§ 21. Паняцце аб дынамічных вэб-старонках

У § 18 гаварылася аб тым, што вэб-старонкі могуць быць статычныя або дынамічныя[1] у залежнасці ад тэхналогіі стварэння. У гэтым параграфе разгледзім больш падрабязна, што ўяўляюць сабой дынамічныя вэб-старонкі, а ў далейшым навучымся іх ствараць.

Дынамічныя вэб-старонкі цалкам або часткова генеруюцца на серверы або ў браўзеры ў працэсе выканання запыту карыстальніка.

Дынамічныя вэб-старонкі ўтрымліваюць праграмны код на спецыяльных мовах вэб-праграміравання. Практычна ўсе вялізныя сайты складаюцца з дынамічных вэб-старонак.

Працэдура перадачы дынамічных вэб-старонак па запыце карыстальніка складаецца з вялікай колькасці дзеянняў, рэалізаваных з удзелам моў вэб-праграміравання (прыклад 21.1).

Дынамічнымі таксама называюць вэб-старонкі, якія захоўваюцца на серверы ў гатовым выглядзе, але ўтрымліваюць праграмны код. Гэтым забяспечваецца інтэрактыўнасць вэб-старонкі, г. зн. такая вэб-старонка «рэагуе» на дзеянні карыстальніка.

Мовы вэб-праграміравання можна ўмоўна падзяліць на дзве перасякальныя групы: кліенцкія і серверныя.

Серверныя мовы могуць узаемадзейнічаць з серверам. Праграмны код кліенцкіх моў выконвае браўзер на камп'ютары-кліенце, таму сервер не загружаецца дадатковай працай.

Для стварэння дынамічных старонак з праграмным кодам на кліенцкіх мовах выкарыстоўваюць тэхналогію, якая атрымала назву Dynamic HTML (DHTML).

Гэтая тэхналогія ўяўляе сабой камбінацыю з мовы разметкі гіпертэксту (HTML), кліенцкай мовы сцэнарыяў (JavaScript) і мовы апісання стыляў (CSS).

Праграма на мове JavaScript называецца сцэнаром або скрыптам (англ. script). З дапамогай скрыпту можна змяняць змесціва (прыклад 21.2) і афармленне вэб-старонкі ў адказ на дзеянні карыстальніка:

  • замяняць тэкст, афармленне, малюнкі;
  • будаваць шматузроўневыя выпадаючыя меню;
  • хаваць і адкрываць часткі старонкі;
  • правяраць уведзеныя даныя;
выконваць вылічэнні і г. д.


[1] Котов В. М. Информатика: учеб. пособие для 11 кл. учреждений общ. сред. образования с белорус. и рус. яз. обучения / В. М. Котов, А. И. Лапо, Ю. А. Быкадоров, Е. Н. Войтехович. — Минск: Нар. асвета, 2021.

 

Прыклад 21.1. Паслядоўнасць дзеянняў пры перадачы дынамічнай вэб-старонкі па запыту карыстальніка.

Распрацоўшчык пры дапамозе серверных моў праграміравання апісвае магчымыя сцэнарыі выкарыстання сайта або дадатку. Да серверных моў вэб-праграміравання ставяцца: C#, Go, Java, Python, PHP, Ruby.

Найбольш распаўсюджанай мовай вэб-праграміравання да нядаўняга часу з'яўлялася PHP. Па даных на снежань 2020 года, PHP выкарыстоўвалася ў 78,2 % усіх сайтаў. Аднак паступова яна губляе сваю папулярнасць.

Самымі распаўсюджанымі кліенцкімі мовамі праграміравання з'яўляюцца: JavaScript і VisualBasicScript.

Аднак сёння праграмны код JavaScript можа выконвацца не толькі ў браўзеры, але і на серверы або на любым іншым устройстве, якое мае спецыяльную праграму, якая называецца «рухавічком» JavaScript.

Набор сродкаў, з дапамогай якіх адбываецца рэалізацыя логікі вэб-сайта, называецца backend (бэкэнд).

Распрацоўка функцыянальнасці і карыстальніцкага інтэрфейса на кліенцкім баку дадатку або вэб-сайта называецца frontend (франтэнд).

Прыклад 21.2. Выкарыстанне скрыптоў на вэб-старонках.

На вэб-старонках вельмі часта ўзнікае неабходнасць вырабіць тыя ці іншыя вылічэнні.

Напрыклад, ёсць два тэкставых поля і трэба ў трэцім тэкставым полі вывесці суму двух лікаў, якія ўведзены ў першыя два, г. зн. стварыць калькулятар і размясціць яго на вэб-старонцы —http://www.javascriptkit.com/script/cut18.shtml.