§ 9. Тыпы графічных файлаў

З агульнымі прынцыпамі кадзіравання графічнай інфармацыі вы пазнаёміліся ў 10-м класе (гл. § 14.1). У кожным канкрэтным выпадку спосаб захоўвання малюнкаў у памяці камп'ютара вызначаюць распрацоўшчыкі праграм. У той жа час для таго каб іх захоўваць, пераносіць паміж камп'ютарамі і рознымі дадаткамі, патрабуецца некаторая стандартызацыя спосабу запісу — фармат файлаў.

Фарматы графічных файлаў вызначаюць спосаб захоўвання інфармацыі ў файле (растравы, вектарны), а таксама форму захоўвання інфармацыі (алгарытм сціску, які выкарыстоўваецца).

Выбар фармату графічнага файла далёка не простая задача з-за разнастайнасці тыпаў малюнкаў і абласцей іх выкарыстання. Любы выбар палягчае класіфікацыя. Разгледзім класіфікацыю графічных фарматаў па тыпу інфармацыі, якая захоўваецца:

  • растравыя;
  • вектарныя;
  • мэтафайлавыя/універсальныя.

Растравыя фарматы, класіфікацыя якіх прыведзена ў прыкладзе 9.1, звычайна выкарыстоўваюцца для фатаграфій, лічбавых малюнкаў і вэб-графікі. Разгледзім найбольш распаўсюджаныя з растравых фарматаў.

BMP

Фармат BMP (Bitmap — карта пікселяў) — стандартны растравы фармат без сціску, распрацаваны кампаніяй Microsoft. Дазваляе захоўваць даныя аб колеру ў значэннях колеравай мадэлі RGB (да 16 млн адценняў). Выкарыстоўваецца ў якасці фармату графічных файлаў для захоўвання зыходных малюнкаў. Лёгка канвертуецца ў іншыя фарматы.

JPEG

У фармаце JPEG (Joint Photographic Experts Group — аб'яднаная група фатографаў-экспертаў) выкарыстоўваецца высокая ступень сціску з некаторымі стратамі якасці. Прымяняецца для захоўвання канчатковага варыянта малюнка фатаграфічнай якасці. Файлы такога фармату могуць мець пашырэння jpg і jpeg.

GIF

Фармат GIF (Graphic Interchamge Format — фармат для абмену малюнкамі) быў распрацаваны для перадачы растравых малюнкаў па сетках. Падтрымлівае анімацыю і празрыстасць фону. Мае абмежаваную індэксную палітру колераў (не больш 256). Выкарыстоўвае алгарытм сціску LZW, што дазваляе без страт сціскаць файлы, у якіх шмат аднародных заліванняў.

PNG

У фармаце PNG (Portable Network Graphics — пераносныя сеткавыя малюнкі) выкарыстоўваецца высокая ступень сціску без страт для малюнкаў з вялікай колькасцю колераў. Падтрымлівае шматузроўневую празрыстасць. PNG-фармат з'яўляецца адным з самых распаўсюджаных фарматаў малюнкаў, якія выкарыстоўваюцца ў Інтэрнэце.

TIFF

Фармат TIFF (Tagged Image File Format — фармат файлаў растравых малюнкаў) — гэта папулярны фармат для захоўвання малюнкаў з вялікай глыбінёй колеру. Малюнкі TIFF-фармату могуць быць захаваны ў сціснутым або несціснутым выглядзе, а сціск, які выкарыстоўваецца, можа быць са стратамі або без. У большасці выпадкаў выкарыстоўваецца сціск без страт. Фармат падтрымліваецца многімі графічнымі рэдактарамі. TIFF-фармат пераважней выкарыстоўваць пры сканіраванні, распазнанні тэксту, у паліграфіі.

Лагатыпы, схемы, элементы афармлення зручней прадстаўляць у вектарным фармаце.

У адрозненне ад растравых фарматаў практычна ўсе вектарныя фарматы першапачаткова распрацоўваліся пад канкрэтныя графічныя рэдактары (прыклад 9.2). Разгледзім вектарныя фарматы, якія найбольш выкарыстоўваюцца.

PDF

Фармат PDF (Portable Document Format — фармат пераноснага дакумента) — гэта міжплатформены фармат, створаны кампаніяй Adobe. Выкарыстоўваецца для перадачы па сетцы малюнкаў і змешаных дакументаў, якія змяшчаюць і тэкст, і графіку.

SVG

Файл фармату SVG (Scalable Vector Graphics — вектарная графіка, якая маштабуецца) змяшчае апісанне складальнікаў вектарнага малюнка (ліній, кругоў, прамавугольнікаў і г. д.) з указаннем іх памераў, каардынат і іншай неабходнай інфармацыі. Выкарыстоўваецца ў вэб-дызайне.

WMF

Файлы фармату WMF (Windows Metafile) выкарыстоўваюцца АС Windows, якая захоўвае каманды малявання і каманды вызначэння ўласцівасцей графічных аб'ектаў.

Пры падрыхтоўцы малюнкаў (для размяшчэння ў сетцы Інтэрнэт, для анімацыі, для друку і г. д.) узнікае неабходнасць пераўтварэння графічных файлаў з аднаго фармату ў іншы (прыклад 9.3). Пераўтварэнне графічных фарматаў файлаў можна выканаць з дапамогай графічных рэдактараў, якія ўспрымаюць файлы розных фарматаў. Для пераўтварэння файлаў з аднаго фармату ў іншы трэба:

  1. Открыть у графічным рэдактары файл зыходнага фармату.
  2. Выканаць аперацыю Сохранить как…  або аперацыю Экспортировать как… з выбарам адпаведнага тыпу файла ў дыялогавым акне.

Пасля пераўтварэння захоўваецца файл з іншым пашырэннем, якое паказвае на выніковы фармат графічнага файла.

Прыклад 9.4 дэманструе выбар тыпу файла ў дыялогавых вокнах Сохранить как (Paint) і Экспорт изображения (GIMP) адпаведных графічных рэдактараў.

У цяперашні час найбольш шырока выкарыстоўваюцца растравы, вектарны і метафайлавы фарматы. Аднак існуюць і іншыя тыпы фарматаў: анімацыі, мультымедыя, гібрыдныя, гіпертэкставыя, аб'ёмныя, фарматы шрыфтоў, мадэлявання віртуальнай рэальнасці і г. д.

Прыклад 9.1. Класіфікацыя растравых графічных фарматаў.

У загалоўку файла фармату BMP запісана інфармацыя аб малюнку: памер файла, шырыня і вышыня малюнка, глыбіня пікселяў, колькасць колераў. Пасля загалоўка можа знаходзіцца палітра. Далей ідзе непасрэдна набор даных аб пікселях, які ідэнтыфікуе становішча кожнага пікселя і яго колер. BMP — адзін з самых старых растравых фарматаў, яго распазнаюць усе графічныя рэдактары. Гэты фармат важыць больш, чым JPG, і падыходзіць для паліграфіі менш, чым TIFF, таму цяпер фармат BMP амаль нідзе не выкарыстоўваецца.

У JPEG-фармаце непажадана захоўваць тыя малюнкі, дзе важныя ўсе тонкасці колераперадачы, так як падчас сціску адбываецца адкідванне некаторай колеравай інфармацыі. У гэтым фармаце варта захоўваць толькі канчатковы варыянт працы, таму што любое паўторнае захаванне прыводзіць да новых страт даных. З-за істотных страт якасці малюнка ў прафесійнай паліграфіі гэты фармат не выкарыстоўваецца. Для прагляду малюнка на экране манітора або для раздрукоўкі на прынтары якасці JPEG-фармат цалкам дастаткова. JPEG — гэта не толькі графічны фармат, але і прынцып сціску. Ён з'яўляецца адным з самых распаўсюджаных.

GIF-фармат выкарыстоўваецца ў web-дызайне для стварэння банэраў (рэкламных заставак), элементаў фону.

Годнасцю фармату GIF з'яўляецца магчымасць ствараць шматслойныя малюнкі. Звычайна пры загрузцы малюнка яно адкрываецца паступова, па некалькі радкоў. Пры захаванні ў шматслойным рэжыме малюнак адкрываецца з узрастаючым вырашэннем. Гэта значыць, яно адкрываецца спачатку з нізкім вырашэннем, потым яно становіцца ўсё вышэй і вышэй.

У паліграфіі GIF-фармат не выкарыстоўваецца.

PNG — фармат, спецыяльна распрацаваны як для паляпшэння, так і для замены GIF-фармату. Не падтрымлівае колеравую палітру CMYK, г. зн. малюнкі такога фармату не варта раздрукоўваць на прынтары. У фармаце рэалізавана магчымасць працы са слаямі, а таксама дадання мета-даты ў файл (дазваляе абараніць аўтарскія правы).

PNG-фармат падыходзіць для захоўвання прамежкавых стадый рэдагавання малюнкаў, так як пры шматразовым захаванні малюнка не адбываецца страты якасці.

Файлы ў фармаце TIFF могуць быць захаваны без выкарыстання сціску, але могуць быць ужытыя алгарытмы сціску JPEG, ZIP, LZW і інш. Сціск малюнка TIFF-фармату па алгарытмах ZIP і LZW дазваляе паменшыць памер файла без страт якасці.
Прыклад 9.2. Класіфікацыя графічных фарматаў па ступені ўніверсальнасці ў дачыненні да ПЗ.


Фармат

Дадатак

PSD

Adobe Photoshop

XCF

Gimp

CDR

CorelDraw

SWF

Flash Player

AI

AdobeIllustrator

SVG

Inkscape

Фармат SVG з'яўляецца адкрытым стандартам, г. зн. у адрозненне ад большасці іншых фарматаў, SVG не з'яўляецца чыёй-небудзь уласнасцю.

Уласны фармат XCF графічнага рэдактара GIMP захоўвае найбольш поўную інфармацыю аб малюнку. Таму фармат XCF асабліва зручны для захавання прамежкавых вынікаў і для тых малюнкаў, якія пазней будуць адкрыты ў рэдактары GIMP зноў.

Прыклад 9.3. Прычыны пераўтварэння фарматаў графічных файлаў.

  1. Праграма, у якой працуе карыстальнік, не ўспрымае фармат гэтага файла.
  2. Графічны файл, які быў пераданы іншаму карыстальніку, павінен быць прадстаўлены ў іншым фармаце.
Прыклад 9.4. Выбар фарматаў захавання ў графічных рэдактарах Paint і Gimp.