§ 16. Ужыванне складаных сінтаксічных канструкцый у тэкстах розных тыпаў, стыляў і жанраў

Практыкаванне 213

Прачытайце. Перадайце змест тэксту, выкарыстоўваючы розныя тыпы складаных сказаў.

У мастацкім стылі выкарыстоўваецца ўсё багацце сінтаксісу беларускай мовы: простыя i складаныя сказы (усе тыпы) з апавядальнай, пытальнай, клічнай i пабуджальнай інтанацыяй; аднародныя члены сказа, зваротак, экспрэсіўнае вылучэнне членаў сказа і інш. Выбар таго ці іншага тыпу сказа вызначаецца кантэкстам, сітуацыяй, асаблівасцямі стылю пісьменніка. Так, дыялогам уласцівы няпоўныя сказы: Там рака глыбокая, і ў ёй — шчупакі (І. Пташнікаў) або сказы з умоўчваннем — незакончаныя канструкцыі для ўзмацнення экспрэсіі: Бывала, у нас там, дома, у гэтую пару... (К. Чорны). Безасабовыя сказы ўжывальныя пры апісанні з’яў прыроды, псіхічнага або фізічнага стану чалавека ці жывой істоты: У той год з вясны вельмі дажджыла (Я. Колас). З дапамогай назыўных сказаў ствараюцца малюнкі прыроды, апісваюцца абстаноўка, прадметы, з’явы, якія ўспрымаюцца наглядна, рэальна: Раніца. Шэрае, нізкае неба (Я. Брыль). Выкарыстоўваюцца пытальныя, пабуджальныя і клічныя сказы як экспрэсіўна-стылістычныя сродкі мовы, што выражаюць эмоцыі чалавека: захапленне, радасць, шкадаванне, смутак, абурэнне, здзіўленне і інш.: З чым жа, маці азёр беларускіх, мог я ў песні цябе параўнаць? (П. Прыходзька). Інверсія надае выказванню дадатковыя сэнсавыя і экспрэсіўныя адценні: акцэнт прыпадае на той член сказа, які стаіць у пачатку ці ў канцы канструкцыі: Над вадою слаўся туманок, рэдкі, празрысты, які знікае адразу, як толькі прагляне сонца (А. Жук).

Паводле А. Пісарэнкі.

Адкажыце на пытанні:
1. Якімі ўмовамі вызначаецца выбар пэўнага тыпу сказа ў мастацкім стылі?
2. Якія сказы характэрны для дыялогу? Чаму?
3. Якая роля безасабовых і назыўных сказаў у мастацкім стылі?
Выпішыце з тэксту складаны сказ з рознымі відамі сувязі частак. Пабудуйце яго схему.