«Сотнікаў»

Выкрыццё паліцаяў — прыслужнікаў немцаў

У апошнюю ноч Аўгіння Дзёмчыха і стараста Пётра народным судом, судом сумлення, асуджаюць знаёмых здраднікаў-паліцаяў — Проньку-Партнова, Стася Гаманюка-Піліпёнка, Хадаронка, Будзілу. Пра жорсткасць фашысцкага прыслужніка Будзілы да сваіх жа людзей, якія баяліся, каб ён не стаў старастам, упершыню згадвае жонка Пётра Качана. Будзіла — бязлітасны кат, які па распараджэнні следчага, здрадніка Партнова, гатовы «зрабіць катлету», «фарш з маладога цела», «павыцягнуць усе жылы» з палонных. Везучы арыштаваных партызан і Дзёмчыху ў паліцыю, Стась пагражае Сотнікаву: «Будзіла з цябе ўсё выцягне. З вантробамі вырве». І сапраўды кат бязлітасна збівае Сотнікава, бо той не збіраецца выдаваць партызанскі атрад.

Партноў — былы настаўнік, чалавек са знешнасцю сціплага вясковага інтэлігента. Да вайны неаднойчы прыязджаў са свайго хутара, дзе жыў з маці, да Аўгінні па яблыкі. Яна ўспамінае: быў ветлівы, ласкавы, з усімі вітаўся. Але ў яго не засталося ні кроплі жалю і спагады ні да гэтай жанчыны, ні да іншых. Пётра згадвае, як Партноў у савецкі час супраць Бога агітаваў. Здраднік Партноў — добры псіхолаг, ён бачыць, што Рыбак схопіцца за шанс выжыць і прапануе яму: «Жыць хочаш?» І Рыбак згаджаецца стаць адным з «хлопцаў Партнова» — паліцаем. Трапныя народныя ацэнкі здраднікам-паліцаям дае Аўгіння. Партнова яна называе вужакай, укладваючы ў гэту метафару справядлівую нянавісць і агіду: «Вужака ён быў. І ёсць вужака. Не ўсе ведаюць толькі».

Паліцай Стась Піліпёнак таксама з мясцовых. Ён да вайны трапіў у турму «за панажоўшчыну». Крымінальнік у час вайны вярнуўся і стаў фашысцкім памагатым, сваёй жорсткасцю наводзячы на людзей страх. Вяскоўцы ведалі, як ён здзекаваўся з местачковых яўрэяў, збіваў, расстрэльваў, рабаваў іх. «Дабра нацягаў… Усю хату заваліў. А цяпер во і да нас, хрышчоных, дабраўся», — расказвае Дзёмчыха. Для людзей, якія жывуць сумленна, са страхам граху ў душы, незразумела, як можна стаць здраднікам і забойцам, здзекавацца са сваіх людзей. Пётра, які многа бачыў у жыцці, не можа спасцігнуць: «Жыў, еў каторы, людзям у вочы глядзеў, а цяпер займеў вінтоўку і ўжо застрэліць меціцца. І страляюць! Колькі перабілі...»

Сапраўдным народным судом — народнымі праклёнамі — судзіць здраднікаў Дзёмчыха. Калі стала вядома, што памёр паліцай Хадаронак, якога падстрэліў Сотнікаў, жанчына прамаўляе: «Каб ім усім паздыхаць, гадаўю гэтаму», «Гадаўё вы паганае! Гітляроўскае!»