«Смаленне вепрука»
Сайт: | Профильное обучение |
Курс: | Беларуская літаратура. 11 клас |
Книга: | «Смаленне вепрука» |
Напечатано:: | Гость |
Дата: | Четверг, 21 Ноябрь 2024, 21:20 |
Адметнасць кампазіцыі апавядання
У апавяданні «Смаленне вепрука» (1973) раскрываецца адна з самых значных для пісьменніка тэм — духоўная сувязь паміж горадам і вёскай.
Пачынаецца твор апісаннем восеньскай прыроды, калі «ідуць ужо халады, бяруцца прымаразкі — ападаюць інеем сырыя туманы. Чарсцвее зямля, і цёмным, ільсняна халодным зяленівам б’е ў вочы парадзелая пры дарозе трава. <…> Такою парою ў вёсках свяжуюць вепрукоў». Далей пісьменнік-апавядальнік зазначыў, што ён хацеў напісаць апавяданне і назваць яго «Смаленне вепрука» ўжо даўно, калі жыў у «нечапанай частцы горада… у старым раёне, забудаваным няўклюднымі цаглянымі, а найбольш драўлянымі дамкамі, што ўсцяж патаналі ў садах. Цяпер мала засталося ад таго раёна — адны лапінкі, астраўкі, заціснутыя кварталамі несамавітых бязверхіх дамоў».
У пачатку твора адразу ж паўстаюць вясковыя малюнкі, такія родныя і блізкія сэрцу апавядальніка, яны паўтараюцца на працягу ўсяго твора, становяцца тымі пачуццёвымі сімвалічнымі вобразамі, якія ствараюць настрой тугі і суму жыхара вёскі: «пах падмерзлых трэсак на дрывотні, тарахценне трактарка ля фермы, і на шумавым фоне гэтым — гулкім ёкатам галасы людзей, спалоханы гэгат гусака на тарфянішчы, настылы звон калодзежнага вядра і нечакана — пругкі выпад ветру наўскасы, а над усім, а ва ўсім павінна была быць каменная, зацятая маўклівасць зямлі, травы і схаладнелага, шурпата-шызага неба».
Аўтар паказаў нам надзвычай напружана адчуванні вепрука, які прадчувае надыходзячую смерць, але не можа супрацьстаяць спрадвечнаму ходу падзей: «…есці яму сягоння дадуць чым пазней, каб так, угаладаўшыся, лягчэй абмінуў ён здагадку пра тое, што прызначана яму на гэты дзень. Але ж гэта, можа, і насцярожвае яго. <…> І адчыняюцца сенцы, і бухаюць дзверы, прадракаючы міг нечакана хісткай, поўнай незразумелага сэнсу цішыні».
Завяршаецца твор аповедам пра сына, «які безразважна і смела рынуўся ў жыццё і не ашчаджаў сябе», якога не пакідаюць успаміны пра маці, «памяць аб нейкай віне перад ёй, успамін пра марна растрачаную сілу любові, якая, можа, не сагрэла нікога», і родную хату. Трагізм твора выразна падкрэсліваецца радкамі: «ва ўсіх нас ёсць ці была некалі маці, і, на жаль, не заўсёды добрыя прыходзяць да нас тэлеграмы…»
Такім чынам, М. Стральцоў не толькі адлюстраваў драму вяскоўца ў горадзе, які імкнуўся ўпісацца ў новае жыццё і не страціць глыбінную сувязь з народным укладам жыцця, але і паказаў стаўленне да жыцця і смерці, якія існуюць у непарыўнай сувязі.
Роля мастацкай дэталі ў творы
Дэталь з дапамогай пэўнай дробнай рысы спрыяе з’яўленню асацыяцый, нараджае вобраз, дамалёўвае ўсю карцiну ў цэлым. Пісьменнік выкарыстоўваў мастацкія дэталі для перадачы настрою суму і тугі ўжо ў пачатку твора, паўтараючы іх некалькі разоў у розных варыяцыях: «ідуць ужо халады, бяруцца прымаразкі — ападаюць інеем сырыя туманы», «ідуць халады, калі бяруцца ўранку прымаразкі — ападаюць інеем сырыя туманы», «ізноў ідуць халады, бяруцца прымаразкі — ападаюць долу інеем сырыя туманы». Драматызм аповеду ўзмацняецца выкарыстаннем мастацкіх дэталей у апісанні прадметаў («міг нечакана хісткай, поўнай незразумелага сэнсу цішыні», адсутнасць прывычнай гаворкі гаспадыні, нервовы клёкат кур) і гаспадара (паводзіны на ганку, нетаропкасць, «сарока з-за пуні махнецца яму ў вочы тугою сваёй чарнатой», вочы вепрука, у якіх ён «бачыць тужлівую, амаль па-чалавечы асэнсаваную пакору» і інш.). Важнай мастацкай дэталлю ў творы становіцца тэлеграма, атрыманая сынам пасля трывожнага сну, якая падкрэслівае драматызм аповеду.
Наватарства аўтарскага індывідуальнага стылю
У «Смаленні вепрука» М. Стральцова таксама гучыць голас аўтара — сына вёскі, які імкнецца пры кожным зручным выпадку да вытокаў, каранёў, да прыгажосці не́рушнага1, спрадвечнага, гарманічнага, асвечанага векавымі традыцыямі народнага, бацькавага і матчынага жыцця. Апавяданне створана пісьменнікам у форме ўнутранага маналогу або самога аўтара, або герояў, якім ён перадавярае думкі, менавіта сюжэт у творы не цэласны, а эпізадычны, сцэны і падзеі працуюць на раскрыццё перажыванняў герояў або апавядальніка.
____________________
1Нéруш — некранутае, вечнае.
Пытаннi
1. Якая асноўная ідэя апавядання М. Стральцова «Смаленне вепрука»? Ці выяўляецца яна ў загалоўку твора? Якую назву твора маглі б прапанаваць вы? | |
2. Назавіце самы напружаны момант у творы. Абгрунтуйце сваю думку. | |
3. Прывядзіце прыклады мастацкіх дэталей з твораў пісьменніка, раскрыйце іх ролю. | |
4. Падрыхтуйце даклад на адну з тэм: «Псіхалагізм апавяданняў Міхася Стральцова: аналіз спосабаў і сродкаў мастацкага раскрыцця», «Жанрава-стылёвая адметнасць апавядальнай прозы Міхася Стральцова». |