«Сотнікаў»

Пейзаж у аповесці

Васіль Быкаў, як правіла, не ствараў разгорнутых пейзажных малюнкаў, але кароткіх пейзажных апісанняў у аповесці «Сотнікаў», асабліва ў першай палове твора, дастаткова. Пейзажнымі фрагментамі часта акрэсліваецца месца, абставіны, дзе адбываецца дзеянне. Аповесць і пачынаецца з пейзажнага апісання: марознай ноччу два партызаны ідуць праз зімовы лес, а потым па полі, па глыбокім снезе, баючыся збіцца з ледзь прыкметнай дарогі. У гэтым апісанні аўтар згадаў «змрочнае без зор неба», піша, што і ў лесе «было змрачнавата», ствараючы трывожны настрой і як бы рыхтуючы чытача да далейшага драматычнага разгортвання падзей.

Пейзаж у гэтай аповесці, як і ў іншых творах В. Быкава, псіхалагізаваны, гэта значыць, нясе дадатковую сэнсавую нагрузку: ён можа выяўляць унутраны стан героя, агульны эмацыянальны фон твора, псіхалагічна прадказваць драматызм далейшых падзей, узмацняць трывожныя прадчуванні герояў, трагізм іх лёсаў, як гэта і адбываецца ў ім. У сціслых пейзажных апісаннях аповесці дамінуюць змрочныя чорны і шэры колеры, якія падкрэсліваюць трывожны, пануры настрой герояў і ўзмацняюць эмацыянальную напружанасць чытача, прадказваючы сумны фінал твора. Вось адзін з прыкладаў: «У зімовай шэрасці шырокай сцяной чарнеўся ельнік. <…> …у шэрым сутонні наперадзе яшчэ нічога не было відаць, адно шарэў перамешаны са снегам хмызняк, які бязладна распоўзся наўкола. <…> Пунькі ў начной шэрасці ўсё не было відаць…» Кароткія, змрочныя малюнкі, якіх у творы многа, выразна і пераканаўча перадаюць адчуванне сцюжы, холаду, бездарожжа і нават нерэальнасці: «Наўкола мроіўся начны прывідны прастор: шэрань, снег, суцемак з мноствам няўлоўных пераходаў, паўценяў і плямаў, і нідзе не было ні агеньчыка, ні руху — змоўкла, замерла, стаілася зямля. <…> Наўкола свістаў-шархацеў на снежным полі вецер, ноч ляжала нямая, як сон…».

Як бачым, пейзаж — гэта важны мастацкі сродак, якім па-майстэрску карыстаўся пісьменнік для ўвасаблення сэнсавай глыбіні і псіхалагічнай напоўненасці твора.