§ 9. Правілы пабудовы сказаў з пабочнымі і ўстаўнымі канструкцыямі, знакі прыпынку

Сказы з пабочнымі словамі

Сказы з пабочнымі словамі маюць разнастайнае прызначэнне. Яны могуць указваць на пэўнасць або няпэўнасць паведамлення, даваць яму эмацыянальную ацэнку, характарызаваць стыль, экспрэсію маўлення, указваць на суадносіны паміж часткамі выказвання.
Пабочныя канструкцыі (словы, словазлучэнні, сказы) стылістычна разнародныя, яны шырока распаўсюджаны ў кніжных і гутарковым стылях. У мастацкай літаратуры канструкцыі выкарыстоўваюцца як выразны сродак для стварэння маўленчых характарыстык персанажаў. Навуковаму і афіцыйнаму стылям уласцівы пабочныя словы, словазлучэнні і сказы, якія выражаюць лагічныя сувязі і адносіны паміж кампанентамі выказвання, указваюць на паслядоўнасць выкладу думак.
Злоўжываць сказамі з пабочнымі словамі не трэба. Ужытыя недарэчы, яны могуць выклікаць наступныя памылкі:
• няправільны выбар пабочнага слова: Дзяўчынкі з надзеяй ўглядаліся ў цемру: напэўна, з’явіцца знаёмая фігура;
• выкарыстанне лішніх пабочных слоў: Можа быць, яны ведалі, што іх любяць і чакаюць дома;
• ужыванне пабочных слоў (словазлучэнняў), якія ствараюць двухсэнсоўнасць выказвання: Па словах рыбакоў, ноччу быў шторм, а цяпер спакойна;
• выкарыстанне пабочнага сказа як самастойнага: Кнігі — крыніца ведаў. Як лічаць многія.