«Сотнікаў»

Праблематыка аповесці. Чалавек перад знішчальнай сілай абставін.

Героі В. Быкава ваююць не толькі зброяй, але і сваім моцным характарам, духам супрацьстаяння бесчалавечнасці. Гэта ў поўнай меры адносіцца да аповесці «Сотнікаў» — твора пісьменніка пра веліч чалавечага духу.

Расказваючы пра задуму гэтага твора, В. Быкаў пісаў: «Перш за ўсё і галоўным чынам мяне цікавілі два маральныя моманты, якія, спрасціўшы, можна сфармуляваць так: “Што такое чалавек перад знішчальнаю сілай бесчалавечных абставін? На што ён здольны, калі магчымасці абараніць жыццё вычарпаны ім да канца і прадухіліць смерць немагчыма?”»  

Праз вобразы і лёсы герояў твора пісьменнік-мысліцель пераконваў: трэба жыць сумленна, з адказнасцю за кожны нават дробязны ўчынак; заставацца непадкупным і высокамаральным на вайне, перад непазбежнай смерцю — гэта гераізм; нельга ісці на кампрамісы з сумленнем нават, здавалася б, у нязначным; кожная здрада яму і агульначалавечай, хрысціянскай маралі, хаця б і дзеля ўратавання ўласнага фізічнага існавання за кошт жыцця, здароўя, інтарэсаў іншага чалавека — гэта ганьба і грэх. Яны непазбежна вядуць да духоўнага падзення асобы, жыццёвага паражэння таго, хто імкнецца шляхам здрады, амаральнага ўчынку займець уласную выгаду або ўратаваць сябе. Гэта і складае праблематыку і ідэйна-філасофскі змест аповесці. Адна з асноўных праблем твора — чалавечая вартасць, мера духоўнай і маральнай трываласці чалавека ў непераадольных абставінах, у моманты галоўнага жыццёвага выпрабавання, калі даводзіцца глядзець у вочы смерці.

На сюжэце-эпізодзе з ваеннага, партызанскага супраціўлення ва ўмовах акупацыі пісьменнік узняў філасофскую праблему складанага маральнага выбару. Два партызаны, Рыбак і Сотнікаў, атрымалі заданне: здабыць хоць нейкі харч для атрада, які ўжо тыдзень не мае ежы, амаль з усіх бакоў акружаны карнікамі; многія партызаны параненыя і прастуджаныя, і ўжо закончылася паранае жыта, якім ратаваліся ад голаду…

Але дасканаласць твора заключаецца не толькі ў майстэрскім адлюстраванні дадзенай незвычайна трагічнай падзеі, а яшчэ і ва ўніверсалізме, заўсёднай актуальнасці ўзнятай аўтарам праблемы. Сітуацыі выбару ўзнікаюць не толькі на вайне, яны паўстаюць перад кожным з нас і ў мірны час, і амаль кожны дзень. Напрыклад, што выбраць: прайсці міма і «не заўважыць» хама, які крыўдзіць слабейшага, або ўсё ж спыніць гвалтаўніка, які прыніжае чалавечую годнасць, і абараніць нямоглага?.. Часам бывае, што нехта выбірае маўчанне замест слоў праўды, ад якіх, магчыма, залежыць многае ў лёсе сябра, знаёмага…

Расказваючы пра драматызм выбару перад небяспекай смерці ў бязлітасных абставінах вайны, В. Быкаў узвысіў маральную нязломнасць ледзь жывога, параненага і закатаванага карнікамі Сотнікава. Пісьменнік асуджальна спачуваў дужаму і ўдачліваму да апошняга правалу на заданні Рыбаку, які, ратуючы ўласнае жыццё, згаджаецца на ганебную здраду і ўдзел разам з паліцаямі і фашыстамі ў смяротным пакаранні сябра-партызана. Намагаючыся застацца жывым, Рыбак не думае, што яго, як і кожнага здрадніка і забойцу, непазбежна напаткае кара. Большасць герояў твораў В. Быкава, як і Сотнікаў, моцныя сваім характарам, маральнай і духоўнай нязломнасцю, здольныя супрацьстаяць смерці і бесчалавечнасці. Яны ніколі не пераступаюць мяжу, за якой канчаюцца чалавечнасць, культура і маральнасць, якую, на жаль, пераступіў Рыбак.