныя СМІ Беларусі праяўляюць павышаную цікавасць да таго, як праходзіць уборачная кампанія. На старонках цэнтральных газет, адпаведных сайтаў змяшчаюцца фотаздымкі перадавікоў-механізатараў. На жніве працуюць і сямейныя экіпажы, бацькі з сынамі і дочкамі, мужы з жонкамі.
Сямейны экіпаж з Бераставіцкага раёна Гродзенскай вобласці, у якім разам з бацькам працуе дачка-студэнтка, намалаціў больш за тысячу тон збожжа. Віншаванні прымаў вопытны камбайнер Аляксандр Максімік і яго памочніца — 20-гадовая дачка Алена. Для механізатара гэта ўжо дваццатая ўборачная, для яго дачкі — першая. Алена на канікулах, скончыла трэці курс філфака Гродзенскага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.
— Я з дзяцінства прыходзіла да бацькі ў поле — паглядзець, як ён працуе. А ў гэтым годзе нава ́жылася папрацаваць разам з ім. На першым часе было цяжка, — распавядае дзяўчына. — Абавязкаў нямала: падмяніць бацьку, павесіць або зняць жняярку, абслужыць камбайн.
Алена прызнаецца, што вельмі стамлялася. Затое прыйшло разуменне, што хлеб ніколі не бывае лёгкім. Грошы, заробленыя на жніве, яна плануе патраціць на вяселле. Урачыстасць, дарэчы, запланавана на верасень.
Высока ацэньвае дапамогу дачкі і бацька:
— З родным чалавекам заўсёды лягчэй працаваць. Разумеем адно аднаго з паўслова. Ды і дачка актыўная, працавітая, руплівая. Ураджай добры. Бывала, што за дзень намалочвалі па 100 тон. Таму і настрой выдатны. І сэрца радуецца за ўраджай. Будзем з хлебам! (З часопіса «Беларусь»).

Як выдзеленыя сказы раскрываюць характар герояў жніва?
Як вы ставіцеся да такой формы правядзення студэнцкіх канікул?
Уявіце, што на сустрэчу з вашымі аднакласнікамі прыйшла Алена Максімік — студэнтка і памочнік камбайнера. Сфармулюйце пытанні, якія вы задалі ́б Алене. Выкарыстайце сказы з аднароднымі членамі.
Растлумачце пастаноўку працяжніка ў другім абзацы тэксту.
Распрацуйце слоўнікавы артыкул да слова кампанія (для тлумачальнага слоўніка).