§ 11. Шматслаёвыя малюнкі

Пры падрыхтоўцы малюнкаў, якія змяшчаюць шмат элементаў, можа ўзнікнуць сітуацыя, калі трэба змяніць нейкі адзін элемент, а астатнія пакінуць без змен. Для эфектыўнай працы ў такім выпадку варта выкарыстоўваць слаі, г. зн. у працэсе падрыхтоўкі малюнка працаваць з шматслаёвым малюнкам.

Калі звычайны малюнак падобны на ліст паперы, то шматслаёвы малюнак падобны да стопкі празрыстых лістоў (слаёў) (прыклад 11.1). З дапамогай слаёў можна пабудаваць малюнак з некалькіх канцэптуальных элементаў, з кожным з якіх можна працаваць незалежна ад іншых. Слаі могуць быць празрыстымі і пакрываць не ўсю прастору малюнка, таму гледзячы ў манітор можна ўбачыць не толькі верхні слой, але і частку астатніх.

Папулярныя графічныя фарматы JPEG, GIF, PNG не падтрымліваюць шматслаёвыя малюнкі. Уласны фармат рэдактара GIMP (XCF) дазваляе захоўваць шматслаёвыя малюнкі.

Для стварэння новага слоя ў рэдактары GIMP можна скарыстацца камандай «Создать слой» меню «Слой» (прыклад 11.2) або дыялогу «Слои» (прыклад 11.3).

Пры ўстаўцы з буфера абмену фрагмента малюнка вынікам устаўкі з'яўляецца «плавающее выделение», якое можна разглядаць як часовы слой. Перш чым працаваць з гэтым слоем, яго варта прымацаваць да існуючага слоя або пераўтварыць у нармальны слой. У другім выпадку памеры новага слоя будуць адпавядаць памеру «плавающего выделения».

Устаўка фрагмента малюнка з буфера абмену разгледжана ў прыкладзе 11.4.

Слаі могуць быць як суцэльнымі, так і напаўпразрыстымі. Іх можна лёгка перагрупаваць адносна адзін аднаго. Іх можна трансфармаваць: змяняць памеры і форму. Для выканання гэтых дзеянняў можна скарыстацца інструментамі дыялогу «Слои» або  камандамі кантэкстнага меню слоя, выбранага ў дыялогу «Слои».

Часта разам з малюнкамі выкарыстоўваюць надпісы. У рэдактары GIMP праца з тэкстам выконваецца з дапамогай інструмента  (Текст). Гэты інструмент стварае новы слой, які змяшчае тэкст. Слой з тэкстам змяшчаецца над бягучым слоем у спісе слаёў і мае памер блока з тэкстам. У якасці імені слоя служыць пачатак уведзенага тэксту (прыклад 11.5).

Рэдагаваць тэкст можна непасрэдна на палатне. Наладзіць параметры шрыфту (памеру, колеру, напісання) можна на панэлі інструмента «Текст», якая перакрывае палатно над тэкставым блокам (прыклад 11.6) або ў дыялогу «Текст» (прыклад 11.7).

Перамяшчаць тэкст па малюнку можна з дапамогай інструмента   (Перемещение). Для гэтага трэба зрабіць пстрычку па тэкставым сімвале, а не па фоне.

Існуюць розныя спосабы разнастаіць знешні выгляд тэксту. Ператвараючы тэкставы элемент у вылучэнне ці контур, яго можна заліць колерам, абвесці яго межы, пераўтварыць яго з дапамогай інструментаў трансфармацыі (прыклады 11.8 і 11.9) або ўжыць фільтры для атрымання цікавых эфектаў (прыклад 11.10).

У працэсе працы з шматслаёвым малюнкам узнікае неабходнасць у аб'яднанні слаёў. Выбар інструмента дыялогу «Слои» аб'яднае актыўны слой з першым бачным слоем пад ім. Каманда меню рэдактара «Изображение/Свести изображение» аб'ядноўвае ўсе слаі малюнка ў адзін слой. Пасля таго як малюнак зведзены, ён будзе выглядаць, як і раней. Розніца ў тым, што ўсё змесціва малюнка будзе размешчана ў адзін слой без празрыстасці. Калі ў зыходным малюнку былі празрыстыя вобласці, якія супадалі ва ўсіх слаях, то ў гэтых абласцях з'явіцца колер фону. Гэтая аперацыя звычайна патрэбна для таго, каб захаваць малюнак у фармаце, які не падтрымлівае слаі або празрыстасць.

Прыклад 11.1. Структура шматслаёвага малюнка.

Прыклад 11.2. Каманды меню «Слой».

Прыклад 11.3. Дыялог «Слои».

У рэдактары GIMP праца са слаямі аналагічная працы са слаямі ў рэдактары Flash (http://informatika8.adu.by/#to-top8-2).

Прыклад 11.4.

  1. Адлюстраванне «плавающего выделения» ў дыялогу «Слои».

  1. Устаўка «плавающего выделения».

  1. Выбар варыянту ўстаўкі з кантэкстнага меню слоя.

Прыклад 11.5. Слой з тэкстам у спісе слаёў.

Прыклад 11.6. Увод і рэдагаванне тэксту.

Прыклад 11.7. Дыялог «Текст».

Прыклад 11.8. Інструменты трансфармацыі.

Прыклад 11.9. Пераўтварэнне тэксту з дапамогай інструмента «Перспектива».

Прыклад 11.10. Ужыванне фільтра «Свет и тень/Отбросить тень».

Налады параметраў цені:

Вынік: