§ 16. Ужыванне складаных сінтаксічных канструкцый у тэкстах розных тыпаў, стыляў і жанраў

Практыкаванне 215

Прачытайце тэкст, вызначце яго стыль і тып. Падбярыце і абгрунтуйце назву тэксту. Выпішыце з тэксту складаны сказ з рознымі відамі сувязі частак.

На сённяшні дзень беларуская мова адыгрывае істотную ролю ў жыцці беларускага грамадства. Разам з тым перспектывы яе далейшага развіцця і функцыянавання ў грамадстве ў многім будуць залежаць ад наступных момантаў:
а) пашырэнне беларускай мовы як рэальнага сродку зносін у найбольш важных сферах грамадскага ўжытку, што будзе садзейнічаць яе прэстыжнасці. Трэба адзначыць наступнае: наспеў час стварэння агульнадзяржаўнай праграмы мер, якія будуць скіраваны на ўмацаванне дзяржаўнага статусу беларускай мовы;
б) стварэнне асновы для пашырэння беларускай мовы ў актыўным ужытку. Для гэтага ёсць перадумовы: не ўсе карыстаюцца беларускай мовай у сваёй паўсядзённай дзейнасці, аднак кожны, хто жыве на тэрыторыі сучаснай Беларусі, фактычна штодзённа атрымлівае тую ці іншую інфармацыю на беларускай мове;
в) дасягненне разумнага кампрамісу паміж прыхільнікамі розных поглядаў на шляхі развіцця беларускай мовы: толькі намаганнямі ўсяго грамадства можна дасягнуць зрухаў, якія будуць мець пазітыўны характар для развіцця духоўнай культуры соцыуму;
г) фарміраванне ў грамадстве мажарытарных* адносін да беларускай мовы як дзяржаўнай мовы краіны.
Сучаснае становішча беларускай мовы ў грамадстве, яе высокія адаптацыйныя магчымасці, заканадаўчы статус даюць падставы для стрыманага аптымізму: у XXI стагоддзі беларуская мова застанецца сродкам камунікацыі, які дазволіць захаваць ёй адметнае месца ў моўным ландшафце Еўропы (Л. Леванцэвіч).

Чаму аўтар называе сваё бачанне праблемы «стрыманым аптымізмам»?
На аснове тэксту стварыце выказванне «Якім я бачу будучыню беларускай мовы». Пастарайцеся выкарыстаць наступную лексіку: істотная роля, перспектывы развіцця, рэальны сродак зносін, актыўны ўжытак, разумны кампраміс, заканадаўчы статус, мажарытарныя адносіны да мовы, духоўная культура соцыуму, пазітыўны характар, моўны ландшафт Еўропы.