§ 9. Правілы пабудовы сказаў з пабочнымі і ўстаўнымі канструкцыямі, знакі прыпынку

Практыкаванне 120

Прачытайце прыклады парамі. Выпішыце сказы з пабочнымі словамі, расстаўляючы, дзе трэба, коскі. Ахарактарызуйце значэнні, якія надаюць сказам пабочныя словы.

1. Здавалася яна [вёска] прырасла навек да зямлі (І. Пташнікаў). І ён, хлапчук, суцішваў свой крок, праходзячы каля ратушы, якая здавалася яму прыстанішчам вечнасці (А. Лойка). 2. Сапраўды ў лесе было ціха і глуха (К. Чорны). Ва ўсёй постаці старога зубра было сапраўды нешта дзікае, лясное, першабытнае (В. Вольскі). 3. З гэтай горкі відаць уся вёска. На дварэ ранак відаць багаты сонцам і росамі (П. Пестрак). 4. Усё здаецца добрым, радасным (І. Мележ). Здаецца проста на вачах збудаваўся, вырас горад (І. Мележ). 5. Сустрэча запланавана была на вечар аднак надвор’е, на жаль, унесла свае папраўкі ў план (Я. Брыль). Пагодлівых дзён і начэй было аднак больш, чым дажджлівых і хмарных (Я. Брыль).

Выпішыце слова, якое адпавядае правілу «Правапіс суфіксаў дзеясловаў -ва- (-ава-, -ява-)». Запішыце 7-10 прыкладаў, суадносных з гэтай арфаграмай.
Вызначце тып складаных сказаў у практыкаванні.
Растлумачце розніцу паміж выразамі на дварэ і на двары.