§ 16. Ужыванне складаных сінтаксічных канструкцый у тэкстах розных тыпаў, стыляў і жанраў

Практыкаванне 218

Прачытайце. Выпішыце радкі, якія перадаюць асноўную думку верша. Наколькі блізкія вам адносіны У. Караткевіча да роднага краю? Якія пачуцці, думкі выклікае гэты верш у вас?

Дагарэў за брамай небакрай,
Месяц паміж воблачкаў плыве.
Выйду зноў, як у мінулы май,
Басанож прайдуся па траве.
Дымная, сцюдзёная раса,
Цёмныя ў траве ад ног сляды.
А такога рослага аўса
Я не бачыў доўгія гады.
Бач, хмызы спляліся, як павець,
Светлякі мігцяць, гараць святлей.
Перад тым, як звонка ў лозах пець,
Прачышчае горла салавей.
Лашчыцца трава да босых ног,
З дальніх паплавоў плыве ракой
Ледзь прыкметны сумны халадок —
Подых юні ўзыходзячай маёй.
Ціха цмокае ў сне рака,
О, як добра, як прыгожа жыць!
Раска, як русалчына луска,
На вадзе ад месяца гарыць.
А вакол травіцы — росны рай
І бярозак белая сям’я.
Мой чароўны беларускі край,
Бацькаўшчына светлая мая!

Якая роля складаных сказаў у стварэнні пейзажнай замалёўкі, пры перадачы разважанняў, пачуццяў паэта?
Выпішыце складаныя сказы з тэксту, вызначце іх тып, складзіце схемы.
Выпішыце з тэксту просты сказ, зрабіце яго сінтаксічны разбор.