«Дом без гаспадара»

Лёсы ўдоў Нэлы Бах і Вільмы Брылах

Аўтар асэнсаваў вопыт вайны і пасляваеннага часу ў кантэксце агульначалавечых каштоўнасцей. Вайна ў Г. Бёля не столькі гістарычная падзея, колькі стан народа і асобных яго прадстаўнікоў. Найважнейшымі фактарамі такога мастацкага асэнсавання вайны выступаюць вобразы жанчын, з якімі звязаны процістаянне злу, нацызму і вера, надзея, любоў. 

Жыццё Нэлы, маці Марціна, забяспечанай жанчыны, — гэта страшная нуда і бессэнсоўнасць існавання. Найчасцей яе бачым у дыме цыгарэт, атачэнні шматлікіх гасцей. Нэла жыве толькі сваімі ілюзіямі, перажываннямі, успамінамі пра мінулае. Яна занадта занятая сабой, пракручваннем стужкі кінафільма пра яе жыццё з Раймундам, пра жыццё, якое яна магла б пражыць па-сапраўднаму, і ёй няма справы да астатняга свету, у тым ліку і да ўласнага сына. Няўстойлівасць натуры жанчыны выявілася ў яе паводзінах пасля смерці мужа, яна не магла знайсці свайго месца ў жыцці, мітусілася, «як персанаж з мультыплікацыйнага фільма», па вызначэнні Марціна.

Для гераіні ўласціва кантрасная зменлівасць настрою і паводзін. Нэла то месяцамі малілася і чытала жыццяпісы святых, то ўпадала ў апатыю і цэлымі днямі не ўставала з ложка або бавіла час з гасцямі і была надзвычай усцешана, калі сярод іх аказваўся які-небудзь залётнік. Аднак жанчына больш не імкнулася выходзіць замуж і мець дзяцей, каб зноў не станавіцца ўдавой і не нараджаць будучых салдат. Яна стварыла культ памяці забітага мужа, акружыла сябе раўнадушнымі прыхільнікамі яго таленту і хацела ўваскрасіць у сабе яго нянавісць да вайны. Калі б Нэла не ператварыла сваё жыццё ў паказную стамляльную і бессэнсоўную мітусню, яе можна было б лічыць увасабленнем жаноцкасці, прыгажосці і вернасці.

Няшчасце з мужам не проста смяротна параніла яе, але і навучыла ненавідзець вайну і ўсё, што з ёй звязана: афіцыйны патрыятызм, ілжывасць дзяржаўнай прапаганды і рэлігіі. Калі мінулае ў чарговы раз наплывае на гераіню, вечным праклёнам гучаць у яе памяці словы фашысцкай маны-прапаганды: «…Зноў рэха мінулага замармытала недзе паблізу: …юрэр, …арод, …адзіма. Абезгалоўленая мана абрынулася на яе як праклён. Здавалася, з той пары прайшло ўжо тысячу год. Цэлыя пакаленні, што пакланяліся гэтым ідалам, даўно стлелі ў зямлі. Тры словы, усяго толькі тры скажоныя словы, але ў ахвяру ім прынесены мільёны людзей, спаленых, растаптаных, расстраляных, задушаных у газавых камерах…» Гэты «наплыў мінулага» даследчыкі разглядаюць як кампазіцыйны прыём, важны і для знешняй, і для ўнутранай арганізацыі раманаў Г. Бёля, менавіта мінулае вызначае ступень і спосаб удзелу героя ў сучасным. 

Доўгія гады Нэла выношвала план помсты: знайсці Гезелера — таго мярзотніка, які паслаў яе мужа на загадзя вядомую пагібель, «перарэзаў стужку кінафільма, якому суджана было ўвасобіцца ў жыццё, ён застаўся нязбыўнай марай, абрыўкі стужкі валяюцца недзе ў архіве». Але гэтыя «дзесяць гадоў, поўныя нязгаснай нянавісці», аказаліся самападманам, які спустошыў яе душу. Метафарычнаму выразу «неўміручае мінулае», які ўжо існаваў у тыя гады для характарыстыкі рэстаўрацыйных тэндэнцый у заходнегерманскім жыцці, Бёль надаў канкрэтны сюжэтны сэнс. Забойца Гезелер не толькі застаўся жывы пасля вайны, але, апрануўшы маску дэмакрата і мараліста, стаў літаратарам, «дасведчаным у паэзіі Баха». Ён ухваляе вершы Раймунда Баха і пачынае шукаць прыхільнасці яго ўдавы, прыгажуні Нэлы. Але помста, думкай пра якую жыла Нэла ўсе гэтыя гады, ненавідзячы тых, хто «рассыпае забыццё над забойствам», не адбылася.

Пры сустрэчы з Гезелерам Нэлу ахапіў адчай, бо яна разумее, што помсціць дробнаму кар’ерысту няма сэнсу, гэта помста нічога не зменіць. Гезелер, які сядзеў каля яе, не выклікаў у яе нянавісці. «Хіба гэта той чорны чалавек, змрочны зладзей, чый вобраз маці яе спрабавала пасяліць ва ўяўленні дзіцяці? Фанабэрысты, дробязны, зусім не дурны. Такі зробіць кар’еру». Такім чынам, уяўны вобраз ненавіснага забойцы знік, і хоць Гезелер наводзіў на Нэлу нуду, былая нянавісць не вярталася, а «толькі пазяханнем крывіла рот». Гераіня вымушана канстатаваць, што ўсе яе памкненні, усё яе жыццё ў пошуках моманту дзеля здзяйснення помсты аказаліся «рэкламным фільмам, знятым бяздарным аматарам. Асвятленне нічога не вартае, і нават “хэпі энд” не атрымаўся». 

Сустрэча Нэлы з Гезелерам — гэта сустрэча і з мінулым, і з фашызмам, прадстаўнікі якога аказаліся проста выраджанымі, пазбаўленымі індывідуальнасці: «Яны ўсе аднаго крою — гэтыя малойчыкі “не без здольнасцей”, быццам пінжакі з магазіна гатовага адзення: знасіўся адзін — не бяды, заўсёды можна купіць іншы. Вось яны якія — забойцы! У іх няма нічога жахлівага, такія не прысняцца ў начным кашмары, і для добрага фільма яны таксама не прыдатныя. Месца іх — у кепскіх рэкламных фільмах, знятых пры няўмелым “лабавым” асвятленні. Так яны і скачуць з адной кінарэкламы ў іншую, гэтыя жарэбчыкі за рулём» — так праз унутраны маналог Нэлы аўтар разбурыў міф пра ўсемагутнасць фашызму.

Паралельна ў творы пісьменнікам паказана нікчэмнае, паўгалоднае жыццё другой гераіні, Вільмы Брылах, маці Генрыха, для якой свет паэзіі, пачуццяў, душэўных перажыванняў амаль зачынены. Барацьба за існаванне і жыццё дзяцей забрала ўсе яе душэўныя сілы. Яе імя ў рамане згадваецца толькі адзін раз, калі яна наведвае дантыста, і не выпадкова: гэта працаўніца кандытарскай фабрыкі стала амаль безаблічнай. «У васямнаццаць гадоў яна выйшла замуж за бравага яфрэйтара, чыё цела парахнее цяпер дзесьці паміж Запарожжам і Днепрапятроўскам». Жанчына сабрала ўсе сілы, каб выжыць, каб не пакінуць сіратой маленькага Генрыха. Але ён бачыць, як у маці змяняюцца адзін за другім «амаральныя» дзядзькі, з якімі яна без поспеху намагаецца звязаць сваё жыццё. Пад фота яе ўсмешлівага мужа, на старэнькім камодзе ляжаць выпадковыя сведкі няздзейсненых мар жанчыны, пакінутыя выпадковымі мужчынамі Вільмы: запальніца Эрыха, гадзіннік Герта, чахол Карла, пілачка для пазногцяў Леа. 

Надзвычай часта ў рамане аўтар выкарыстоўваў словы «распусна» і «без сораму», якімі характарызуецца Вільма. Яе асуджаюць усе, ад свекрыві да настаўніка гімназіі і святара ў царкве. Але жанчына не можа пайсці замуж, бо гэта значыла б страту пенсіі за загінуўшага мужа, ды ніхто, уласна, і не прапаноўвае ёй сваю руку і сэрца. Да таго ж сапраўдныя пачуцці Вільмы звязаны не з мужчынамі, якія вакол яе, а з мінулым: нават калі жанчына пераязджае да новага мужчыны, фота свайго забітага мужа яна вешае над ложкам.

Вільма, як і Нэла, вымушана надзяваць на сябе маску прыгожанькай какеткі, хіхікаць, выказваючы лжывую радасць, каб схаваць свой унутраны свет, незразумелы большасці, каб іграць хоць нейкую ролю ў чужой для іх абедзвюх навакольнай рэчаіснасці. Між тым стойкасць душы Вільмы, нягледзячы на беднасць, цяжкую працу, дробныя разлікі, прыніжэнні і звязаны з гэтым нясцерпны душэўны боль, дазволіла ёй захаваць у сабе чалавечнасць. У канцы рамана Вільма як бы ўзвышаецца над Нэлай, у параўнанні з паўсядзённымі пакутамі Вільмы надрыўны сум Нэлы выглядае надуманым і штучным, «пастановачным». Становіцца зразумелым, што асуджанае іншымі існаванне Вільмы больш высокае, мужнае, чым напускная поза Нэлы. 

Аўтар намагаўся паказаць чытачу, што менавіта каханне можа падарыць надзею, ачысціць душу ад бруду, ілжы, як гэта адбываецца з Вільмай. Каханне прыходзіць да яе ў хвіліны адчаю і сораму, калі жанчына са сваімі нікчэмнымі рэчамі, «агіднымі шэрымі трыбухамі жабрацтва» пад насмешлівыя заўвагі суседзяў збіраецца пераехаць да кандытара, чыю настойлівую меланхалічную страсць яна не выносіць, але гэты пераезд гарантуе ёй аплату расходаў. У адчаі Вільма кідаецца да Альберта, які прыехаў па яе сына. Альберт бярэ яе за руку і вядзе ўніз, за імі ўпэўнена крочыць кандытар. І тут Генрых раптоўна заўважае, як яго маці і Альберт абмяняліся поглядамі, ад чаго твар Вільмы стаў азораным, на імгненне ў вачах маці «прабліснула надзея». «Здавалася, маці і Альберт пра нешта дамовіліся без слоў, і гэты маўклівы зарок адлюстраваўся ў іх позірках. Вочы іх сустрэліся на імгненне, але ў гэтую долю секунды яны раптам зразумелі тое, пра што ніколі раней не думалі». І хлопчык упершыню па-дзіцячы аддаецца марам і пачынае верыць у будучае. Раман заканчваецца словамі прадчування шчаслівых перамен, Генрых думае пра надзею на матчыным твары: «Гэта доўжылася адно толькі імгненне, але ён ведаў цяпер, што адно імгненне можа ўсё змяніць».