«Абеліск»

Сімвалічны сэнс назвы аповесці

Матывы захавання памяці пра герояў, сэнсу жыцця і смерці, пераемнасці духоўных традыцый у аповесці «Абеліск» упісаны ў паглыблены маральна-філасофскі кантэкст. Мужнасць і гераізм, пераконваў аўтар, выяўляюцца не толькі ў баях са зброяй у руках, але і ў здольнасці чалавека прыняць сумленнае, маральнае рашэнне, нават калі за ім ідзе фізічная смерць. Так аўтар увасобіў і ўласнае бачанне сутнасці жыцця чалавека — пакінуць аб сабе ўдзячную памяць.

Нягледзячы на канкрэтна-гістарычную аснову сюжэта гэтага быкаўскага твора пра вайну, аповесць мае пазачасавае, універсальнае маральна-філасофскае значэнне. Настаўнік і вучні — назаўсёды актуальная і вялікая тэма. Духоўнасць, маральнасць неабходна выхоўваць і перадаваць у будучыню, клапаціцца, каб настаўнікамі і выхавацелямі моладзі былі сапраўдныя педагогі, а не духоўна мёртвыя людзі, «глушцы» (В. Быкаў). Надзвычай важна, што ў мастацкай кагорце герояў Быкава, якія ўвасабляюць веліч чалавечага духу і беларускага нацыянальнага характару, — Васіль Глечык, Сотнікаў, камбрыг Прэабражэнскі, Пётра Качан, Пятрок і Сцепаніда Багацькі — сярод змагароў, мужных і годных людзей, — пісьменнікам створаны вобраз беларускага настаўніка. 

У аповесці «Абеліск», як і ў іншых творах В. Быкава, утрымліваецца мноства шматмерных, універсальных вобразаў-сімвалаў. Так, напрыклад, метафарызуецца і набывае сэнсавае ўзбуйненне назва аповесці «Абеліск». Духоўнае, маральнае ў чалавеку павінна быць вышэй за фізічнае, матэрыяльнае. Адраджэнне ў душах людзей памяці пра настаўніка, які ідзе на пакуты са сваімі вучнямі, нагадвае пакутніцкі шлях Хрыста. Духоўная нязломнасць і вера настаўніка ўмацоўваюць душы вучняў, што з’яўляецца ідэяй твора.

Уся спадчына пісьменніка — высакародны абеліск, пакінуты нам В. Быкавым, настаўнікам, мысліцелем і абаронцам нацыі. Сваім жыццём і бескампраміснай прынцыповасцю аўтар-грамадзянін даў высокі прыклад служэння Бацькаўшчыне. Прысутнасць В. Быкава ў беларускай сацыякультурнай прасторы ўмацоўвае духоўнасць і гуманістычныя каштоўнасці нашага грамадства.