Печатать книгуПечатать книгу

§ 9. Правілы пабудовы сказаў з пабочнымі і ўстаўнымі канструкцыямі, знакі прыпынку

Сайт: Профильное обучение
Курс: Беларуская мова. 11 клас
Книга: § 9. Правілы пабудовы сказаў з пабочнымі і ўстаўнымі канструкцыямі, знакі прыпынку
Напечатано:: Гость
Дата: Понедельник, 29 Апрель 2024, 17:37

Сказы з пабочнымі словамі

Сказы з пабочнымі словамі маюць разнастайнае прызначэнне. Яны могуць указваць на пэўнасць або няпэўнасць паведамлення, даваць яму эмацыянальную ацэнку, характарызаваць стыль, экспрэсію маўлення, указваць на суадносіны паміж часткамі выказвання.
Пабочныя канструкцыі (словы, словазлучэнні, сказы) стылістычна разнародныя, яны шырока распаўсюджаны ў кніжных і гутарковым стылях. У мастацкай літаратуры канструкцыі выкарыстоўваюцца як выразны сродак для стварэння маўленчых характарыстык персанажаў. Навуковаму і афіцыйнаму стылям уласцівы пабочныя словы, словазлучэнні і сказы, якія выражаюць лагічныя сувязі і адносіны паміж кампанентамі выказвання, указваюць на паслядоўнасць выкладу думак.
Злоўжываць сказамі з пабочнымі словамі не трэба. Ужытыя недарэчы, яны могуць выклікаць наступныя памылкі:
• няправільны выбар пабочнага слова: Дзяўчынкі з надзеяй ўглядаліся ў цемру: напэўна, з’явіцца знаёмая фігура;
• выкарыстанне лішніх пабочных слоў: Можа быць, яны ведалі, што іх любяць і чакаюць дома;
• ужыванне пабочных слоў (словазлучэнняў), якія ствараюць двухсэнсоўнасць выказвання: Па словах рыбакоў, ноччу быў шторм, а цяпер спакойна;
• выкарыстанне пабочнага сказа як самастойнага: Кнігі — крыніца ведаў. Як лічаць многія.

Практыкаванне 120

Прачытайце прыклады парамі. Выпішыце сказы з пабочнымі словамі, расстаўляючы, дзе трэба, коскі. Ахарактарызуйце значэнні, якія надаюць сказам пабочныя словы.

1. Здавалася яна [вёска] прырасла навек да зямлі (І. Пташнікаў). І ён, хлапчук, суцішваў свой крок, праходзячы каля ратушы, якая здавалася яму прыстанішчам вечнасці (А. Лойка). 2. Сапраўды ў лесе было ціха і глуха (К. Чорны). Ва ўсёй постаці старога зубра было сапраўды нешта дзікае, лясное, першабытнае (В. Вольскі). 3. З гэтай горкі відаць уся вёска. На дварэ ранак відаць багаты сонцам і росамі (П. Пестрак). 4. Усё здаецца добрым, радасным (І. Мележ). Здаецца проста на вачах збудаваўся, вырас горад (І. Мележ). 5. Сустрэча запланавана была на вечар аднак надвор’е, на жаль, унесла свае папраўкі ў план (Я. Брыль). Пагодлівых дзён і начэй было аднак больш, чым дажджлівых і хмарных (Я. Брыль).

Выпішыце слова, якое адпавядае правілу «Правапіс суфіксаў дзеясловаў -ва- (-ава-, -ява-)». Запішыце 7-10 прыкладаў, суадносных з гэтай арфаграмай.
Вызначце тып складаных сказаў у практыкаванні.
Растлумачце розніцу паміж выразамі на дварэ і на двары.

Практыкаванне 121

Устаўце ў наступныя сказы пабочныя словы, якія выражаюць розныя адносіны таго, хто гаворыць, да зместу выказвання. Карыстайцеся інфармацыяй, прыведзенай у схеме «Сэнсавыя (семантычныя) разрады пабочных слоў». Растлумачце, як змяняецца значэнне сказаў пры гэтым.

1. Дамашняе заданне нескладанае.
2. Паход у тэатр будзе цікавы.
3. Экзамен здалі добра.

Практыкаванне 122

Уявіце наступную сітуацыю: вам трэба малодшаму брату (сястры) даказаць, што пісьменнасць чалавека — вынік уласнай сістэматычнай працы. З дапамогай пабочных слоў, што падкрэсліваюць лагічныя адносіны паміж часткамі (гл. даведку), стварыце адпаведнае выказванне. Можна выкарыстаць наступныя парады.

1. Трэба ўважліва слухаць тлумачэнне правіла на ўроку.
2. Варта імкнуцца зразумець змест правіла, яго логіку, скарыстаныя тэрміны.
3. Трэба прыводзіць прыклады на вывучанае правіла, звяртаць увагу на правапіс і граматыку.
4. Неабходна паўтараць, запамінаць правіла.
5. Пажадана змест правіла ўзнаўляць з дапамогай схемы, скарочанага запісу.

Д л я  д а в е д к і: па-першае, па-другое, па-трэцяе, значыць, нарэшце, напрыклад, у прыватнасці, між іншым, дарэчы, заўважым, падкрэслім, да таго ж, акрамя таго, аднак, наадварот, такім чынам, адным словам, падводзячы вынікі, наогул, як я ўжо сказаў (сказала).

Практыкаванне 123

 Дапоўніце тэкст.

Пабочныя словы, словазлучэнні, сказы выдзяляюцца ... .
Калі пабочныя словы ідуць адно за адным, то яны ... .
Калі пабочнае слова стаіць перад адасобленым членам сказа, то ... .
Калі пабочнае слова стаіць пасля злучніка, які звязвае члены сказа або часткі складанага сказа, то ... .
Злучнік а не аддзяляецца ад пабочных канструкцый, калі ... .
Узмацняльная часціца і перад пабочнымі канструкцыямі ... .
Устаўныя канструкцыі на пісьме ... .

Практыкаванне 124

Прачытайце тэкст. Замест шматкроп’я ўстаўце пабочныя словы (карыстайцеся даведкай). Якія адносіны да зместу выказвання выражаюць пабочныя словы? Спішыце тэкст, устаўляючы ў словы патрэбныя літары і ставячы, дзе патрэбна, знакі прыпынку.

Камп’ют..р усё больш уваходзіць у наша жыццё. Відавочна што цесныя «кантакты» з ім могуць быць (не)б..спечнымі для здароўя калі не прытрымлівацца ..лементарных правіл. ... памяшканне дзе знаходзіцца камп’ют..р павінна быць прасторным з пастаянным абнаўленнем паветра а мінімальная пло..ча для манітора павінна складаць 9-10 кв. метраў. ... адлегласць ад вачэй да манітор.. не павінна быць меншай за 50 см, аптымальна адлегласць выц..гнутай рукі. ... нельга працаваць за камп’ют..рам у цёмным або (паў)цёмным памяшканні. Рабоча.. месца таксама павінна а..павядаць пэўным патрабаванн..м. ... мышка павінна знаходзіцца на адным узроўн.. з клаві..турай а клаві..тура крыху вышэй за ўзров..нь сцёгнаў інакш стом..цца рукі. ... запале ́нчыя і дыстрафічныя захворванні суставаў праф..сійная хвароба камп’ют..ршчыкаў. ... трэба пам..таць камп’ют..р моцная крыніца электрамагнітнага поля таму пасля кожных 45-50 хвілін працы варта рабіць 10-хвілінны п..рапынак і праветр..ваць памяшканне (З часопіса «Беларусь»).

Д л я  д а в е д к і: па-другое, між іншым, па-першае, акрамя таго, да таго ж, у прыватнасці.

Выпішыце складаны сказ з рознымі відамі сувязі. Пабудуйце яго схему.

Знакі прыпынку ў сказах з пабочнымі і ўстаўнымі канструкцыямі

Пабочныя словы, словазлучэнні, сказы вымаўляюцца паніжаным тонам і больш хуткім тэмпам, выдзяляюцца невялікімі інтанацыйнымі паўзамі, а на пісьме — коскамі.
К о с к а м і  в ы д з я л я ю ц ц а пабочныя словы, словазлучэнні, сказы, якія стаяць у сярэдзіне або ў пачатку сказа і перадаюць эмацыянальную ацэнку фактаў рэчаіснасці, пачуццёвую рэакцыю на факты, пра якія гаворыцца ў сказе, паказваюць на крыніцу паведамлення, прыналежнасць выказанай думкі, выражаюць адносіны таго, хто гаворыць, да слухача і да т. п.: Вялікае, кажуць, добра бачыцца на адлегласці (М. Калачынскі); Я, скажу шчыра, спалохаўся (А. Асіпенка).
Заўвага. Ад пабочных слоў неабходна адрозніваць словы, якія ўжываюцца ў ролі часціцы або прыслоўя. Яны к о с к а м і  н е  в ы д з я л я ю ц ц а: Можа пайсці на секцыю па валейболе? Усталявалася цёплае надвор’е, ужо напэўна прыляцяць буслы. Параўн.: Ці пайсці на секцыю па валейболе? Усталявалася цёплае надвор’е, ужо дакладна прыляцяць буслы.
К о с к а й  р а з д з я л я ю ц ц а пабочныя словы, словазлучэнні і сказы, калі яны ідуць адно за адным: Само сабой, канечне, паехалі яны ў лес (Я. Колас); Адным словам, на нашу агульную думку, усе мы ўчатырох былі добрымі хлопцамі (І. Навуменка).
Пабочныя словы, словазлучэнні і сказы аддзяляюцца коскамі ад папярэдніх злучнікаў, якія звязваюць члены сказа або часткі складанага сказа: Сосны вымкнуць угару, як свечкі, сонца вершаліны ім прыпаліць, і, здаецца, так стаяць ім вечнасць — толькі б перад бураю ўстаялі! (А. Зэкаў).
Калі злучнік а ўтварае адно цэлае з наступнай пабочнай канструкцыяй (словам, словазлучэннем, сказам), то ён н е  а д д з я л я е ц ц а ад гэтай канструкцыі коскай: а можа, а магчыма, а значыцца, а між іншым, а па-другое: Іншыя гарады складваліся, раслі дзясяткамі, а можа, і сотнямі год (Т. Хадкевіч); Па-першае, трэба забяспечыць людзей усім неабходным інвентаром, а па-другое, арганізаваць дастаўку ў поле гарачай ежы. Параўн.: Не год, а, магчыма, два прайшло з нашай апошняй сустрэчы.
К о с к а й  н е  а д д з я л я е ц ц а ад пабочных канструкцый узмацняльная часціца і: І сапраўды, гэта не кепская думка! (Я. Колас).
В ы д з я л я ю ц ц а  п р а ц я ж н і к а м і  або  б я р у ц ц а  ў  д у ж к і ўстаўныя канструкцыі, якія служаць у якасці тлумачэнняў, заўваг, дадатковых звестак, удакладненняў да асноўнага сказа: Я першы раз быў у горадзе, і Мазыр — хоць гэта горад і не надта вялікі — зрабіў на мяне надзвычайнае ўражанне (І. Навуменка); Асвейскае возера (пасля Нарачы яно — другое па велічыні) кожнаму вандроўніку запомніцца самым буйным востравам Беларусі (У. Ягоўдзік).
Заўвага. Перад закрывальнай дужкай пасля ўстаўной канструкцыі ставяцца знакі прыпынку, якія патрабуюцца кантэкстам (клічнік, пытальнік або шматкроп’е): Ніколі не спадзяваўся, што мае ногі яшчэ здольны на такі марафон (з Гродна да Мастоў — 63 км!) (А. Карпюк); Прыемнае адчуванне з’яўляецца (ці няпраўда?), калі закончыш усе справы своечасова.
Калі ўстаўная канструкцыя, якая выдзяляецца працяжнікамі, знаходзіцца паміж часткамі, дзе павінна ставіцца коска, або калі ў канцы ўстаўной канструкцыі ёсць гэты знак прыпынку, то коска спалучаецца з працяжнікам і ставіцца перад другім працяжнікам: У кнігах, што прынёс бібліятэкар — іх было дзесяць, — мы спадзяваліся знайсці патрэбную для даклада інфармацыю.

Практыкаванне 125

Прачытайце сказы, захоўваючы правільную інтанацыю. Спішыце, раскрываючы дужкі, устаўляючы прапушчаныя літары і ставячы патрэбныя знакі прыпынку.

1. Ды (н..)калі смутак мой згубіцца ў змроку канец мае ўсё ў гэтым грэшным жыцці (В. Дэбіш). 2. Ён падтрымліваў мае прапановы а значыць і клас падтрымліваў іх (Э. Луканскі). 3. Назва Міёры ці гістарычны варыянт Мёры (н..)звычайная і нават экзатычная для Беларусі (А. Яфімаў). 4. Калі забрала сястра да сябе маці гэта здарылася амаль адразу пасля таго як ён паступіў ва ўніверсітэт у Ленінградзе бываць у вёсцы яму (н..)выпадала (У. Гаўрыловіч). 5. Можа павячэраеце? (І. Гурскі). 6. «Шэрым» ён называў Свідэрскага (па)першае за тое што той звычайна апранаўся (н..)ярка (па)другое паўсюль імкнуўся трымацца (н..)прыкметна (па)трэцяе (н..)колі (н..)чога пра сябе (н..)распавядаў і (па)чацвёртае па аналогіі з імем Сяргей (Я. Конеў). 7. Лес атрасаў з сябе счарнеласцьф святлеў і здаецца на вачах дужэў харашэў напаўняўся галасамі сваіх насельнікаў (У. Ліпскі). 8. Размова аднак (н..)клеілася (З. Прыгодзіч).

Практыкаванне 126

Прачытайце тэкст. Чаму свята апошняга званка чакаюць не толькі выпускнікі? Што выражаюць пабочныя словы ў тэксце? Спішыце, раскрываючы дужкі. Пастаўце, дзе трэба, знакі прыпынку і растлумачце іх пастаноўку.

Свята апошняга званка

Кожны навучальны год у школе завяршаецца гэтым традыцыйным урачыстым мерапрыемствам. І хоць «званок» гэты (па)сапраўднаму апошні толькі для выпускнікоў з (не)цярпеннем чакаюць свята апошняга званка ўсе вучні.сн Бо наперадзе іх чакае лета і самыя доўгія школьныя канікулы.
Праўда саміх выпускнікоў чакаюць ужо (не)канікулы а першыя ў жыцці экзамены...
На свяце апошняга званка заўжды шмат кветак. І вельмі шмат гасцей.
І канечне самы кранальны момант свята — гэта калі для выпускнікоў гучыць іх самы апошні школьны званок. А адбываецца гэта такім чынам: самы рослы вучань выпускнога класа садзіць сабе на плячо каго(сьці) з (перша)класнікаў і так яны разам праходзяць уздоўж шарэнгі вучняў. А (перша)класнік у гэты час з усяе сілы трасе над галавой маленькім званочкам...
Праўда бываюць гады калі сярод вучняў выпускнога класа няма больш(менш) рослых. І тады маленькага (перша)класніка са званочкам проста вядуць за руку...
Але званочак усё роўна звініць. І гэтак жа весела і звонка ён будзе звінець праз тры месяцы першага верасня...
Значыць школьнае жыццё будзе працягвацца далей (Г. Аўласенка).

Практыкаванне 127

Напішыце замалёўку аб святах у вашай школе на тэму «Традыцыі нашай школы» («Свята, якое мне запомнілася», «Памятная дата»), ужываючы сказы з пабочнымі і ўстаўнымі канструкцыямі.

Практыкаванне 128

Прачытайце ўспаміны І. Шамякіна пра І. Мележа. Якім уяўляецца вам І. Мележ? Запішыце тэкст, устаўляючы на месцы пропускаў пабочныя або ўстаўныя канструкцыі з дужак. Што перадаюць пабочныя і ўстаўныя канструкцыі ў тэксце? Пракаменціруйце пунктуацыйнае афармленне ўтвораных сказаў.

У рабоце ... у нас з Мележам часам узнікалі канфлікты, большасць з якіх мы вырашалі самі ці з дапамогай калег (і я лічу гэта зусім натуральна). Мы па-рознаму ставіліся да тых ці іншых праблем, твораў, людзей. Здаралася, што тое, што я лічыў сур’ёзным, Іван Паўлавіч такім не лічыў, ці наадварот. ... ён больш скептычна ставіўся да нашага кіраўнічага тлуму, да шматлікіх пасяджэнняў, пастаноў, якія наўрад ці памагалі творчасці (увогуле). I ён ... ... меў рацыю (як я пераконваюся цяпер; можа позна).

Практыкаванне 129

Прачытайце тэкст. Вызначце яго асноўную думку.

Няскораная Цытадэль

У Музеі абароны Брэсцкай крэпасці захоўваецца копія карціны польскага мастака Марціна Залескага. Яна дае ўяўленне аб тым, як выглядала гэта збудаванне ў яго першапачатковым выглядзе ў 1840 годзе. Цяпер Брэсцкая крэпасць бясспрэчна прыцягвае ўвагу як помнік ваеннай гісторыі дзе перакрыжоўваліся інтарэсы многіх еўрапейскіх дзяржаў і дазваляе меркаваць пра развіццё ваеннага дойлідства сярэдзіны ХІХ стагоддзя.
Пабудаваная на месцы старажытнага Бярэсця ў далейшым — Брэст-Літоўска крэпасць была адкрыта 26 красавіка 1842 года. Узвядзенне ў 1878—1888 гадах ліній фартоў зрабіла крэпасць важным стратэгічным вузлом на заходніх межах Расійскай імперыі. Мадэрнізаваў фарты ў пачатку мінулага стагоддзя ваенны інжынер Дзмітрый Карбышаў. Ядро крэпасці складалася з Цытадэлі, або Цэнтральнага ўмацавання, і трох іншых умацаванняў — Кобрынскага, Цярэспальскага і Валынскага. На тэрыторыі крэпасці размяшчаліся 14 фартоў, 5 абарончых казарм, 21 прамежкавы ахоўны пункт з кальцавой лініяй абароны ў 45 кіламетраў. Не ўсе ўмацаванні і масты захаваліся да нашых дзён. Адлік страт крэпасць вядзе з Першай сусветнай вайны. У жніўні 1914 года Вярхоўнае камандаванне рускай арміі прыняло рашэнне аб эвакуацыі ваеннаслужачых і іх сем’яў, маёмасці, зброі, боепрыпасаў. Асобныя абаронныя збудаванні былі ўзарваны. Істотныя разбурэнні прыпадаюць на перыяд жорсткіх баёў пачатку Вялікай Айчыннай вайны. К таму часу крэпасць страціла сваё значэнне як ваенна-абаронны аб’ект, на яе тэрыторыі знаходзілася каля васьмі тысяч чалавек. На выпадак вайны прадугледжваўся выхад асабовага складу і тэхнікі, для прыкрыцця павінны былі заставацца стралковы батальён і артылерыйскі дывізіён*.
І тым не менш 22 чэрвеня 1941 года чырвонаармейскія казармы і складскія памяшканні ператварыліся ў магутны пункт супраціўлення. Па выбоінах у сценах, абпаленай цэгле, чорным ад агню ствале дрэва, што знаходзіцца ў музеі, можна ўявіць, якой сілы абстрэл абрынуўся на абаронцаў крэпасці. Не вытрымлівалі камяні. Казематы іх налічвалася каля пяцісот былі добра прыстасаваны для вядзення бою. Аднак не ўсе казематы а таўшчыня іх вонкавых сцен дасягала двух метраў захаваліся.
У 1952 годзе ў каземаце паўночна-заходняй часткі Цытадэлі быў знойдзены надпіс «Я паміраю, але не здаюся! Бывай, Радзіма. 20/VII — 41 г.».
Людзі якім даводзілася бываць у Брэсцкай крэпасці і сэрцам дакрануцца да гераічнага мінулага безумоўна праходзілі праз Холмскія і Цярэспальскія вароты. Холмскія вароты лічацца сімвалам крэпасці і Брэста (Паводле А. Капачовай).

Спішыце выдзеленыя сказы, расстаўляючы, дзе патрэбна, знакі прыпынку.
Да якой лексікі паводле сферы ўжывання адносяцца словы форт, казарма, казематы, батальён, дывізіён? Раскрыйце іх значэнні.
Карыстаючыся дадатковай літаратурай або інтэрнэт-рэсурсамі, падрыхтуйце паведамленне пра гераічную абарону Брэсцкай крэпасці або пра Дзмітрыя Карбышава.

Практыкаванне 130

Прачытайце памятку «Як правільна пераказваць тэкст сцісла», запішыце яе па-беларуску. Ужывайце пры гэтым пабочныя словы, словазлучэнні, што ўказваюць на паслядоўнасць думак і сувязь паміж імі.

Памятка

Чтобы пересказать текст сжато, необходимо сделать следующее:
1. Определить:
а) какова главная мысль текста;
б) сколько частей (микротем) содержится в тексте;
в) какова главная мысль каждой части;
г) какая информация текста является основной, какая — второстепенной.
2. Сократить текст за счёт исключения второстепенной информации (Л. М. Рыбченкова).

Практыкаванне 131

Вызначце, да якога стылю належыць наступны тэкст. Дакажыце сваё меркаванне, выкарыстоўваючы пабочныя словы.

У друку, у вусных выказваннях нярэдка сустракаюцца памылкі, звязаныя з ужываннем прыметнікаў, суадносных са словам кветка. Трэба памятаць, што кветачны — прыгатаваны з кветак: кветачны адэкалон, кветачны чай. Кветкавы — які мае адносіны да кветкі, прызначаны для кветак: кветкавы кіёск, кветкавы дыван, кветкавы магазін, кветкавая выстаўка. Пра луг, усеяны кветкамі, мы гаворым квяцісты. Квяцісты — гэта яшчэ і з узорам у кветкі, яркі, каляровы: квяцісты дыван, квяцістая сукенка. Квяцістай (вядома, у пераносным сэнсе) можна назваць і афіцыйную прамову — залішне напышлівую, насычаную метафарамі і рытарычнымі пытаннямі.
Слова кветка ўваходзіць у склад вялікай колькасці ўстойлівых спалучэнняў слоў. Кветкі з чужых палёў! — абурана скажа даследчык літаратуры, калі заўважыць у творы, які збіраецца рэцэнзаваць, запазычаныя ў іншых аўтараў матывы, думкі, нават вобразы і сінтаксічныя канструкцыі. Калі хочуць падкрэсліць, што нейкі непрыемны выпадак толькі пачатак непрыемнасцей, то кажуць: гэта яшчэ толькі кветачкі! У педагагічнай літаратуры можна сустрэць устойлівы выраз цвісці павінны ўсе кветкі. Гэта азначае, што кожнае дзіця мае здольнасці, закладзеныя прыродай (М. Сянкевіч).

Выпішыце з тэксту просты ўскладнены сказ. Зрабіце яго сінтаксічны разбор.

Практыкаванне 132

Складзіце і запішыце сказы па наступных схемах (пс — пабочныя словы):

[Пс, ...]. [..., пс, ...]. [..., пс].

Практыкаванне 133

Выканайце інтэрактыўнае заданне «Знакі прыпынку ў сказах з пабочнымі словамі, словазлучэннямі і сказамі, устаўнымі канструкцыямі».

http://learningapps.org/watch?v=pbdznkroc01