§ 16. Ужыванне складаных сінтаксічных канструкцый у тэкстах розных тыпаў, стыляў і жанраў

Практыкаванне 226

Уважліва прачытайце тэкст, падбярыце яму назву. Вызначце тэму і асноўную думку тэксту. Растлумачце лексічнае значэнне выдзеленых у тэксце слоў. Падрыхтуйцеся да падрабязнага пераказу: падзяліце тэкст на сэнсавыя часткі, складзіце план пераказу. Перакажыце тэкст па плане. Пры гэтым захоўвайце тып зыходнага тэксту, яго кампазіцыйныя, жанравыя і моўныя асаблівасці.
У тэксце размова ідзе ад 1-й асобы адзіночнага ліку (я). Пры пераказе асобу апавядальніка замяняйце словамі мастак, жывапісец, творца, аўтар, майстар, падарожнік, вандроўнік, ён.

У творчасці кожнага мастака абавязкова знойдзецца тэма, якая яго хвалюе больш за іншыя і да якой ён звяртаецца неаднойчы. Для мяне такою невычэрпнаю крыніцаю натхнення з’яўляецца творчасць Якуба Коласа. Дзясяткі маіх карцін, прысвечаных паэме «Новая зямля», трылогіі «На ростанях», ствараліся доўга і няпроста — на працягу 20 гадоў.
Першае маё знаёмства з творамі паэта адбылося ў школе — гэта былі вершы, урыўкі з паэмы «Новая зямля». Моцнае жаданне стаць мастаком яшчэ з маленства падштурхоўвала шмат маляваць, асабліва краявіды, у якіх захапляла патаемнае жыццё прыроды. Можа, таму так лёгка «клаліся на душу» паэтычныя радкі пейзажнай лірыкі Якуба Коласа.
Кожнае лета я праводзіў на Кобрыншчыне, дзе жыла мая бабуля. Вёска знаходзіцца на маляўнічым беразе Мухаўца. Там было многа старых хат, яшчэ можна было на святы бачыць бабулек у прыгожых палескіх строях, чуць песні, якія запа ́лі ў душу назаўсёды. Я рабіў этнаграфічныя замалёўкі. Усё, што нагадвала пра даўніну, мяне вельмі хвалявала. Я адкрываў сваё Палессе, адкрываў радзіму маю і маіх родных.
Там жа, у вёсцы, і прыйшло захапленне трылогіяй «На ростанях», асабліва яе першай часткай «У палескай глушы». Паводле гэтага твора я напісаў нямала карцін, сярод якіх «Люсінскае наваколле», «Ядвіся».
Пра паэму «Новая зямля», якую я прачытаў ужо ў старшых класах школы, мушу сказаць асобна. Гэты твор зрабіў моцны ўплыў на ўсю маю творчасць. Пазней, пасля першага курса мастацкага інстытута, я цвёрда вырашыў напісаць многа-многа карцін, прысвечаных гэтай паэме. З таго часу я пачаў мэтанакіравана вандраваць па сваім Палессі. Цэлымі месяцамі жыў і маляваў у самых розных кутках Брэстчыны і Гомельшчыны, вышукваў адгалоскі даўніны. Многа маляваў бабулек у строях, сівых дзядоў, сялянскія інтэр’еры. Я меркаваў, што ўсё гэта спатрэбіцца, калі буду працаваць над карцінамі, прысвечанымі творчасці Якуба Коласа. Тады ж выканаў шэраг кампазіцый паводле твораў паэта, у якіх імкнуўся перадаць тую атмасферу, якой «дыхалі» героі твораў Якуба Коласа.
Летам распачаў працу, якая доўжылася тры з паловаю гады. За гэты час была створана мастацкая серыя з 23 карцін пад агульнаю назваю «Радзіма Якуба Коласа». Каб кожны дзень бачыць Нёман, пераехаў жыць на многія месяцы ў Смольню. Кожны прыезд у гэтыя чароўныя мясціны — нібыта вяртанне да нечага роднага, добра знаёмага яшчэ з дзяцінства. Ходзіш навакольнымі сцяжынкамі — і ў душы нарастае адчуванне: тут хадзіў сам пясняр. Тут, на беразе Нёмана, нараджаліся неўміручыя радкі Коласавай паэзіі, тут марыў ён пра лепшую долю Бацькаўшчыны.
Я мару пра тое, каб такія ж светлыя, высокія пачуцці, такое ж хваляванне ахоплівала і тых, хто будзе ўглядацца, разглядаць свет маіх карцін. Каб у кожнага, як і пасля прачытання Коласавых радкоў, з’яўлялася жаданне вярнуцца на свой родны бераг, мацнела адчуванне сваёй еднасці з родным кутом, з малой Радзімай, з роднаю Беларуссю (У. Сулкоўскі).

Звярніце ўвагу!
Слова Радзіма ў тэксце У. Сулкоўскага напісана з вялікай літары на аснове наступнага правіла: «Калі агульныя назоўнікі набываюць значэнне ўласнай назвы і выкарыстоўваюцца як стылістычны сродак з мэтай падкрэсліць асаблівыя адносіны да чаго-небудзь, то яны пішуцца з вялікай літары: Радзіма, Айчына, Бацькаўшчына, Чалавек».

Выпішыце назвы карцін мастака У. Сулкоўскага.
Растлумачце правапіс наступных слоў і словазлучэнняў: краявід, пейзаж, звяртаўся неаднойчы, коласаўская тэма, Коласава паэзія, коласаўскія мясціны, Коласавы радкі, Палессе, палескія строі.