§ 9. Правілы пабудовы сказаў з пабочнымі і ўстаўнымі канструкцыямі, знакі прыпынку

Практыкаванне 131

Вызначце, да якога стылю належыць наступны тэкст. Дакажыце сваё меркаванне, выкарыстоўваючы пабочныя словы.

У друку, у вусных выказваннях нярэдка сустракаюцца памылкі, звязаныя з ужываннем прыметнікаў, суадносных са словам кветка. Трэба памятаць, што кветачны — прыгатаваны з кветак: кветачны адэкалон, кветачны чай. Кветкавы — які мае адносіны да кветкі, прызначаны для кветак: кветкавы кіёск, кветкавы дыван, кветкавы магазін, кветкавая выстаўка. Пра луг, усеяны кветкамі, мы гаворым квяцісты. Квяцісты — гэта яшчэ і з узорам у кветкі, яркі, каляровы: квяцісты дыван, квяцістая сукенка. Квяцістай (вядома, у пераносным сэнсе) можна назваць і афіцыйную прамову — залішне напышлівую, насычаную метафарамі і рытарычнымі пытаннямі.
Слова кветка ўваходзіць у склад вялікай колькасці ўстойлівых спалучэнняў слоў. Кветкі з чужых палёў! — абурана скажа даследчык літаратуры, калі заўважыць у творы, які збіраецца рэцэнзаваць, запазычаныя ў іншых аўтараў матывы, думкі, нават вобразы і сінтаксічныя канструкцыі. Калі хочуць падкрэсліць, што нейкі непрыемны выпадак толькі пачатак непрыемнасцей, то кажуць: гэта яшчэ толькі кветачкі! У педагагічнай літаратуры можна сустрэць устойлівы выраз цвісці павінны ўсе кветкі. Гэта азначае, што кожнае дзіця мае здольнасці, закладзеныя прыродай (М. Сянкевіч).

Выпішыце з тэксту просты ўскладнены сказ. Зрабіце яго сінтаксічны разбор.