«Абеліск»

Асаблівасці кампазіцыйнай будовы твора

Аповесць «Абеліск» мае адметную і ўскладненую кампазіцыйную структуру: падзеі перадаюцца праз двух апавядальнікаў. Першы з іх — журналіст абласной Гродзенскай газеты. Ён пачуў пра заўчасную смерць настаўніка з Сяльца Паўла Іванавіча Міклашэвіча і едзе на пахаванне. Але журналіст спазняецца, шкадуе, што не адазваўся на просьбу Міклашэвіча разабрацца ў заблытанай справе па ўшанаванні памяці настаўніка Мароза, імя якога спачатку не было на вясковым абеліску героям-антыфашыстам. Журналіст прысутнічае на памінальным абедзе, дзе пачынаецца спрэчка паміж цяперашнім маладым загадчыкам раяна Ксяндзовым і былым, Ткачуком, пра Мароза. Затым разам з Ткачуком журналіст вяртаецца ў горад і па дарозе слухае аповед Ткачука — другога і асноўнага апавядальніка — аб падзеях, звязаных з гібеллю настаўніка Мароза і яго вучняў-патрыётаў. Апавядальнікі — журналіст і Ткачук — разважаюць пра памяць аб вайне і сапраўдных подзвігах, важнасць захоўвання пераемнасці ў маральным і патрыятычным выхаванні маладых пакаленняў, праблемы сучаснасці, пра маральны аўтарытэт сучасных педагогаў і кіраўнікоў. Твор В. Быкава абуджае ў чытача роздум пра абавязак кожнага чалавека перад сумленнем і людзьмі.

Кампазіцыя ўскладняецца і тым, што ў творы адлюстраваны розныя часы: ад некалькіх даваенных годоў у былой Заходняй Беларусі, якая толькі што стала часткай савецкай, і да 70-х гадоў ХХ стагоддзя, калі быў напісаны твор. У аповедзе Ткачука пра былога настаўніка Сялецкай школы закранаюцца падзеі перадваеннага і ваеннага часу. Асноўны ж сюжэт твора звязаны з ваеннымі падзеямі: гераічным учынкам настаўніка, выратаваннем Паўла Міклашэвіча і гібеллю Мароза з чатырма вучнямі.

Пісьменнік амаль не паказаў непасрэдна думак, перажыванняў Мароза, а характарызаваў яго праз успрыманне Ткачука, чалавека, які добра ведаў настаўніка і захапляўся ім. Таму псіхалагічна выразнымі ўяўляюцца характар і аблічча былога загадчыка раяна, былога камісара партызанскага атрада, а зараз пенсіянера Цімоха Ткачука.

З вобразам апавядальніка-журналіста звязаны пераважна асэнсаванне грамадскіх і маральных праблем сучаснасці, развагі пра ролю настаўнікаў у жыцці кожнага чалавека. З размоў Ткачука з журналістам кожны можа зрабіць свае маральныя высновы пра ўчынак Мароза, воблік Ксяндзова, які не здольны сказаць на пахаванні добрае слова пра самаахвярнасць настаўніка Мароза і яго вучня Міклашэвіча і прамаўляе ў жалобным застоллі як на чарговай нарадзе на беларуска-рускай трасянцы.

Многія дэталі і, здавалася б, нязначныя сюжэтныя эпізоды аповесці насамрэч маюць важнае значэнне. Напрыклад, афіцыйная прамова Ксяндзова за жалобным сталом ускосна сведчыць пра абмежаванасць гэтага кіраўніка і яго абыякавасць да людзей і высакародных ідэалаў, за якія яны гінулі. Шматзначны эпізод, калі некаторыя на памінках паводзяць сябе, як у звычайным застоллі, а не аддаюць сваё жалобнае ўшанаванне высакароднаму чалавеку, які пакінуў гэты свет. Або — хлопец, шафёр апошняга начнога аўтобуса, не ўзяў двух немаладых і стомленых пасажыраў, Ткачука і журналіста, а злосна пакпіў з іх: «Няма, няма астаноўкі. Чашы далей…» Гэтыя эпізоды перадаюць трывогу аўтара за тое, што ў грамадстве абясцэньваюцца маральнасць і духоўнасць, што слова настаўніка, да якога заўсёды прыслухоўваліся людзі, перастала быць аўтарытэтным. 

Толькі некалькі эпізодаў з сучаснасці маюць пазітыўную сэнсавую перспектыву: юнак Віцька з вёскі Будзілавічы, дарэчы, будучы настаўнік, уступае ў паядынак з трыма бандытамі, якія напалі на закаханых. І, нарэшце, адноўлена справядлівасць — на абеліску дзякуючы старанням Паўла Міклашэвіча з’явілася імя настаўніка Алеся Іванавіча Мароза.