§ 9. Правілы пабудовы сказаў з пабочнымі і ўстаўнымі канструкцыямі, знакі прыпынку

Практыкаванне 129

Прачытайце тэкст. Вызначце яго асноўную думку.

Няскораная Цытадэль

У Музеі абароны Брэсцкай крэпасці захоўваецца копія карціны польскага мастака Марціна Залескага. Яна дае ўяўленне аб тым, як выглядала гэта збудаванне ў яго першапачатковым выглядзе ў 1840 годзе. Цяпер Брэсцкая крэпасць бясспрэчна прыцягвае ўвагу як помнік ваеннай гісторыі дзе перакрыжоўваліся інтарэсы многіх еўрапейскіх дзяржаў і дазваляе меркаваць пра развіццё ваеннага дойлідства сярэдзіны ХІХ стагоддзя.
Пабудаваная на месцы старажытнага Бярэсця ў далейшым — Брэст-Літоўска крэпасць была адкрыта 26 красавіка 1842 года. Узвядзенне ў 1878—1888 гадах ліній фартоў зрабіла крэпасць важным стратэгічным вузлом на заходніх межах Расійскай імперыі. Мадэрнізаваў фарты ў пачатку мінулага стагоддзя ваенны інжынер Дзмітрый Карбышаў. Ядро крэпасці складалася з Цытадэлі, або Цэнтральнага ўмацавання, і трох іншых умацаванняў — Кобрынскага, Цярэспальскага і Валынскага. На тэрыторыі крэпасці размяшчаліся 14 фартоў, 5 абарончых казарм, 21 прамежкавы ахоўны пункт з кальцавой лініяй абароны ў 45 кіламетраў. Не ўсе ўмацаванні і масты захаваліся да нашых дзён. Адлік страт крэпасць вядзе з Першай сусветнай вайны. У жніўні 1914 года Вярхоўнае камандаванне рускай арміі прыняло рашэнне аб эвакуацыі ваеннаслужачых і іх сем’яў, маёмасці, зброі, боепрыпасаў. Асобныя абаронныя збудаванні былі ўзарваны. Істотныя разбурэнні прыпадаюць на перыяд жорсткіх баёў пачатку Вялікай Айчыннай вайны. К таму часу крэпасць страціла сваё значэнне як ваенна-абаронны аб’ект, на яе тэрыторыі знаходзілася каля васьмі тысяч чалавек. На выпадак вайны прадугледжваўся выхад асабовага складу і тэхнікі, для прыкрыцця павінны былі заставацца стралковы батальён і артылерыйскі дывізіён*.
І тым не менш 22 чэрвеня 1941 года чырвонаармейскія казармы і складскія памяшканні ператварыліся ў магутны пункт супраціўлення. Па выбоінах у сценах, абпаленай цэгле, чорным ад агню ствале дрэва, што знаходзіцца ў музеі, можна ўявіць, якой сілы абстрэл абрынуўся на абаронцаў крэпасці. Не вытрымлівалі камяні. Казематы іх налічвалася каля пяцісот былі добра прыстасаваны для вядзення бою. Аднак не ўсе казематы а таўшчыня іх вонкавых сцен дасягала двух метраў захаваліся.
У 1952 годзе ў каземаце паўночна-заходняй часткі Цытадэлі быў знойдзены надпіс «Я паміраю, але не здаюся! Бывай, Радзіма. 20/VII — 41 г.».
Людзі якім даводзілася бываць у Брэсцкай крэпасці і сэрцам дакрануцца да гераічнага мінулага безумоўна праходзілі праз Холмскія і Цярэспальскія вароты. Холмскія вароты лічацца сімвалам крэпасці і Брэста (Паводле А. Капачовай).

Спішыце выдзеленыя сказы, расстаўляючы, дзе патрэбна, знакі прыпынку.
Да якой лексікі паводле сферы ўжывання адносяцца словы форт, казарма, казематы, батальён, дывізіён? Раскрыйце іх значэнні.
Карыстаючыся дадатковай літаратурай або інтэрнэт-рэсурсамі, падрыхтуйце паведамленне пра гераічную абарону Брэсцкай крэпасці або пра Дзмітрыя Карбышава.