«Абеліск»

Вобраз Мароза як увасабленне ідэалу настаўніка і носьбіта духоўных асноў народа

Праз маральнае аблічча галоўнага героя Мароза пісьменнік узняў надзвычай актуальную заўсёды, у тым ліку і сёння, праблему грамадскай ролі настаўніка, вялікага грамадскага значэння яго асобы і дзейнасці. У выказваннях Ткачука ўвасоблена і быкаўскае разуменне высокай настаўніцкай місіі: рыхтаваць не толькі выдатнікаў вучобы, а найперш годных людзей, патрыётаў, выхоўваць вучняў яшчэ і сваім прыкладам, як гэта рабіў настаўнік Мароз. Ад мэты фарміраваць вучня як сумленнага чалавека настаўнік не адмовіўся і ў гады вайны.

Ад дзейнасці людзей гэтай прафесіі, якая патрабуе жыццёвага прызвання і падзвіжніцтва, быў перакананы пісьменнік, залежаць маральна-этычнае аблічча народа, будучыня грамадства. У творы настаўнік Алесь Іванавіч Мароз не паказваецца непасрэдна, а пра яго ў пасляваенны час расказвае журналісту герой-апавядальнік Цімох Цітавіч Ткачук. Саракагадовы карэспандэнт абласной газеты са спазненнем прыехаў у вёску Сяльцо на пахаванне вучня Мароза, які таксама быў настаўнікам, — Паўла Міклашэвіча. Праз ацэнкі і ўспрыманне Ткачука чытач бачыць галоўнага героя, яго вучняў і трагедыю іх гібелі ў час вайны. 

Яшчэ да вайны Ткачук працаваў загадчыкам раяна і прыехаў у Сяльцо да настаўніка Мароза па скарзе калегі, настаўніцы Падгайскай. Яна абвінавачвала Алеся Іванавіча, што ён «не выконвае… праграм», паводзіць сябе з вучнямі без належнай строгасці, што ў школе няма дысцыпліны. Загадчык раяна застаў Мароза з вучнямі за працай: яны пілавалі паваленае ў двары дрэва, самі рыхтавалі дровы на зіму для абагрэву школы. І Ткачук узяўся дапамагаць настаўніку і вучням, а ўжо вечарам завёў гаворку аб праграмах. Перад загадчыкам раскрываецца сапраўдны педагог і ўдумлівы настаўнік Мароз, які выказвае сваё разуменне задач школы: выхоўваць вучняў не толькі выдатнікамі вучобы, «не паслухмяных зубрыл, а найперш — чалавекаў», гэта значыць, людзей маральных, сумленных, далучаных да нацыянальнай і агульначалавечай культуры. 

Праз аповед Ткачука апісваецца знешні выгляд настаўніка Мароза, паказваюцца яго паводзіны, справы, узаемаадносіны з вучнямі і іх бацькамі, вяскоўцамі, загадчыкам раяна. Вось як перадае апавядальнік першае ўражанне ад знаёмства з настаўнікам: «…Кідае пілу, падыходзіць. І адразу бачу: кульгае. Адна нага неяк вывернута ўбок і быццам не разгінаецца, таму ён здорава прыпадае на яе… А так на выгляд плячысты, ладны з твару, позірк смелы, упэўнены. Мусіць, здагадваецца, хто перад ім, але ніякай замінкі ці там спалоху ў паводзінах. Прадстаўляецца… Руку паціскае так, што адразу зразумела: дужы хлопец. Далонь шурпатая, цвёрдая…» Ужо гэтым апісаннем аўтар падкрэсліў, што, нягледзячы на кульгавасць, настаўнік Мароз — фізічна дужы, моцны чалавек (шырокія плечы, мужчынскі поціск рукі).

Ткачук убачыў у вясковым настаўніку і незалежнага чалавека, які не пужаецца начальства, а трымаецца годна і смела. Гэта ўражанне падмацоўваецца словамі настаўніка пра сэнс сваёй педагагічнай дзейнасці. Для яго важныя гуманістычныя ідэалы: «яны — людзі, не быдла…, а самыя паўнапраўныя грамадзяне. Як і ўсе. І яны, і настаўнікі, і іх бацькі, і ўсе кіраўнікі ў раёне — усе роўныя ў сваёй краіне, нікога не трэба баяцца, трэба толькі вучыцца спасцігаць тое самае значнае, што далучае людзей да вяршынь агульначалавечай і нацыянальнай культуры». 

Настаўнік штодзень не толькі на словах, не толькі пры дапамозе твораў нацыянальнай і сусветнай літаратуры імкнуўся да дасягнення гэтай высокай педагагічнай і грамадзянскай мэты, але сцвярджаў гэта сваімі паводзінамі, клопатам пра вучняў, адносінамі да людзей. Ткачук расказвае журналісту абласной газеты пра некалькі эпізодаў з дзейнасці настаўніка Мароза, сведкам якіх ён быў або чуў ад выратаванага Марозам яго вучня, а затым настаўніка Паўла Міклашэвіча. Настаўнік разам з вучнямі займаўся нарыхтоўкай дроў для школы на зіму, абараняў ад злых бацькі і мачахі Паўліка Міклашэвіча, сам вадзіў дадому праз лес у зімовы холад сваіх вучаніц, дзяўчынак-блізнят Лену і Вольгу, дзяцей удавы, купіў ім па пары чаравікаў, каб маглі хадзіць у школу і вучыцца. У настаўніка было выразнае разуменне, што «педагагічна» — быць клапатлівым старэйшым сябрам сваім вучням, браць адказнасць за іх лёсы. 

У час, калі не хапала падручнікаў і мала было бібліятэк, а дзецям хацелася чытаць, настаўнік стараўся набыць кнігі. У былым панскім маёнтку здабыў цэлую скрыню кніг на рускай мове, сярод якіх сапраўдным скарбам быў збор твораў Л. Талстога. У разводдзе, па лёдзе пераносіў кніжкі цераз раку, упоцемку праваліўся, а пасля цэлы месяц хварэў на запаленне лёгкіх. Але дзеці прыходзілі ў школу, і хворы настаўнік, лежачы на ложку, чытаў вучням «Вайну і мір» Л. Талстога, і яны слухалі настаўніка з вялікай увагай, размясціўшыся хто дзе — на стале, падаконніку, падлозе… Мароз выхоўваў, развіваў, узвышаў душы вучняў пры дапамозе кніг, наладжваў пастаноўкі п’ес, вучыў дзяцей спяваць, дэкламаваць. Настаўнік выхоўваў у дзяцей адчуванне, што яны — гаспадары ў сваёй школе. Ён быў аўтарытэтам не толькі для дзяцей, але і для дарослых. У Алеся Іванавіча была ўнутраная патрэбнасць рабіць людзям дабро, і вучні адказвалі яму любоўю і адданасцю і імкнуліся быць падобнымі да свайго настаўніка.

Вайна, акупацыя Беларусі сталі суровым выпрабаваннем для Мароза і вучняў. Як грамадзянін і патрыёт, ён хацеў стаць абаронцам радзімы. Настаўнік не мог пайсці ў партызаны праз сваё калецтва, але па іх заданні распаўсюджваў звесткі пра падзеі на фронце, быў сувязным у вёсцы. Мароз добра разумеў антычалавечую сутнасць фашызму і вырашыў працягваць працаваць у школе: «не будзем вучыць мы — будуць абалваньваць яны». Настаўнік бачыў, як вясковая моладзь, хто пад прымусам, а хто і добраахвотна, абманутая фашысцкай прапагандай, пайшла на службу ў паліцыю.

Працуючы настаўнікам у час акупацыі, Мароз уступіў з фашыстамі ў змаганне за душы моладзі. У час сустрэчы з Ткачуком пра сваіх вучняў ён сказаў : «Я за іх яшчэ пазмагаюся. Наколькі змагу, вядома». Ён добра разумеў, што гэта змаганне няроўнае. Калі нечакана яго выхаванцаў схапілі карнікі, Мароз кінуўся ў партызанскі атрад. Але не для таго, каб самому схавацца, а каб з дапамогай партызан выратаваць выхаванцаў. Але партызаны спадзяваліся, што падлеткаў адпусцяць, даўшы «па дзесяць бізуноў». Аднак акупанты паставілі ўмову: калі здасца настаўнік, хлопцаў адпусцяць. І настаўнік вырашае вярнуцца ў вёску і здацца, нягледзячы на забарону партызанскага кіраўніцтва. Па-іншаму ён не мог паступіць, не мог пакінуць сваіх вучняў адных у палоне, на здзек чужынцам, інакш ён здрадзіў бы самому сабе і перастаў быць настаўнікам. Мароз згаджаецца з Ткачуком, што фашысты не выпусцяць юных мсціўцаў, што ісці здавацца ім — самагубства. Але ён цвёрда вырашае для сябе: трэба ісці. Выратаваўшы самага малодшага, Паўла Міклашэвіча, настаўнік загінуў разам са сваімі вучнямі.

Герой-апавядальнік Ткачук у сваім аповедзе пра настаўніка Мароза міжволі выказвае сваё захапленне ім, сапраўдным героем, патрыётам, хоць той не знішчыў ніводнага ворага: «Пакуль мы шасталі па лясах ды дбалі аб самым надзённым — пад’есці, перахавацца, узброіцца ды якога немца падстрэліць, — ён думаў, паглыбляўся, асэнсоўваў гэту вайну. Ён на гэтую акупацыю глядзеў як бы знутры і бачыў такое, што мы не заўважылі. Галоўнае, ён яе болей маральна адчуваў, з духоўнага боку…» 

Ткачук, чалавек разумны, мудры і прынцыповы, спасціг і высока ацаніў у настаўніку яго сапраўдную маральнасць і духоўнасць. Дзеля сваіх вучняў, дзеля людзей і будучыні Мароз пайшоў на верную смерць. У палоне, перад гібеллю, ён падбадзёрваў сваіх вучняў, стараўся быць спакойным і нават вясёлым, «казаў, што жыццё чалавечае надта несувымернае з вечнасцю і што ці пятнаццаць гадоў, ці шэсцьдзясят — усё не болей чымсьці імгненне ў вечнасці часу. Яшчэ казаў, што тысячы людзей хоць бы ў тым жа Сяльцы нарадзіліся і адышлі ў нябыт за вякі, і ніхто іх не ведае, не памятае. А вось іх будуць памятаць, і ўжо ў тым іхняя ўзнагарода. Найвялікшая з усіх магчымых у свеце ўзнагарод…» Тое, што з вучнямі ў іх апошні горкі час быў іх любімы настаўнік Алесь Іванавіч, аблегчыла іх маральны стан. І ўсё ж яны шкадавалі, што ён не ўратаваўся, а прыйшоў да іх — «Яны-то яго шанавалі, як бога».