«Смаленне вепрука»

Роля мастацкай дэталі ў творы

Дэталь з дапамогай пэўнай дробнай рысы спрыяе з’яўленню асацыяцый, нараджае вобраз, дамалёўвае ўсю карцiну ў цэлым. Пісьменнік выкарыстоўваў мастацкія дэталі для перадачы настрою суму і тугі ўжо ў пачатку твора, паўтараючы іх некалькі разоў у розных варыяцыях: «ідуць ужо халады, бяруцца прымаразкі — ападаюць інеем сырыя туманы», «ідуць халады, калі бяруцца ўранку прымаразкі — ападаюць інеем сырыя туманы», «ізноў ідуць халады, бяруцца прымаразкі — ападаюць долу інеем сырыя туманы». Драматызм аповеду ўзмацняецца выкарыстаннем мастацкіх дэталей у апісанні прадметаў («міг нечакана хісткай, поўнай незразумелага сэнсу цішыні», адсутнасць прывычнай гаворкі гаспадыні, нервовы клёкат кур) і гаспадара (паводзіны на ганку, нетаропкасць, «сарока з-за пуні махнецца яму ў вочы тугою сваёй чарнатой», вочы вепрука, у якіх ён «бачыць тужлівую, амаль па-чалавечы асэнсаваную пакору» і інш.). Важнай мастацкай дэталлю ў творы становіцца тэлеграма, атрыманая сынам пасля трывожнага сну, якая падкрэслівае драматызм аповеду.