«Абеліск»

Праблема гераічнага ў аповесці «Абеліск»

У аўтабіяграфічнай кнізе «Доўгая дарога дадому» В. Быкаў, згадваючы гісторыю напісання аповесці «Абеліск», падкрэсліваў, што яго цікавілі не толькі салдацкія, партызанскія подзвігі на вайне, але і «подзвігі іншага кшталту — подзвігі духу». Ідэя гераізму, духоўнасці была вялікай сілай, не меншай за фізічную, у барацьбе за выжыванне і захаванне многіх народаў з часоў старажытнасці. Пісьменнік пісаў, што і ў сусветнай літаратуры яго прываблівалі «подзвігі інтэлігенцкія, а не толькі салдацкія», бо гераізм і подзвіг салдата — справа звычайная. «Калі ж подзвіг здзяйсняе той, хто прызначаны зусім для іншай, мірнай справы, тое ўжо ёсць штось выключнае і набывае асаблівае значэнне. Хоць практычны вынік таго часта бывае нулявы. Як нулявы быў у прагматычных адносінах подзвіг Януша Корчака (польскі педагог, якому фашысты гатовыя былі пакінуць жыццё, але ён не прыняў іх дарунак і загінуў у канцлагеры разам са сваімі выхаванцамі. — Аўт.) ці настаўнікаў з югаслаўскага горада Крагуеваца, што разам са сваімі выхаванцамі пайшлі на гібель».

У Беларусі таксама былі такія настаўнікі. На адной сустрэчы з чытачамі В. Быкаў расказаў пра выпадак, калі настаўнік са сваімі вучнямі пайшоў на смерць, не пакінуў іх у цяжкія хвіліны жыцця. Напрыклад, вядомы беларускі грамадскі і палітычны дзеяч П. М. Машэраў да вайны працаваў настаўнікам, а пасля акупацыі роднай Расоншчыны разам з вучнямі стварыў падпольную групу для барацьбы з чужынцамі. 

Доўгі час пра падзвіжніцтва настаўнікаў у гады вайны на занятай фашыстамі тэрыторыі мала ведалі, часам іх памылкова лічылі калабарантамі, «прапаганда пра іх маўчала. Бальшавікі не прызнавалі высілкаў нацыянальнага настаўніцтва ў справе школьніцтва на акупаванай тэрыторыі. Настаўнікі, якія на той час вучылі дзяцей, не далі здзічэць цэламу пакаленню…» (В. Быкаў).

Духоўнасць і гераізм настаўніка-патрыёта шматгранна выяўляецца ў маральна-філасофскай праблематыцы аповесці «Абеліск». Гэты твор пісьменнік прысвяціў памяці Міколы Пашкевіча, настаўніка Сваткоўскай школы, што на Мядзельшчыне. Аўтар сябраваў з ім, не раз сустракаўся з вучнямі і настаўнікамі гэтай школы, разам яны наведвалі старэйшыну беларускай літаратуры М. Лынькова на Нарачы. Мікалай Арсенавіч Пашкевіч, па словах пісьменніка, быў «выдатны настаўнік, энтузіяст беларушчыны, бясконца захоплены літаратурай». Яго педагагічная дзейнасць супала з часам выцяснення беларускай мовы з сістэмы навучання і грамадскага ўжытку. Але вучні Сваткоўскай школы, выхаванцы М. Пашкевіча, любілі роднае слова, беларускую літаратуру, чыталі творы сусветнай класікі.

У аснову сюжэта пакладзены адзін трагічны эпізод з жыцця настаўніка і яго вучняў у акупацыі. Падлеткі-школьнікі падпілавалі палі моста, каб у іх вёску не мог прыязджаць паліцай Каін з новымі гаспадарамі. Акупанты арыштавалі падлеткаў. Іх настаўнік, Алесь Іванавіч Мароз, які выхоўваў вучняў патрыётамі, уратаваўся ў партызанах. Ворагі абвясцілі: калі да іх не з’явіцца настаўнік, вучняў павесяць. І Мароз прыйшоў з лесу, здаўся, каб загінуць з вучнямі, быць з імі ў апошнія горкія хвіліны. Настаўніку ўдалося ўратаваць жыццё аднаму з іх — Паўлу Міклашэвічу, які пасля вайны таксама стаў настаўнікам і дабіўся вяртання ў памяці людзей і на абеліску сумленнага імя Мароза, бо многія лічылі яго «нямецкім настаўнікам», здраднікам.

Аўтар узняў праблему гераічнага: ці з’яўляецца змагаром, героем настаўнік Мароз, які не забіў ніводнага фашыста і паліцая? Ці толькі колькасцю дыверсій, баявых аперацый, забітых ворагаў вымяраецца гераізм?

Хоць аповесць прысвечана светлай памяці рэальнага чалавека, аднак, несумненна, што вобраз настаўніка Мароза абагульнены і ідэалізаваны. Настаўнік і яго ўчынкі характарызуюцца пераважна праз успаміны і ацэнкі героя-апавядальніка Ткачука, былога настаўніка, а зараз пенсіянера, які асабіста ведаў Мароза. Такі прыём паглыбляе ацэначнасць у стварэнні вобраза галоўнага героя, адлюстраванні не толькі ваенных падзей у творы. Ацэначныя ўспаміны героя-апавядальніка ўзбуйняюць этычнае напаўненне твора.