Печатать книгуПечатать книгу

«Сотнікаў»

Сайт: Профильное обучение
Курс: Беларуская літаратура. 11 клас
Книга: «Сотнікаў»
Напечатано:: Гость
Дата: Понедельник, 29 Апрель 2024, 20:26

Уводзiны

Героі твораў В. Быкава знешне звычайныя, але яны надзелены духоўнымі вартасцямі, якія выяўляюцца ў складаных жыццёвых сітуацыях. Ім уласцівы «...зацятая стойкасць у баі, уменне, калі абавязкова трэба выкладвацца да апошняга, значны духоўны патэнцыял, які выяўляецца ў вельмі натуральным адчуванні чалавечнасці, непарушнасці асноўных агульналюдскіх маральных законаў» (Д. Бугаёў).

Праблематыка аповесці. Чалавек перад знішчальнай сілай абставін.

Героі В. Быкава ваююць не толькі зброяй, але і сваім моцным характарам, духам супрацьстаяння бесчалавечнасці. Гэта ў поўнай меры адносіцца да аповесці «Сотнікаў» — твора пісьменніка пра веліч чалавечага духу.

Расказваючы пра задуму гэтага твора, В. Быкаў пісаў: «Перш за ўсё і галоўным чынам мяне цікавілі два маральныя моманты, якія, спрасціўшы, можна сфармуляваць так: “Што такое чалавек перад знішчальнаю сілай бесчалавечных абставін? На што ён здольны, калі магчымасці абараніць жыццё вычарпаны ім да канца і прадухіліць смерць немагчыма?”»  

Праз вобразы і лёсы герояў твора пісьменнік-мысліцель пераконваў: трэба жыць сумленна, з адказнасцю за кожны нават дробязны ўчынак; заставацца непадкупным і высокамаральным на вайне, перад непазбежнай смерцю — гэта гераізм; нельга ісці на кампрамісы з сумленнем нават, здавалася б, у нязначным; кожная здрада яму і агульначалавечай, хрысціянскай маралі, хаця б і дзеля ўратавання ўласнага фізічнага існавання за кошт жыцця, здароўя, інтарэсаў іншага чалавека — гэта ганьба і грэх. Яны непазбежна вядуць да духоўнага падзення асобы, жыццёвага паражэння таго, хто імкнецца шляхам здрады, амаральнага ўчынку займець уласную выгаду або ўратаваць сябе. Гэта і складае праблематыку і ідэйна-філасофскі змест аповесці. Адна з асноўных праблем твора — чалавечая вартасць, мера духоўнай і маральнай трываласці чалавека ў непераадольных абставінах, у моманты галоўнага жыццёвага выпрабавання, калі даводзіцца глядзець у вочы смерці.

На сюжэце-эпізодзе з ваеннага, партызанскага супраціўлення ва ўмовах акупацыі пісьменнік узняў філасофскую праблему складанага маральнага выбару. Два партызаны, Рыбак і Сотнікаў, атрымалі заданне: здабыць хоць нейкі харч для атрада, які ўжо тыдзень не мае ежы, амаль з усіх бакоў акружаны карнікамі; многія партызаны параненыя і прастуджаныя, і ўжо закончылася паранае жыта, якім ратаваліся ад голаду…

Але дасканаласць твора заключаецца не толькі ў майстэрскім адлюстраванні дадзенай незвычайна трагічнай падзеі, а яшчэ і ва ўніверсалізме, заўсёднай актуальнасці ўзнятай аўтарам праблемы. Сітуацыі выбару ўзнікаюць не толькі на вайне, яны паўстаюць перад кожным з нас і ў мірны час, і амаль кожны дзень. Напрыклад, што выбраць: прайсці міма і «не заўважыць» хама, які крыўдзіць слабейшага, або ўсё ж спыніць гвалтаўніка, які прыніжае чалавечую годнасць, і абараніць нямоглага?.. Часам бывае, што нехта выбірае маўчанне замест слоў праўды, ад якіх, магчыма, залежыць многае ў лёсе сябра, знаёмага…

Расказваючы пра драматызм выбару перад небяспекай смерці ў бязлітасных абставінах вайны, В. Быкаў узвысіў маральную нязломнасць ледзь жывога, параненага і закатаванага карнікамі Сотнікава. Пісьменнік асуджальна спачуваў дужаму і ўдачліваму да апошняга правалу на заданні Рыбаку, які, ратуючы ўласнае жыццё, згаджаецца на ганебную здраду і ўдзел разам з паліцаямі і фашыстамі ў смяротным пакаранні сябра-партызана. Намагаючыся застацца жывым, Рыбак не думае, што яго, як і кожнага здрадніка і забойцу, непазбежна напаткае кара. Большасць герояў твораў В. Быкава, як і Сотнікаў, моцныя сваім характарам, маральнай і духоўнай нязломнасцю, здольныя супрацьстаяць смерці і бесчалавечнасці. Яны ніколі не пераступаюць мяжу, за якой канчаюцца чалавечнасць, культура і маральнасць, якую, на жаль, пераступіў Рыбак.

 

Аўтар пра рэальную аснову твора

У літаратурнай спадчыне В. Быкава ёсць артыкул «Як была напісана аповесць “Сотнікаў”», у якім пісьменнік прыгадваў, як узнікла яе задума. Памяць майстра слова зберагла франтавы выпадак — сустрэчу з чалавекам, якога ўсе лічылі загінуўшым у баях за Днепр і пра якога ў баявых таварышаў засталіся самыя лепшыя ўспаміны. Пра яго гераізм і мужнасць камандзіры расказвалі новаму, маладому папаўненню, на яго геройскім прыкладзе і вопыце вучыліся ваяваць. Яго батальён быў акружаны ворагам, але і ў акружэнні камбат умела камандаваў абаронай да канца, таму і быў «пасмяротна» ўзнагароджаны… Так лічылі ў палку.

Але гэты чалавек, аказваецца, не загінуў, а трапіў параненым у палон. Перад ім было дзве дарогі: або галодная, пакутніцкая смерць у лагеры для ваеннапалонных, або служба ў арміі здрадніка генерала Уласава. Чалавек выбраў другую дарогу. Ён спадзяваўся, што яму пашчасціць перахітрыць фашыстаў і абставіны, думаў перабегчы да сваіх і зноў ваяваць супраць гітлераўцаў. Ратуючы сябе ад смерці, чалавек пралічыўся. Яму не ўдалося вярнуцца да сваіх, каб змагацца супраць ворага, бо ён трапіў да сваіх жа ў палон. І вось гэтага чалавека ў форме ўласаўца ўбачыў у лагеры для нямецкіх ваеннапалонных пісьменнік у жніўні 1944 года. Быкаў пісаў у артыкуле «Як была напісана аповесць “Сотнікаў”»: «Ён вось сядзеў перада мной у прапацелым нямецкім кіцелі... Я… доўга не мог сказаць ані слова. Я глядзеў на яго, а ён таксама моўчкі глядзеў на мяне, але ў адрозненне ад мяне не здзівіўся... Ён ужо перастаў здзіўляцца, але, відаць, зразумеўшы, што маўчаннем не абысціся, сказаў пасля цяжкога ўздыху: “Вось як яно атрымліваецца!..”

У яго сумных вачах не было ні злосці, ні адчаю, была толькі ціхая пакора лёсу, на які ён неўзабаве спаслаўся: “Што рабіць? Такі лёс”. 

Потым мы пагаварылі трохі. Ён папрасіў закурыць і коратка паведаміў сумную і адначасна страшную ў сваёй знішчальнай прастаце гісторыю...»

Лёс не падараваў байцу-здрадніку магчымасці і зручнага моманту, каб перабегчы да сваіх: за ўласаўцамі пільна сачылі немцы. Яму давялося прымаць удзел у баях супраць сваіх, хоць, зразумела, ён страляў угору… Урэшце аказаўся ў палоне. Аўтар далей успамінаў: «Я слухаў яго і верыў яму: ён гаварыў праўду. Безумоўна, ён не быў з ліку тых, якія прагнулі служыць ворагу, яго асабістая храбрасць і воінскае майстэрства былі пацверджаны высокай узнагародай. Проста, апынуўшыся ў палоне, ён вышэй за ўсё паставіў уласнае жыццё і вырашыў абхітрыць фашыстаў…» Лёс гэтага рэальнага чалавека стаў асновай для стварэння вобраза Рыбака ў аповесці «Сотнікаў».

 

Духоўная перамога і трагічны фінал Сотнікава

Для мастацкага ўвасаблення задумы аб маральнай і духоўнай нязломнасці чалавека перад неадольнымі бесчалавечнымі абставінамі, акрамя вобраза чалавека-адступніка, Рыбака, пісьменніку спатрэбіўся вобраз яго антыпода, чалавека моцнай волі — Сотнікава. Менавіта Сотнікаў перамог абставіны, узвысіўся над імі сілай і веліччу мужнасці, духоўнасці, гераізму. Гэтаму вобразу адведзена цэнтральнае месца ў творы, бо менавіта Сотнікаў задумваецца над пытаннямі, што цікавяць пісьменніка, і дае адказ на іх сваёй гераічнай смерцю. 

Два партызаны, Сотнікаў і Рыбак, ідуць на заданне. Абодва, падкрэсліў В. Быкаў, трывожыліся за таварышаў, што засталіся галоднымі і мерзлі на балоце. За тыдзень цяжкіх баёў партызаны змучыліся, згаладалі, аслаблі. На складанае заданне разам з дужым і спрытным Рыбаком ідзе не зусім здаровы Сотнікаў. Ён бачыў, што многія партызаны адчуваюць сябе яшчэ горш, таму не стаў гаварыць пра сваю прастуду і адмаўляцца. Ды і апрануты Сотнікаў лёгка для лютай зімы: лёгкі шынель, пілотка, без рукавіц. Абставіны склаліся самым трагічным чынам. Сотнікаў і Рыбак трапілі ў фашысцкі палон, дзе з іх здзекуецца «банда наймітаў», паліцаяў. Яны разумеюць, што выйсце адсюль для іх толькі адно — памерці з годнасцю. Гэта адзіны спосаб даказаць сваю непадуладнасць абставінам. Але чаму гэтым трагічным шляхам пайшоў толькі Сотнікаў? Адказ на пытанне даецца ў паслядоўнай, псіхалагічна дакладнай параўнальнай характарыстыцы герояў, якую пісьменнік правёў з вялікай увагай да кожнай падрабязнасці — у даваенных лёсах, размовах, паводзінах Сотнікава і Рыбака. Яны разам выйшлі на заданне, былі добрымі знаёмымі, іх аб’ядноўвалі ўзаемная сімпатыя і адна мэта. Але мы бачым, што ў канцы аповесці іх дарогі разышліся назаўсёды. Сотнікава павесілі фашысты, а Рыбак стаў здраднікам-паліцаем. 

Сотнікаў — былы камбат Савецкай Арміі. Скончыў настаўніцкі інстытут, працаваў у школе, служыў у войску. Яму, як і Рыбаку, дваццаць шэсць гадоў, але многае ён ужо перажыў. У час вайны камандаваў батарэяй. Пра дзяцінства і юнацтва толькі ўспамінаецца. У памяці Сотнікава жыве нядаўняе мінулае: няроўны бой з танкамі, разгром палка, уцёкі з палону і цяперашнія падзеі партызанскага жыцця. У параўнанні з Рыбаком, які з захапленнем прыгадвае сваё нядаўняе каханне з хутаранкай Любкай, душа Сотнікава нічога не ўспрымае, апроч вайны. Аднак было ў іх і агульнае: армейскае мінулае і памятны бой у лесе, дзе яны выручылі адзін аднаго. У той раз мужнасць і адвага Сотнікава паслужылі Рыбаку прыкладам: іх і яшчэ аднаго партызана пакінулі ў заслоне, каб стрымаць фашыстаў і даць магчымасць партызанскаму атраду адарвацца. Рыбак і другі партызан, убачыўшы, што вакол многа ўзброеных фашыстаў, вырашылі, пакуль не позна, ратавацца і пачалі ўцякаць. Сотнікаў жа не сышоў з месца, вёў па ворагу трапны агонь, прыкрываючы адыход таварышаў, што прымусіла фашыстаў залегчы… Рыбак, сабраўшыся з духам, таксама стаў страляць па ворагу. Мужнасць і вытрымка Сотнікава спынілі яго ганебныя ўцёкі з поля бою. Пасля таго яны як бы пасябравалі: Рыбак быў удзячны свайму таварышу і цягнуўся да яго, хацеў быць такім жа валявым і стойкім. 

Суровыя ўрокі вайны ўмацоўвалі волю Сотнікава, гартавалі яго здольнасць супраціўляцца абставінам, не здраджваць сваім перакананням. З таго бою, калі быў разгромлены яго полк, а самому байцу ўдалося знішчыць чатыры варожыя танкі, Сотнікаў вынес правіла: змагацца, супраціўляцца трэба, нягледзячы ні на што, да апошняй магчымасці. Так ён ваяваў і ў партызанскім атрадзе. 

Волю, рашучасць Сотнікава загартаваў і палон. Там ён пераканаўся: з тымі, хто адолеў страх смерці, фашысты ўжо нічога не могуць зрабіць. На ўсё жыццё ён запомніў, як у лагеры для ваеннапалонных ворагі дапытвалі сівога палкоўніка. Гэты чалавек быў пакалечаны ў баі, ледзь жывы, моцна пакутаваў ад фізічнага болю. Аднак гэтаму палкоўніку было невядома пачуццё страху за сваё жыццё. На допыце ён кідаў у твар гестапаўскаму афіцэру гнеўныя словы супраць Гітлера. Яго расстралялі, але тыя некалькі хвілін перад смерцю былі подзвігам, магчыма, большым, чым на полі бою. I ў сваім трагічным фінале Сотнікаў бярэ прыклад з мужнага палкоўніка. Сотнікаў выпадкова аказаўся побач за сцяной барака і на ўсё жыццё запомніў гэты допыт. Мужнасць і нязломнасць палкоўніка ён згадвае, апынуўшыся зараз у палоне…

Праявы гераізму ў характарах і паводзінах людзей заўсёды захаплялі Сотнікава. У апошнія хвіліны свайго жыцця ён успамінае і безыменнага, параненага палоннага лейтэнанта, які ўдарыў нажом канваіра. Сам лейтэнант
з-за ранення ўцячы не мог, але хацеў даць шанс уратавацца іншым. Перад смерцю ў палоне Сотнікаў шкадуе, што яму не пашчасціла так загінуць, бо ў яго няма ні сілы, ні зброі. I ўсё ж ён спрабуе выратаваць тых людзей, з кім звёў лёс: старасту Пётру Качана, Дзёмчыху, яўрэйскую дзяўчынку Басю. Сотнікаў прызнаецца, што ён — партызан і што ён сам забіў паліцая, а ўсе астатнія — выпадковыя, ні ў чым не павінныя людзі.

Аўтар, апісваючы апошнія гадзіны жыцця Сотнікава, падкрэсліў, што герой ахвяраваў сабой дзеля выратавання іншых. Сотнікаў не згаджаецца з думкай, што яго смерць з’явіцца недарэчнай выпадковасцю: «Як і кожная смерць у барацьбе, яна павінна нешта сцвярджаць, нешта адмаўляць і, па магчымасці, завяршыць тое, што не паспела здзейсніць жыццё». Аднак спадзяванне Сотнікава сваёй смерцю купіць выратаванне тым, хто быў побач, не ажыццявілася. Жаданне, каб і смерць стала вялікім учынкам, не здзейснілася. Герою застаецца адно — сустрэць свой смяротны час з салдацкай мужнасцю, «...адысці з гэтага свету па сумленню, з уласцівай чалавеку годнасцю». 

Ёміста і шматгранна тлумачаць характар і паводзіны нязломнага Сотнікава згадкі пра яго мінулае. Ён вырас у сям’і ўдзельніка грамадзянскай вайны і выхоўваўся на гераічных традыцыях. У яго падсвядомасці захавалася пачуццё ўласнай годнасці, вернасці ідэалам і стойкасці мінулых пакаленняў інтэлігенцыі, людзей, якія вышэй за ўсё ставілі справу, былі гатовы ахвяраваць уласным жыццём дзеля сцвярджэння высокіх гуманістычных ідэалаў. Герой стрымана і нават скептычна ставіўся да тых, хто ў духоўным развіцці быў ніжэй за яго. Сотнікаў — асоба мэтанакіраваная, яму ўласцівая бескампраміснасць у разуменні ісціны і справядлівасці, ён да канца верны сваім ідэйным прынцыпам, не зважае на разнастайнасць абставін чалавечага жыцця, чалавечых характараў і ўчынкаў. Пра многія рэчы герой разважае аднабакова, зыходзячы толькі са свайго вопыту і светапогляду, з уласных ацэнак і норм паводзін. 

Аўтар падкрэсліваў, што Сотнікаў больш за ўсё баяўся стаць абузай для іншых, «…стараўся ўправіцца з сабой сам, а там, дзе гэта было немагчыма, зменшыць сваю залежнасць ад каго б там ні было». Гэта яшчэ адно сведчанне сілы характару героя. Аднак калі ён хворы адправіўся на заданне з Рыбаком, а потым яшчэ атрымаў раненне, то міжволі стаў абузай для апошняга, бо ў Рыбака былі ўсе шанцы выканаць заданне і самому ўратавацца. Фізічна нямоглы Сотнікаў гатовы быў сам звесці рахункі з жыццём, але гэтаму перашкодзіў Рыбак. 

Відавочна, што важнае значэнне для разумення вобраза Сотнікава і філасофскай сутнасці твора мае згадка герояў пра Біблію. Яна выпадкова трапіла на вочы партызанам у хаце старасты. Тут Рыбак упершыню бачыў і трымаў гэту кнігу, заўважыўшы, што гэта адна з не прачытаных ім кніг. Стараста Пётра Качан адказвае: «А што ж, пачытаць нікому не шкодзіць». Для Сотнікава ж гэта кніга невыпадковая. У яго душы выразна захаваўся ўспамін маленства: Біблія ляжала заўсёды на матуліным камодзе. На першы погляд выпадковая дэталь ёміста характарызуе высокі маральны ўклад, агульначалавечы, гуманістычны змест духоўнага жыцця сям’і Сотнікава і Пётры Качана. 

Біблейская тэма гучыць і пры ўспаміне Сотнікава пра яго дзіўны сон. Прысніўся бацька, былы чырвоны камандзір, герой Грамадзянскай вайны. У гэтым сне Сотнікаў пачуў вымаўленыя бацькам-бязбожнікам словы з Бібліі: «Быў агонь, і была вышэйшая справядлівасць на свеце...» Перад самым канцом, калі Сотнікаў ідзе да шыбеніцы, ледзь трымаючыся на нагах, ён пакутуе ад думкі, што многа людскіх жыццяў з часоў Ісуса Хрыста было прынесена чалавецтвам у ахвяру. Аднак зусім нямногаму навучылася чалавецтва, калі адзін забівае другога, сабе падобнага, калі ў свеце існуюць яшчэ войны, здрада, подласць. 

Вобраз Сотнікава цікавы і змястоўны ў ідэйна-філасофскім плане. Без фізічных пакут і выпрабаванняў, без геройскіх прыкладаў незнаёмых палонных палкоўніка і лейтэнанта, без нявінных ахвяр Пётры Качана, Дзёмчыхі, яе дзяцей і дзяўчынкі Басі, без атрыманага ў маленстве і юнацтве выхавання і прыкладу бацькоў, без усяго, што выпала на кароткі век былога камбата, а затым партызана, магчыма, не нарадзіўся б у душы Сотнікава настойлівы роздум пра жыццё, смерць, памяць і іх існасць.

Пісьменнік стварыў глыбока сімвалічны эпізод. Менавіта на вясковых могілках, дзе героі хаваюцца ад праследавання паліцаяў, сярод крыжоў і помнікаў, Сотнікаў думае пра марныя спробы людзей пакінуць «мармуровую ці драўляную» памяць пасля смерці: «У адвечным змаганні чалавека з часам перамога заўжды на баку апошняга… <…>

Усё, што Сотнікаў перажыў на вайне, яшчэ і каторы раз, даводзіла, …што адзіная рэальная каштоўнасць у чалавека на свеце — яго жыццё». Прадчуваючы ўласную гібель, Сотнікаў хоча верыць, што калі-небудзь у дасканалым людскім грамадстве жыццё чалавека стане «катэгорыяй-абсалютам, мерай і цаною ўсяго». Герой марыць пра час, калі дасканаласць, сіла і гармонія грамадства будуць вызначацца шчасцем кожнага чалавека. «А смерць што ж — смерці не мінуць нікому. Важна толькі пазбыцца гвалтоўных смерцяў, даць чалавеку магчымасць разумна і добра выкарыстаць і без таго не надта вялікі свой час у гэтым свеце. Пры ўсёй сваёй неверагоднай магутнасці над прыродай чалавек, напэўна, доўга яшчэ астанецца ўсё такім жа абмежаваным у сваіх фізічных магчымасцях, калі самага маленькага кавалачка металу даволі на тое, каб назаўсёды адабраць адзінае і такое дарагое для кожнага жыццё. Суцяшалі хіба што духоўныя магчымасці, часам непадуладныя ніякай самай пагрозлівай сіле». 

Праз гэты роздум пісьменнік глыбока раскрыў характар, светаадчуванне героя. Сотнікаў не спрабуе ўратаваць сваё жыццё, як Рыбак, не таму, што яго не цэніць. Ён не разумее Рыбака, які выбраў шлях здрады і маладушнасці. Падводзячы вынікі свайго жыцця ў дваццаць шэсць год, Сотнікаў мае перакананне аб сапраўднай каштоўнасці жыцця. Яно вымяраецца тым добрым і карысным, што чалавек зрабіў для іншых, для грамадства. Сотнікаў застаецца незадаволены зробленым, аднак і марным сваё жыццё не лічыць. 

Застацца маральна і духоўна мацнейшым за абставіны Сотнікаву дапамагло і пачуццё вернасці свайму воінскаму, чалавечаму абавязку. Пра гэта В. Быкаў піша: «На яго долю выпала нямала нялёгкага, нават жахлівага. Але быў абавязак. Ён вызначаў там, дзе было надта заблытана, ён вёў, калі не свяціла ніводнае сцежкі, ён вымагаў на амаль немагчымае». Гэта пачуццё абавязку, цвёрдая сістэма поглядаў і выразнае разуменне мэты жыцця і змагання мацавалі яго духоўна і абумовілі спакой і годнасць перад гібеллю.

З першай і да апошняй старонкі твора Сотнікаў — гэта адзін і той жа характар. Абставіны яго знішчаюць таму, што ён падпарадкаваны не ім, а сваім ідэалам і логіцы. Гэта дапамагае герою вытрываць усе фізічныя і маральныя пакуты, аднак адымае жыццё. Нічога іншага ён не мог сабе дазволіць.

Сведкамі трагедыі смерці і бясстрашнага ўзвышэння Сотнікава над ёй з’яўляюцца сагнаныя на плошчу местачкоўцы, а таксама маўклівыя рэчы і рэаліі мястэчка і плошчы, на якія звярнуў увагу чытача пісьменнік-псіхолаг: пагорак, святочная арка, новыя, толькі што выпісаныя са склада вяроўкі, на якіх праз колькі хвілін будуць вісець партызан Сотнікаў і зусім бязвінныя мірныя жыхары, старая лава, свежыя спілаваныя калодкі, пах нямецкіх цыгарэт і адэкалону, маркотныя дрэвы, аблезлая цэркаўка, панылыя постаці людзей у натоўпе.

Васіль Быкаў апісаў гераічную смерць Сотнікава празаічна, як будзённую справу на вайне — надзвычай рэалістычна, нават натуралістычна, падрабязна і ў той жа час стрымана. Вось рукі ката злавілі ўжо над галавой партызана пятлю і, абдзіраючы балючыя, памарожаныя вушы Сотнікава, насоўваюць пятлю на галаву… Нямецкае начальства і паліцаі цярпліва тапталіся, а іншыя лагодна і бесклапотна размаўлялі, бы сышліся на штодзённую, не вельмі цікавую патрэбу і спяшаюцца хутчэй вярнуцца да сваіх звычайных спраў…

У апошнія хвіліны жыцця ў, здавалася, безаблічным і абыякавым натоўпе, сагнаным карнікамі на плошчу, Сотнікаў нечакана ўбачыў жывое аблічча, адзіны жывы чалавечы твар хлапчука ў будзёнаўцы. Шырока адкрытыя вочы на бледным твары хлапчука як бы нагадвалі збалеламу і стомленаму Сотнікаву пра набліжэнне канца. Вачыма ён усміхнуўся гэтаму хлапчыне і разам з тым усяму астатняму — свету, жыццю, людзям, якія застаюцца жыць. Вобраз хлапчука сімвалічны і шматзначны ў сістэме мастацкіх вобразаў аповесці. У ім увасоблена аўтарская ідэя аб духоўнай пераемнасці пакаленняў. 

Вобраз Сотнікава з’яўляецца ўвасабленнем аўтарскага ідэалу. Пісьменнік сцвярджаў, што чалавецтва павінна ратавацца ідэямі духоўнай нязломнасці, маральна-этычнай чысціні.

 

Маральная смерць Рыбака

З першых старонак твора ўзнікае адчуванне, што аўтар як бы «клапаціўся» пра свайго героя, імкнуўся выклікаць чытацкія сімпатыі да яго. У параўнанні з Рыбаком Сотнікаў бачыцца змрачнаватым, няскладным, зацятым і няўступлівым, Рыбак жа — фізічна моцны, зычлівы, уважлівы чалавек, спрактыкаваны баец. Ён ваяваў яшчэ ў фінскую вайну, бачыў смерць многіх таварышаў. І вайну з фашыстамі ён пачынаў як старшына стралковай роты.

На працягу ўсяго твора пісьменнік часцей спыняў нашу ўвагу менавіта на вобразе Рыбака, з псіхалагічнай дакладнасцю перадаваў змену яго пачуццяў і думак. Большасць падзей перадаецца таксама праз успрыманне гэтага героя. І псіхалагічнае майстэрства В. Быкава выразней выяўляецца пры стварэнні вобраза Рыбака. Да таго, пакуль партызан не схапілі паліцаі і фашысты, у героя ніяк не выяўляецца эгаізм. І на заданне ён ідзе з гатоўнасцю. Рыбак быў здольны змагацца і нават рызыкаваць, памятаючы пра галодных і параненых таварышаў, яго «прыгнятаў успамін пра тых, на балоце, што гібелі цяпер на сцюжы і чакалі іх з якім-небудзь харчам».

Рыбак не мае схільнасці ўскладняць жыццё сабе і іншым філасофскімі, непатрэбнымі на яго думку, роздумамі. Ён прывык да ўсяго адносіцца проста, без ускладненняў. Адкрыты па характары, ён бярэ на сябе ініцыятыву, а потым і ўвесь цяжар у выкананні задання. Абаяльны, спрытны, Рыбак умее ў розных сітуацыях знайсці адпаведны тон і прыняць правільнае рашэнне. Добразычлівы, без амбіцый і прэтэнзій, ён не любіў крыўдзіць іншых або прыносіць людзям зло. Гэта добра выяўляецца ў эпізодзе, калі партызаны прыйшлі ў хату Пётры Качана, а потым атрымалі ад старасты авечку. Бязлітасна прынцыповы Сотнікаў папракае Рыбака, што той не расстраляў старасту, але Рыбак, не адказаўшы на папрок, «дужым высілкам ускінуў на плячо авечку і пакрочыў… Сотнікаў павалокся следам». 

У думках апраўдваючы сябе, Рыбак думае пра тое, што яму агідна забіваць, тым больш чалавека, які зразумеў патрэбу партызан. Да таго ж Пётра Качан здаўся яму такім жа блізкім і знаёмым, як дзядзька Ахрэм, у хаце якога яго схавалі і вылечылі, калі Рыбак у баі быў паранены ў нагу. Хаваючыся ў сялян, Рыбак горка перажываў, што хутка ўстанавілася акупацыйная фашысцкая ўлада, што ўсё, чым ён жыў пры савецкай уладзе, рухнула. Суцяшалі яго ў гэты час пачуцці да ласкавай дачкі гаспадара Зосі, але калі загаілася параненая нага, вырашыў, што трэба змагацца з акупантамі, а не хавацца ў «сялянскіх закутках, ля добрасардэчных маладзіц». Рыбак сумленна пра гэта сказаў гаспадарам і іх дачцэ. Сяляне цёпла апранулі, сабралі Рыбака, як роднага сына, і выправілі ў партызаны. Рыбак пакутаваў, калі некага міжволі крыўдзіў; яму не былі ўласцівы эгаізм і высакамернасць. Ён — чалавек кампрамісу, хоць, як і Сотнікаў, быў перакананы, што да ворага трэба ставіцца без літасці. Але намер «правучыць старасту» ў яго знік, бо Пётра Качан нагадаў яму бацьку з далёкага маленства, якому ён, падлетак, дапамагаў восенню рэзаць адну або дзве авечкі. 

У арміі, калі Рыбак стаў старшыной, даводзілася трымаць дысцыпліну, накладваць спагнанні на байцоў, якія правініліся. Але ён заўсёды імкнуўся да справядлівасці, каб усё было на карысць службе.

Герою ўласціва пачуццё таварыскасці. Ён шчыра спачувае хвораму Сотнікаву, і таго кранае і супакойвае ўвага таварыша. Заўважыўшы, што Сотнікаў замярзае ў халодным шынялі і пілотцы, ён аддае напарніку ручнік, каб той хоць шыю заматаў і крыху сагрэўся, не кашляў. Дзеліцца Рыбак з Сотнікавым і рэшткамі сваёй порцыі паранага жыта, бо партызаны даўно галадаюць. Ён, не шкадуючы сіл і спачуваючы нямогламу Сотнікаву, сам валачэ авечку, хоць і яму, здароваму і моцнаму, было цяжка. Аўтар заўважыў, што герой так стаміўся, як, мабыць, ніколі ў жыцці. Рыбак няздольны перакласці свой цяжар на плечы іншых. Не быў ён і баязліўцам. Пад агнём ворага паводзіў сябе спакойна і стрымана. Яны з Сотнікавым і зблізіліся пасля таго, як у вельмі няпростых умовах змаглі затрымаць карнікаў і забяспечылі адыход атрада. 

Пісьменнік-філосаф В. Быкаў на працягу аповесці паспрабаваў адказаць на пытанні: чаму так здарылася, што добры баец, не баязлівец і не кар’ерыст, якому не было страшна загінуць у адкрытым баі з праціўнікам, трапіўшы ў палон, перайшоў на бок карнікаў?.. Чаму гэты чалавек нават удзельнічаў у «ліквідацыі» свайго таварыша, якога яшчэ ўчора валок на сабе, каб выратаваць ад смерці або фашысцкага палону?.. 

На працягу твора мяняюцца аўтарскія адносіны да героя: спачатку пісьменнік яму сімпатызаваў, потым — шкадаваў. У заключных эпізодах твора Рыбак выклікае ў аўтара і чытача нават агіду. Прычыны падзення героя — у яго духоўнай і душэўнай няўстойлівасці. У ім перамагае прага жыць насуперак усяму, у канцы твора ён клапоціцца толькі пра сябе, пра ўласнае фізічнае захаванне.

Жаданне ўратавацца ўпершыню ўзнікае ў Рыбака, калі на дарозе, па якой партызаны са здабычай ужо вярталіся ў атрад, паявіліся дзве падводы паліцаяў і яны пачалі страляць і даганяць уцекачоў. Рыбаку падалося, што ў перастрэлцы Сотнікаў загінуў, і ён вырашае: «Сотнікава ўжо не ўратуеш, а самому загінуць вельмі проста. …Рыбак хуценька закінуў за спіну карабін, рашучым намаганнем узваліў на плячо авечку і, спатыкаючыся ў снезе, прыпусціў…» Ён змірыўся з думкай пра гібель Сотнікава ўжо тут. Але перастрэлка пачалася зноў, значыць, Сотнікаў быў яшчэ жывы. Гэта дадало Рыбаку трывогі, панізіла «кволую радасць ад таго, што сам уратаваўся». Пісьменнік-псіхолаг праз унутраныя маналогі, думкі Рыбака паказаў, што з гэтага моманту герой пачынае больш дбаць пра ўласнае выратаванне. Але дакоры сумлення пакуль што перамагаюць. Рыбак выразна адчуў, што так нельга, ён папракае сябе: «Як было столькі сілы выдаткоўваць на гэту праклятую авечку, калі там аставаўся таварыш? Ён яшчэ жыў і напамінаў аб сабе стрэламі, а Рыбак, па сутнасці, пакідаў яго ворагам. Відавочная недарэчнасць ранейшага намеру стала такая выразная, што Рыбак вылаяўся… <…>

Стараючыся не разважаць болей, ён хуткім крокам кінуўся па сваім следзе назад», потым перавязвае Сотнікаву рану, валачэ яго на сабе, шукаючы паратунку. Аўтар зноў падкрэсліў таварыскасць і трываласць Рыбака, які «не даючы сабе перадыху, упарта валок Сотнікава», дарэшты знясілеў і сам. Бачачы пакуты параненага і ледзь жывога Сотнікава, Рыбак шчыра шкадуе яго.

На працягу ўсяго выканання задання — гэтага трагічнага паходу па харч — рашэнні прымае толькі Рыбак: ён больш вопытны і дужы. Сотнікаў жа засяроджаны пераважна на сваіх адчуваннях — хворага, замерзлага, а потым і параненага чалавека.

Пісьменнік мноства разоў звяртаў увагу чытачоў на фізічную сілу, знаходлівасць Рыбака, якія не раз у час вайны ратавалі не толькі яго, але і таварышаў: «Неяк восенню ягоны спрыт і знаходлівасць уратавалі жыццё пяцярым хлопцам з разведкі…» Ён уратаваўся б і зараз, каб не Сотнікаў, у якога не было сіл уцякаць ад паліцаяў і нават стаяць на нагах. Але ўсё ж Рыбак не пакідае знямоглага параненага таварыша, хоць у глыбіні свядомасці міжвольна ўзнікае трывога за ўласнае жыццё. І зноў герой каторы раз пераадольвае страх і разгубленасць, не траціць веры, што ўдасца ўратавацца. Рыбак намагаўся пераадольваць у сабе «страхавітую трывогу за сваё жыццё». Аўтар звярнуў на гэта ўвагу: «Ён ведаў ужо, што страх за ўласнае жыццё — першы крок да разгубленасці, бо варта толькі страціць цвярозую разважнасць, знервавацца, як беды пасыплюцца адна за адной. Тады ўжо сапраўды канец. Цяпер жа хоць і давялося туга, але, магчыма, не ўсё яшчэ страчана».

Сам В. Быкаў у артыкуле «Як была напісана аповесць “Сотнікаў”» так тлумачыць сутнасць гэтага героя: «Рыбак таксама не нягоднік па натуры: складзіся абставіны інакш, магчыма, праявіўся б зусім іншы бок ягонага характару і ён прадстаў бы перад людзьмі ў іншым святле. Але няўмольная сіла ваенных абставін вымусіла кожнага зрабіць самы рашучы ў чалавечым жыцці выбар — годна памерці або застацца жыць подла. І кожны выбраў сваё».

Палон Рыбак успрымае спачатку як непрыемнае здарэнне, з якога, ён быў упэўнены, павінна быць выйсце. Дагэтуль яму, знаходліваму і спрытнаму, удавалася ратавацца ад смерці і дапамагаць іншым. Яму не верылася, што не пашанцуе на гэты раз, і ён пачаў хітраваць. Жыццё, на думку героя, гэта своеасаблівая «гульня», перамагае ў ёй той, хто здольны рызыкаваць, хто дбае перш за ўсё пра выжыванне, а не пра свой гонар. 

Рыбак памыліўся: калі жыццё купляецца подласцю, гэта ўжо не гульня, а здрада. Апынуўшыся ў палоне, герой знайшоў сабе апраўданне: нямогламу Сотнікаву ён ужо ніяк не зможа дапамагчы, яго партызанскі таварыш ужо асуджаны. Рыбак вызваліў сябе ад маральна-этычнага абавязку быць апорай слабаму і тым самым пайшоў на кампраміс з уласным сумленнем. 

У той жа час Сотнікаў у палоне прыйшоў да высновы, што жыццё пакінула яму апошні абавязак і шанс загінуць з годнасцю, паспрабаваўшы сваёй смерцю адкупіць жыцці арыштаваным бязвінным вяскоўцам. У трагічных абставінах палону Рыбак бачыць некалькі варыянтаў выбару свайго далейшага лёсу. Ён паверыў, што ў змаганні за жыццё можна паступіцца чым-небудзь дробным. Яго нават не стрымлівае цвёрдая перасцярога Сотнікава, меркаванні якога ён шанаваў: «Дзівак! З кім ты ўздумаў цягацца? <…> Гэта — машына! Або ты будзеш служыць ёй, або яна сатрэ цябе ў парашок». Аднак ахоплены неадольнай прагай жыць, Рыбак ужо наважыўся на самае горшае, хоць у душы ўсё яшчэ стараецца знайсці апраўданне свайму адступніцтву: нічога не здарыцца, калі карнікі дазнаюцца пра месца знаходжання атрада, ім туды не дабрацца... Ратуючы сябе, герой вырашае цяжар адказнасці перакласці на старасту. Пётра, лічыць ён, хоць і звязаны з партызанамі, але ж служыць немцам.

Ідучы далей на кампраміс з сумленнем, Рыбак ужо не шкадуе і Сотнікава, закрэслівае яго жыццё і згаджаецца дапамагчы павесіць свайго таварыша. Ад жывога, але нямоглага Сотнікава, лічыць Рыбак, не можа быць ніякай карысці. Але яго смерць дае шанс, на думку героя, уратаваць уласнае жыццё. Рыбак спадзяецца выйграць у ворагаў і час, і жыццё, каб потым расквітацца і за Сотнікава, і за сябе.

Псіхалагічна матывавана паказаў аўтар падзенне Рыбака, да якога героя прыводзіць шэраг уступак-кампрамісаў з уласным сумленнем. Пасля таго, што адбылося на местачковай плошчы, Рыбак стаў для ўсіх здраднікам. Тым не менш ён не хоча прызнаць сябе вінаватым і ў думках шукае апраўдання: «Хіба ён выбраў сабе такі лёс? Хіба ён не змагаўся да самага канца?» І сваю віну ў расправе над Сотнікавым ён адмаўляе: «Пры чым тут ён? Хіба гэта ён? Сотнікаў сам узлез, сам скочыў з цурбана. Ён толькі трымаў. І то па загаду».

Васіль Быкаў у фінале аповесці паказаў, што колішняга партызана Рыбака ўжо няма. Пасля гібелі Сотнікава нарадзіўся Рыбак-здраднік.

Аўтар судзіў свайго героя праўдай і ўзнясеннем Сотнікава, які не спасылаўся на безвыходныя абставіны, бо, сапраўды, нельга ніякімі абставінамі апраўдваць здраду, злачынства. 

У творы В. Быкаў паказваў нам, што часам узнікаюць сітуацыі, з якіх чалавеку няма рэальнага выйсця і вяртання ў жыццё. Але бяссілле перад абставінамі, трагізм сітуацыі не павінны здымаць з чалавека адказнасці за сябе і за тых, хто побач. Складаныя абставіны, наадварот, патрабуюць большай адказнасці асобы за ўчынкі, бо маўклівае падпарадкаванне і памылковы выбар прыводзяць чалавека да маральнага паражэння. У сцвярджэнні гераічнай асобы, якая і ў трагічных абставінах застаецца вернай сабе, — такой асобай быў Сотнікаў — В. Быкаў справядліва ўвасобіў высокі гуманістычны ідэал чалавецтва.

 

Персанажы другога плана: прадстаўнікі «народнай праўды»

Маральнае падзенне Рыбака ўзмацняецца ў аповесці вобразамі Пётры Качана, Аўгінні Вокунь, па-вясковаму — Дзёмчыхі, яе чатырох дзяцей і дзяўчынкі Басі. Гэтыя людзі выпадкова сустрэліся на шляху партызан. Да Пётры Качана Рыбак і Сотнікаў трапілі неспадзявана, бо хутар, дзе партызаны павінны былі запасціся харчам, аказаўся спаленым. Хату старасты партызанам паказала жанчына, «чырвонаармейская маці», якая секла дровы і жыла побач з Качанамі. Аўтар звярнуў увагу на дагледжанасць сядзібы і прыбудоў: на двары было ўтульна, адчуваўся парадак, стаялі сані, «пад сцяной хлеўчука святлеў ладны штабялёк нарыхтаваных… дроў». Калі Сотнікаў і Рыбак зайшлі ў хату, гаспадар сядзеў за сталом і чытаў Біблію, а яго жонка, «бялявая з твару і… рухавая кабета», паявілася з-за шырмы. Высветлілася, што іх сын Толік быў прызваны ў савецкае войска яшчэ ў 1939 годзе. Бацькі даўно не маюць ад яго звестак, спадзяюцца, што ён жывы і ваюе супраць фашыстаў на фронце. На фотаздымак маладога хлопца «ў гімнасцёрцы з артылерыйскімі эмблемамі», якімі чымсьці быў падобны да бацькі, звяртае ўвагу Рыбак. Варожыя адносіны да «нямецкага прыслужніка» ў Рыбака паступова знікаюць, асабліва пасля размовы з гаспадарамі пра невядомы лёс сына.

Гаспадыня не ад страху, а па сваёй мацярынскай, жаноцкай дабрыні стараецца дагадзіць партызанам: Сотнікава ўсаджвае на ўслон каля цёплай грубкі, дае яму зёлкі ад прастуды, сухую маліну, прапануе гарачую капусту. Яна хоча шчыра дапамагчы хвораму і слабаму чалавеку. А ён, злосны і пануры, упарта адмаўляецца ад дапамогі, ад працягнутых рук немаладой сялянкі, якая, магчыма, гледзячы на змерзлых і галодных партызан, згадвала свайго сына. 

Стараста і Рыбак абменьваюцца суровымі папрокамі, якія падкрэсліваюць драматызм абставін: на сцвярджэнне Рыбака, што, згадзіўшыся быць старастам, Пётра «апазорыў сына», той адказвае: «А ён мяне не апазорыў? Немцу аддаў». Без страху стары далей кажа: «Ваша віна. Маладзейшых». Адчуваецца, што пасада старасты — гэта вялікая пакута для гаспадара і яго жонкі. Высвятляецца, што старастам ён пагадзіўся быць не па ўласнай волі, а па просьбе аднавяскоўцаў, а таксама былога партыйнага сакратара з раёна і начальніка міліцыі. Пётра — чалавек, які шмат бачыў і зведаў. Яшчэ ў Першую сусветную вайну ён трапіў у палон да немцаў і працаваў у Германіі два гады. Яму агідна быць «халуём нямецкім», ён моўчкі пакутуе, бо паліцаі кожны дзень пагражаюць, не адзін раз ставілі да сцяны ў хаце, пагражаючы расстраляць. «Мучаецца ён, не дай бог», — расказвае Сотнікаву пра свайго гаспадара старасціха. 

Васіль Быкаў ствараў вобраз гэтага героя з дапамогай нешматлікіх, але сэнсава значных апісанняў і дэталей. Манера гаворкі героя, спакойныя, годныя паводзіны нават пад пагрозамі Рыбака характарызуюць старасту Качана як чалавека сумленнага, стрыманага, нехлуслівага, які ўжо зведаў цану жыцця і смерці. Ён пакладаецца на волю і літасць Усявышняга, жыве ў працы і малітве, з верай і Бібліяй: «Вялікія яго парэпаныя рукі ляжалі на чорнай вокладцы кніжкі», — гэта заўвага аўтара дакладна сведчыць пра нястомную працавітасць і мудры спакой чалавека, гатовага да ўсіх выпрабаванняў лёсу.

Стараваты, «зусім ссівелы», «вялікі і мажны», ён чытаў Біблію за сталом пад абразамі ў сваёй хаце, калі прыйшлі партызаны. Важны сэнс мае гаворка Пётры і Рыбака пра Біблію, што выразна характарызуе абодвух герояў, іх розныя маральныя адносіны да жыцця. Для Качана Біблія — штодзённая кніга, бо ён жыве з верай у вышэйшую справядлівасць, з разуменнем граху і волі лёсу, і гэта дапамагае яму спакойна і годна трымацца ў цяжкіх выпрабаваннях жыцця. Для Рыбака — гэта нязведаныя маральныя запаведзі, неспазнаны духоўны вопыт чалавецтва, які мог бы ўтрымаць яго ад здрады. Аднак Рыбак нават «ніколі не бачыў Бібліі».

Пётра Качан не спужаўся і не здзівіўся прыходу партызан. Папрокі Рыбака ў здрадніцтве ўспрымае стрымана, заўважаючы, што нехта павінен быць і старастам. Ён з гатоўнасцю аддае авечку для галодных партызан.

Пётру карнікі схапілі першым, бо апазналі, чыю авечку неслі ў лес, ды не данеслі партызаны. Ён з годнасцю ўспрымае прысуд лёсу, не спрабуе звальваць віну на партызан. Такія паводзіны Качана здзіўляюць Рыбака, які пачынае гандляваць сумленнем дзеля захавання свайго жыцця.

Другі і апошні раз Сотнікаў і Рыбак сустракаюцца са старастам перад смерцю, у камеры. У апошнюю ноч Пётра проста і сціпла прызнаецца, што згадзіўся стаць старастам па даручэнні раённага начальства: «…пагаджайся. А то Будзілу паставяць — усім горай будзе». Следчы, здраднік Партноў, прапануе Пётру ўратаваць сваё жыццё здрадай — выведаць у Рыбака і Сотнікава ўсё пра партызанскі атрад. Але стараста адмаўляецца: «Шэсцьдзясят сем гадоў пражыў, а каб пад старасць на такое дзела… Не-е, не па мне гэта». 

Духоўная сіла і маральная вартасць гэтага героя відавочныя. Пётра знаходзіць словы падтрымкі і для Аўгінні, і для дзяўчынкі Басі. Развітваючыся з жыццём, «былы стараста засцярожліва выпрастаўся і, не падымаючы галавы, стрымана, нібы ў царкве, пакланіўся людзям». Сотнікаў адчувае сваю віну перад гэтым спагадлівым, мудрым і прыгожым чалавекам. 

Вобраз Аўгінні Дзёмчыхі, якая бязвінна, па збегу бязлітасных абставін, павінна загінуць, надзвычай трагічны. Застаюцца сіротамі яе чацвёра малых дзетак. Муж ваюе на фронце. Жанчына просіць хоць якіх заробкаў у суседзяў, каб пракарміць дзяцей, дачакацца канца вайны. Непрадбачаны выпадак прыводзіць у яе хату няпрошаных, нечаканых гасцей — Сотнікава і Рыбака. Аўтар падрабязна апісвае шматзначны эпізод — прыход незнаёмцаў у Дзёмчышыну хату, калі самой гаспадыні не было і прышэльцаў сустрэлі дзеці. Старэйшая дзесяцігадовая дзяўчынка паведаміла, што маці «на хлеб зарабляе. Нас жа чацвёра едакоў, а яна адна». Дзяўчынка і меншыя дзеці з цікавасцю глядзяць на незнаёмых. Старэйшая «…на цыпачках звыкла пацягнулася ў чалеснік і забразгала засланкай… …Яна са шчырасцю хацела дагадзіць людзям: дастала лыжкі, шмыганула некуды ў цемнаваты кут і паставіла на стол яшчэ і талерку з вялікімі зморшчанымі агуркамі». Малыя падзяліліся з маўклівымі ўзброенымі дзядзькамі апошняй ежай. Як бачна, дзеці ў гэтай хаце выхоўваюцца па спрадвечнай народнай маралі, дзеляцца апошняй бульбінай і агурком.

Застаўшы ў сваёй хаце няпрошаных гасцей, Аўгіння спачатку злуецца, бо ёй і без таго цяжка жыць. Аднак убачыўшы, што Сотнікаў паранены, жанчына змяняе свае адносіны да партызан. Спрадвечная жаночая спагада і дабрыня падказваюць Дзёмчысе, што менавіта так, а не інакш яна павінна дзейнічаць. Яна дае цёплую ваду абмыць параненую нагу Сотнікаву, кавалак кужалю перавязаць рану, заўважыўшы паліцаяў, хавае партызан на гарышчы...

Дапамагаючы Рыбаку і Сотнікаву, Дзёмчыха рызыкавала жыццямі дзяцей і сваім уласным, але па-іншаму яна не магла сябе паводзіць. Яна — чалавек моцнага характару, які да канца не скараецца абставінам і лёсу, як можа, супраціўляецца гвалту і здзекам з сябе і іншых. Жанчына спрабуе абараніць Сотнікава, калі яго б’юць паліцаі. Яе адрываюць ад дзяцей і вязуць разам з партызанамі ў мястэчка. Па дарозе паліцаі здзекуюцца з жанчыны, але яна шле праклёны ім і Гітлеру. 

Следчы, здраднік Партноў, вытлумачвае паводзіны Дзёмчыхі па-свойму, палічыўшы яе «партызанскім агентам». У палоне жанчына не зламалася, як гэта адбылося з самым дужым — Рыбаком. Перад шыбеніцай у апошнія хвіліны маці-пакутніца думае пра дзяцей: «Як яны будуць там без мяне! Ой, дзетачкі мае родненькія…». 

Цеплынёй сваіх збалелых сэрцаў Пётра і Аўгіння саграюць чужое дзіця, яўрэйскую дзяўчынку Басю. Трынаццацігадовая Бася, дачка местачковага шаўца Мэера, засталася сіратой пасля таго, як фашысты і паліцаі расстралялі ўсіх яўрэяў мястэчка і разрабавалі іх хаты. Збавіцелькай Басі нейкі час была суседка, цётка Праскоўя. Яна параіла дзяўчынцы схавацца ў час пагрому ў густым надрэчным зарасніку. Бася — яшчэ адна бязвінная ахвяра абставін. Паліцаі дамагаюцца, каб дзяўчынка прызналася, хто яе ратаваў і хаваў. Але ў дзіцяці воля мацнейшая і сумленне чысцейшае ў параўнанні з Рыбаком. Яна не выдае сваіх збавіцеляў, упарта маўчыць на допытах-катаваннях. 

Пётра Качан і Дзёмчыха не толькі шкадуюць яе, але і вучаць людскасці: нізавошта не прызнавацца, хто яе хаваў, нават калі прыслужнікі-паліцаі і біць будуць. Басю білі, з яе здзекаваліся. Адагрэтая пяшчотай і спагадай выпадкова сустрэтых у камеры людзей, дзяўчынка не можа стрымаць «нясцерпны, балючы плач. Ён быў кароценькі, але столькі дзіцячай роспачы вылілася ў ім, што ўсім у гэтай камеры зрабілася ніякавата», — пісаў В. Быкаў. Як непазбежнасць прымае дзяўчынка смерць. Яна хуценька ўзлезла на ўслон перад «сваёй» шыбеніцай, пераступаючы замерзлымі парэпанымі нагамі. У апошнія імгненні жыцця Бася з палахлівай цікаўнасцю азірала натоўп, нібы шукала знаёмых. 

Пётра Качан, Аўгіння Дзёмчыха, Бася — бязвінныя ахвяры трагічных абставін. Праз іх вобразы пісьменнік яшчэ раз сцвердзіў, што чалавечыя годнасць, спагада, дабрыня, духоўнасць павінны быць вышэйшыя за самыя безвыходныя сітуацыі. Смерць кожнага чалавека — вялікая страта, а тым больш — гібель дзіцяці, гібель бязвінных сумленных людзей. Гібель гэтых герояў падкрэслівае амаральнасць выбару Рыбака — цаной здрады захаваць сваё жыццё. У сапраўдным чалавеку павінна быць дастаткова сілы і чалавечнасці, каб памерці годна, не здраджваючы людзям, духоўным і маральным святыням чалавецтва.

 

Выкрыццё паліцаяў — прыслужнікаў немцаў

У апошнюю ноч Аўгіння Дзёмчыха і стараста Пётра народным судом, судом сумлення, асуджаюць знаёмых здраднікаў-паліцаяў — Проньку-Партнова, Стася Гаманюка-Піліпёнка, Хадаронка, Будзілу. Пра жорсткасць фашысцкага прыслужніка Будзілы да сваіх жа людзей, якія баяліся, каб ён не стаў старастам, упершыню згадвае жонка Пётра Качана. Будзіла — бязлітасны кат, які па распараджэнні следчага, здрадніка Партнова, гатовы «зрабіць катлету», «фарш з маладога цела», «павыцягнуць усе жылы» з палонных. Везучы арыштаваных партызан і Дзёмчыху ў паліцыю, Стась пагражае Сотнікаву: «Будзіла з цябе ўсё выцягне. З вантробамі вырве». І сапраўды кат бязлітасна збівае Сотнікава, бо той не збіраецца выдаваць партызанскі атрад.

Партноў — былы настаўнік, чалавек са знешнасцю сціплага вясковага інтэлігента. Да вайны неаднойчы прыязджаў са свайго хутара, дзе жыў з маці, да Аўгінні па яблыкі. Яна ўспамінае: быў ветлівы, ласкавы, з усімі вітаўся. Але ў яго не засталося ні кроплі жалю і спагады ні да гэтай жанчыны, ні да іншых. Пётра згадвае, як Партноў у савецкі час супраць Бога агітаваў. Здраднік Партноў — добры псіхолаг, ён бачыць, што Рыбак схопіцца за шанс выжыць і прапануе яму: «Жыць хочаш?» І Рыбак згаджаецца стаць адным з «хлопцаў Партнова» — паліцаем. Трапныя народныя ацэнкі здраднікам-паліцаям дае Аўгіння. Партнова яна называе вужакай, укладваючы ў гэту метафару справядлівую нянавісць і агіду: «Вужака ён быў. І ёсць вужака. Не ўсе ведаюць толькі».

Паліцай Стась Піліпёнак таксама з мясцовых. Ён да вайны трапіў у турму «за панажоўшчыну». Крымінальнік у час вайны вярнуўся і стаў фашысцкім памагатым, сваёй жорсткасцю наводзячы на людзей страх. Вяскоўцы ведалі, як ён здзекаваўся з местачковых яўрэяў, збіваў, расстрэльваў, рабаваў іх. «Дабра нацягаў… Усю хату заваліў. А цяпер во і да нас, хрышчоных, дабраўся», — расказвае Дзёмчыха. Для людзей, якія жывуць сумленна, са страхам граху ў душы, незразумела, як можна стаць здраднікам і забойцам, здзекавацца са сваіх людзей. Пётра, які многа бачыў у жыцці, не можа спасцігнуць: «Жыў, еў каторы, людзям у вочы глядзеў, а цяпер займеў вінтоўку і ўжо застрэліць меціцца. І страляюць! Колькі перабілі...»

Сапраўдным народным судом — народнымі праклёнамі — судзіць здраднікаў Дзёмчыха. Калі стала вядома, што памёр паліцай Хадаронак, якога падстрэліў Сотнікаў, жанчына прамаўляе: «Каб ім усім паздыхаць, гадаўю гэтаму», «Гадаўё вы паганае! Гітляроўскае!»

Мастацкая дасканаласць твора. Сюжэт і кампазіцыя. Прыёмы псіхалагізму

Многія даследчыкі творчасці В. Быкава называюць гэту аповесць прыпавесцю аб гераізме і здрадніцтве, параўноўваюць з матывамі біблейскай легенды аб Авелі і Каіне, аб новым узыходжанні чалавека-пакутніка на Галгофу (А. Адамовіч, I. Дзядкоў). Адметная асаблівасць кампазіцыі аповесці ў тым, што аўтар падаваў падзеі праз успрыманне то Сотнікава, то Рыбака. Такі прыём паглыбляе дакладнасць, выразнасць мастацкага даследавання ўнутранага свету герояў. Выбраная аўтарам філасофска-маральная праблематыка патрабавала менавіта «ўнутранага», псіхалагічнага даследавання і выяўлення. 

Такая кампазіцыя аповесці — пачарговая змена апавядальніка — важная для разумення філасофскай і маральнай асновы твора, бо нам аднолькава важныя і цікавыя лініі паводзін Сотнікава і Рыбака. Дыялагічнай формай пабудовы твора пісьменнік «даў» героям аднолькавыя магчымасці для самараскрыцця. I высвятляецца, што Сотнікаў увесь час судзіць сябе ў складаных сітуацыях; Рыбак жа ў аналагічных умовах шукае сабе і сваім учынкам апраўданне. Гэты кампазіцыйны прыём дазваляе ўбачыць адухоўленасць і гераізм Сотнікава і трагедыю маральнага падзення яго былога таварыша.

Кампазіцыйную адметнасць гэтага твора адзначалі даследчыкі творчасці В. Быкава. Расійскі літаратуразнавец Л. Лазараў пісаў: «Такая пабудова аповесці дае магчымасць супастаўляць і параўноўваць не толькі паводзіны герояў, але і іх матывы, якімі яны кіраваліся, робячы так або іначай; адкрываецца тое, што яны думаюць пра падзеі, пра сябе, адзін пра другога, рух іх душы; відаць, як адна і тая ж падзея можа ўспрымацца і ацэньвацца імі па-рознаму». 

Беларускі даследчык творчасці В. Быкава Д. Бугаёў трапна заўважыў: «Унутры кожнага з “сотнікаўскіх” і “рыбакоўскіх” раздзелаў аўтарскае апавяданне ўскладняецца і ўзбагачаецца. Гэта ўзмацняе ёмістасць і пераканальнасць псіхалагічнага аналізу, дакладнасць і глыбіня якога складаюць найважнейшы клопат пісьменніка». Сапраўды, гэты твор — адзін з самых псіхалагічна заглыбленых у спадчыне В. Быкава. Характары галоўных герояў тут дакладна распрацаваны і пераканаўча прадстаўлены чытачу. Аўтар змог паказаць нават тое, што ўзнікае і падымаецца з глыбіні псіхічнага жыцця герояў пад уплывам незвычайных абставін. Так, напрыклад, пісьменнікам выразна паказана, як у свядомасці Рыбака ўсё часцей змешваецца міжвольнае шкадаванне хворага, а затым і параненага Сотнікава з няпэўнай спачатку прыкрасцю: як бы праз Сотнікава не трапіць у бяду… Гэта думка ў другой палове твора ўсё часцей турбуе і непакоіць героя, а ў канцы аповеду трывога за ўласнае жыццё заглушае ўсе астатнія думкі і адчуванні Рыбака.

Псіхалагічнае майстэрства В. Быкава ў гэтым творы поліфанічнае, шматаспектнае: ад выбару лексічных сродкаў да сюжэтна-кампазіцыйнай структуры. Напрыклад, мы заўважаем і адчуваем раздражненне і паступовую адчужанасць Рыбака ад сябра праз яго думкі, калі з’яўляецца выраз «гэты Сотнікаў», з-за якога баіцца загінуць Рыбак. Унутраны стан і псіхалогію Рыбака аўтар ёміста ахарактарызаваў дзеясловамі, калі гэты герой пачынае думаць, як «вывернуцца», «выбрацца», «выкруціцца», зноў «вывернуцца», зноў «выкруціцца», «выкарабкацца». Іх ужываннем пісьменнік падкрэсліў, што Рыбак гатовы на ўсё, каб толькі выжыць.

Самым ужывальным і важным прыёмам перадачы ўнутранага свету герояў з’яўляюцца ўнутраныя маналогі. Праз іх аўтар-псіхолаг выявіў маральную сутнасць кожнага героя, перадаў матывацыю іх паводзін. Вось як, напрыклад, перадаецца стан Рыбака, калі ён валачэ параненага Сотнікава: «Тут была такая магчымасць уратавацца… і ён бы выкарыстаў яе, каб не Сотнікаў. Але з Сотнікавым далёка не ўцячэш. <…> У адчуваннях Рыбака перамешваліся розныя пачуцці да яго: і ціхі жаль, што столькі дасталося аднаму (мала прастуды, дык яшчэ і падстрэлілі), і ў той жа час пачала з’яўляцца няпэўная яшчэ прыкрасць: як бы гэты Сотнікаў не наклікаў бяды на абодвух. Сярод усяго патаемна трымцела, часам заглушаючы іншае, страхавітая трывога за сваё жыццё». Гэтымі радкамі добра перадаюцца маральныя ваганні Рыбака, у якіх прачытваецца і яго спачуванне да зняможанага таварыша, і думкі пра ўласнае выратаванне.

З вялікім псіхалагічным майстэрствам, выкарыстоўваючы ўнутраны маналог героя, апісаў В. Быкаў апошні бой Сотнікава і стан героя: «Ён адчуваў, што наўрад ці яны [паліцаі] пакінуць яго тут — пастараюцца ўзяць жывога ці хоць бы мёртвага. І ён падумаў, што, можа, яны да яго паўзуць. А можа, ён ужо кепска бачыць — ад слабасці ў вачах пачалі лётаць нейкія матылі, стала млосна. І ён спалохаўся, што можа страціць прытомнасць, і тады здарыцца самае горшае, чаго ён найбольш баяўся на гэтай вайне. Значыць, апошняе, на што ён павінен намагчыся, хоць цераз сілу, хоць самаю апошняй рэшткай свае здольнасці — не здацца жывым. <…> І ён парадаваўся ціхай злой радасцю, што ўсё ж выходзіла не па іх — па яго. Але ў яго былі яшчэ дзве абоймы патронаў — імі ён дасць свой апошні бой». Унутраныя маналогі герояў складаюць аснову апавядальнай плыні быкаўскага твора.

Сярод разнастайных прыёмаў псіхалагічнага майстэрства пісьменніка вылучаюцца кампазіцыйныя прыёмы сну і ўспамінаў герояў. Праз рэтраспектыўныя звароты да мінулага абодвух герояў аўтар паведаміў нам іх гісторыі: у якіх сем’ях яны выхоўваліся, што перажылі, што ўплывала на фарміраванне іх перакананняў, якімі яны былі да вайны і г. д. Дзіўны сон з глыбокім падтэкстам, у якім заключаюцца важныя думкі аўтара, сніцца ў апошнюю ноч жыцця Сотнікаву.

 

Пейзаж у аповесці

Васіль Быкаў, як правіла, не ствараў разгорнутых пейзажных малюнкаў, але кароткіх пейзажных апісанняў у аповесці «Сотнікаў», асабліва ў першай палове твора, дастаткова. Пейзажнымі фрагментамі часта акрэсліваецца месца, абставіны, дзе адбываецца дзеянне. Аповесць і пачынаецца з пейзажнага апісання: марознай ноччу два партызаны ідуць праз зімовы лес, а потым па полі, па глыбокім снезе, баючыся збіцца з ледзь прыкметнай дарогі. У гэтым апісанні аўтар згадаў «змрочнае без зор неба», піша, што і ў лесе «было змрачнавата», ствараючы трывожны настрой і як бы рыхтуючы чытача да далейшага драматычнага разгортвання падзей.

Пейзаж у гэтай аповесці, як і ў іншых творах В. Быкава, псіхалагізаваны, гэта значыць, нясе дадатковую сэнсавую нагрузку: ён можа выяўляць унутраны стан героя, агульны эмацыянальны фон твора, псіхалагічна прадказваць драматызм далейшых падзей, узмацняць трывожныя прадчуванні герояў, трагізм іх лёсаў, як гэта і адбываецца ў ім. У сціслых пейзажных апісаннях аповесці дамінуюць змрочныя чорны і шэры колеры, якія падкрэсліваюць трывожны, пануры настрой герояў і ўзмацняюць эмацыянальную напружанасць чытача, прадказваючы сумны фінал твора. Вось адзін з прыкладаў: «У зімовай шэрасці шырокай сцяной чарнеўся ельнік. <…> …у шэрым сутонні наперадзе яшчэ нічога не было відаць, адно шарэў перамешаны са снегам хмызняк, які бязладна распоўзся наўкола. <…> Пунькі ў начной шэрасці ўсё не было відаць…» Кароткія, змрочныя малюнкі, якіх у творы многа, выразна і пераканаўча перадаюць адчуванне сцюжы, холаду, бездарожжа і нават нерэальнасці: «Наўкола мроіўся начны прывідны прастор: шэрань, снег, суцемак з мноствам няўлоўных пераходаў, паўценяў і плямаў, і нідзе не было ні агеньчыка, ні руху — змоўкла, замерла, стаілася зямля. <…> Наўкола свістаў-шархацеў на снежным полі вецер, ноч ляжала нямая, як сон…».

Як бачым, пейзаж — гэта важны мастацкі сродак, якім па-майстэрску карыстаўся пісьменнік для ўвасаблення сэнсавай глыбіні і псіхалагічнай напоўненасці твора.

 

Роля мастацкай дэталі ў абмалёўцы герояў і падзей

Пісьменнік уражвае нас майстэрствам ужывання мастацкіх дэталей, вобразаў-сімвалаў, якія надаюць твору філасофскую напоўненасць. Мастацкая дэталь — гэта асаблівы, сэнсава значны элемент вобраза або твора ў цэлым. У творы В. Быкава многа мастацкіх дэталей, якія ўзбуйняюцца да вобразаў-матываў і з’яўляюцца сродкамі псіхалагічнай, этычнай характарыстыкі герояў або паглыбляюць наша разуменне маральна-філасофскага сэнсу твора. Так, напрыклад, важнай псіхалагічнай дэталлю ўяўляецца апісанне аўтарам хады хворага Сотнікава, што перадаецца праз успрыманне Рыбака, які шкадуе, што яго «падводзіў напарнік»: Сотнікаў «ледзь прыкметна варушыўся ззаду ў лясным сутонні», «прыстала шкандыбаў па снезе», «прыстала брыдучы ззаду», стараўся «не збіцца з кроку, не парушыць пасільны… тэмп», «горбячыся пры хадзе, ён зноў пачаў адставаць», «зноў адстаў і ўсё яшчэ стомлена гробся па схіле».

Важныя мастацкія дэталі ўжыў аўтар і для характарыстыкі Пётры Качана — «вялікія яго парэпаныя рукі», коратка і акуратна пастрыжаная барада, Біблія, ладна складзеныя на падворку дровы… Гэта паглыбляе наша разуменне героя — чалавека працы, дбайнага гаспадара, сумленнага хрысціяніна, які з верай у вышэйшую справядлівасць спакойна пераходзіць у вечнасць.

Значнымі, ёмістымі дэталямі ўяўляюцца, напрыклад, бульба і агурок — ежа ў хаце салдаткі Дзёмчыхі, якія старэйшая дзяўчынка ставіць на стол для партызан. Гэтыя дэталі даюць нам зразумець не толькі нястачу ў хаце, але і спагадлівасць, дабрыню, літасцівасць беларускага народа, якія з маленства закладзены ў народнай маралі і свядомасці: галодныя сялянскія дзеці дзеляцца апошнім. Увогуле адчуванне голаду ўзбуйняецца ў творы да маральна-філасофскага матыву: галодныя партызаны ў лесе, галодныя дзеці, галодныя Сотнікаў і Рыбак, што псіхалагічна ўзмацняе ідэю аб антычалавечай сутнасці вайны. Але аўтар некалькі разоў асабліва падкрэсліў нясцерпнае адчуванне голаду Рыбаком, які некалькі разоў пачынае гаварыць з Сотнікавым пра ежу. Яму, здароваму і галоднаму партызану, сняцца пра хлеб сны… Але ці «хлебам адзіным жыве чалавек»?.. Гэтаму герою не хапае спажытку духоўнага: малаадукаваны, ён не мае высокіх перакананняў, ён асмельваецца на грэх братазабойства, бо Біблія, хрысціянскія запаведзі сужыцця людзей ім не спазнаны. Вера і гуманістычна-хрысціянскія ідэі не кранулі яго душу, і яна застаецца сляпой і глухой. Не ўмацавана жыццё Рыбака «хлебам духоўным», што і прадвызначае яго маральнае падзенне.

Важнай дэталлю, якая таксама набывае ў творы значэнне філасофскага архетыпу1-сюжэта, з’яўляецца дарога. Дарога, па якой партызаны ідуць на заданне, ледзь прыкметная, замеценая снегам; яны баяцца збіцца з яе. Гэта дарога, як піша В. Быкаў, то няпэўна знікае, то «няблага ўгадвалася», што ў дасканалым творы сімвалічна і невыпадкова. І ўсё ж партызаны заблудзілі («ні чалавечага следу, ні каляіны, ні нават знаку ад капыта ці полаза»). Дарога, якая павінна была быць шляхам выратавання (партызан ад голаду), дарога няпэўнасці, драматычнай невядомасці становіцца шляхам-выпрабаваннем. Для Сотнікава дарога на апошняе заданне стала шляхам фізічных пакут, маральных выпрабаванняў і духоўнага ўзвышэння-ўзыходжання. Для Рыбака, наадварот, гэта дарога прывяла да ганебнай здрады, прыкрага маладушнага падзення. У маральна-філасофскім падтэксце гэтага быкаўскага твора дарога сімвалізуе лёс і жыццё кожнага чалавека.

У творы сустракаюцца і іншыя вобразы-дэталі, вобразы-матывы, якія, несумненна, выконваюць важныя сэнсавыяўленчыя функцыі (напрыклад, пацукі ў памяшканні, дзе чакаюць пакарання партызаны і схопленыя невінаватыя людзі; гучанне галасоў Сотнікава і Рыбака, калі апошні хоча схаваць і пакінуць параненага таварыша ў вёсцы; помнікі і крыжы на вясковых могілках, якія ноччу партызаны прынялі за лес; вобраз-матыў зарэзанай авечкі, што выклікае асацыяцыю з біблейскім ахвярным ягнём і інш.).

 ____________________

1Археты́п  — універсальны правобраз або першавобраз (маці-зямлі, героя, мудрага старца, дэмана і інш.), які паўтараецца на працягу гісторыі ўсюды, дзе свабодна дзейнічае творчая фантазія людзей.

Пытаннi

1Дайце характарыстыку вобраза Сотнікава. Якімі прыёмамі ствараецца характар героя? Акрэсліце ролю «апошняга сна Сотнікава» ў выяўленні яго ўнутранага свету.
2. Каго з герояў аповесці В. Быкава «Сотнікаў» можна лічыць «прадстаўнікамі народнай праўды»? Адказ абгрунтуйце.
3. Падрыхтуйце вуснае паведамленне «Вобраз Рыбака і асуджэнне В. Быкавым кампрамісаў з уласным сумленнем».
4. Вызначце ідэю твора і выкажыце свае адносіны да аўтарскай пазіцыі.
5. Выкажыце свае адносіны да праблемы чалавека перад знішчальнымі сіламі бесчалавечных абставін. У чым, на ваш погляд, заключаецца антыгуманная сутнасць вайны?
6. Першапачаткова аповесць «Сотнікаў» мела назву «Ліквідацыя». Паразважайце над сутнасцю абедзвюх назваў. Якая з іх, на ваш погляд, найбольш выразна ўвасабляе ідэйны змест твора?
7. Паглядзіце фільм «Узыходжанне» (1976, рэжысёр Ларыса Шапіцька), параўнайце яго змест з быкаўскай аповесцю. Растлумачце сэнс назвы фільма. Якімі кінематаграфічнымі сродкамі рэжысёр здолела перадаць трагізм празаічнага твора В. Быкава?