§ 9. Тыпы графічных файлаў
Сайт: | Профильное обучение |
Курс: | Інфарматыка. 11 клас (Павышаны ўзровень) |
Книга: | § 9. Тыпы графічных файлаў |
Напечатано:: | Гость |
Дата: | Среда, 14 Май 2025, 07:31 |
З агульнымі прынцыпамі кадзіравання графічнай інфармацыі вы пазнаёміліся ў 10-м класе (гл. § 14.1). У кожным канкрэтным выпадку спосаб захоўвання малюнкаў у памяці камп'ютара вызначаюць распрацоўшчыкі праграм. У той жа час для таго каб іх захоўваць, пераносіць паміж камп'ютарамі і рознымі дадаткамі, патрабуецца некаторая стандартызацыя спосабу запісу — фармат файлаў. Фарматы графічных файлаў вызначаюць спосаб захоўвання інфармацыі ў файле (растравы, вектарны), а таксама форму захоўвання інфармацыі (алгарытм сціску, які выкарыстоўваецца). Выбар фармату графічнага файла далёка не простая задача з-за разнастайнасці тыпаў малюнкаў і абласцей іх выкарыстання. Любы выбар палягчае класіфікацыя. Разгледзім класіфікацыю графічных фарматаў па тыпу інфармацыі, якая захоўваецца:
Растравыя фарматы, класіфікацыя якіх прыведзена ў прыкладзе 9.1, звычайна выкарыстоўваюцца для фатаграфій, лічбавых малюнкаў і вэб-графікі. Разгледзім найбольш распаўсюджаныя з растравых фарматаў. BMP Фармат BMP (Bitmap — карта пікселяў) — стандартны растравы фармат без сціску, распрацаваны кампаніяй Microsoft. Дазваляе захоўваць даныя аб колеру ў значэннях колеравай мадэлі RGB (да 16 млн адценняў). Выкарыстоўваецца ў якасці фармату графічных файлаў для захоўвання зыходных малюнкаў. Лёгка канвертуецца ў іншыя фарматы. JPEG У фармаце JPEG (Joint Photographic Experts Group — аб'яднаная група фатографаў-экспертаў) выкарыстоўваецца высокая ступень сціску з некаторымі стратамі якасці. Прымяняецца для захоўвання канчатковага варыянта малюнка фатаграфічнай якасці. Файлы такога фармату могуць мець пашырэння jpg і jpeg. GIF Фармат GIF (Graphic Interchamge Format — фармат для абмену малюнкамі) быў распрацаваны для перадачы растравых малюнкаў па сетках. Падтрымлівае анімацыю і празрыстасць фону. Мае абмежаваную індэксную палітру колераў (не больш 256). Выкарыстоўвае алгарытм сціску LZW, што дазваляе без страт сціскаць файлы, у якіх шмат аднародных заліванняў. PNG У фармаце PNG (Portable Network Graphics — пераносныя сеткавыя малюнкі) выкарыстоўваецца высокая ступень сціску без страт для малюнкаў з вялікай колькасцю колераў. Падтрымлівае шматузроўневую празрыстасць. PNG-фармат з'яўляецца адным з самых распаўсюджаных фарматаў малюнкаў, якія выкарыстоўваюцца ў Інтэрнэце. TIFF Фармат TIFF (Tagged Image File Format — фармат файлаў растравых малюнкаў) — гэта папулярны фармат для захоўвання малюнкаў з вялікай глыбінёй колеру. Малюнкі TIFF-фармату могуць быць захаваны ў сціснутым або несціснутым выглядзе, а сціск, які выкарыстоўваецца, можа быць са стратамі або без. У большасці выпадкаў выкарыстоўваецца сціск без страт. Фармат падтрымліваецца многімі графічнымі рэдактарамі. TIFF-фармат пераважней выкарыстоўваць пры сканіраванні, распазнанні тэксту, у паліграфіі. Лагатыпы, схемы, элементы афармлення зручней прадстаўляць у вектарным фармаце. У адрозненне ад растравых фарматаў практычна ўсе вектарныя фарматы першапачаткова распрацоўваліся пад канкрэтныя графічныя рэдактары (прыклад 9.2). Разгледзім вектарныя фарматы, якія найбольш выкарыстоўваюцца. Фармат PDF (Portable Document Format — фармат пераноснага дакумента) — гэта міжплатформены фармат, створаны кампаніяй Adobe. Выкарыстоўваецца для перадачы па сетцы малюнкаў і змешаных дакументаў, якія змяшчаюць і тэкст, і графіку. SVG Файл фармату SVG (Scalable Vector Graphics — вектарная графіка, якая маштабуецца) змяшчае апісанне складальнікаў вектарнага малюнка (ліній, кругоў, прамавугольнікаў і г. д.) з указаннем іх памераў, каардынат і іншай неабходнай інфармацыі. Выкарыстоўваецца ў вэб-дызайне. WMF Файлы фармату WMF (Windows Metafile) выкарыстоўваюцца АС Windows, якая захоўвае каманды малявання і каманды вызначэння ўласцівасцей графічных аб'ектаў. Пры падрыхтоўцы малюнкаў (для размяшчэння ў сетцы Інтэрнэт, для анімацыі, для друку і г. д.) узнікае неабходнасць пераўтварэння графічных файлаў з аднаго фармату ў іншы (прыклад 9.3). Пераўтварэнне графічных фарматаў файлаў можна выканаць з дапамогай графічных рэдактараў, якія ўспрымаюць файлы розных фарматаў. Для пераўтварэння файлаў з аднаго фармату ў іншы трэба:
Пасля пераўтварэння захоўваецца файл з іншым пашырэннем, якое паказвае на выніковы фармат графічнага файла. Прыклад 9.4 дэманструе выбар тыпу файла ў дыялогавых вокнах Сохранить как (Paint) і Экспорт изображения (GIMP) адпаведных графічных рэдактараў. |
У цяперашні час найбольш шырока выкарыстоўваюцца растравы, вектарны і метафайлавы фарматы. Аднак існуюць і іншыя тыпы фарматаў: анімацыі, мультымедыя, гібрыдныя, гіпертэкставыя, аб'ёмныя, фарматы шрыфтоў, мадэлявання віртуальнай рэальнасці і г. д. У загалоўку файла фармату BMP запісана інфармацыя аб малюнку: памер файла, шырыня і вышыня малюнка, глыбіня пікселяў, колькасць колераў. Пасля загалоўка можа знаходзіцца палітра. Далей ідзе непасрэдна набор даных аб пікселях, які ідэнтыфікуе становішча кожнага пікселя і яго колер. BMP — адзін з самых старых растравых фарматаў, яго распазнаюць усе графічныя рэдактары. Гэты фармат важыць больш, чым JPG, і падыходзіць для паліграфіі менш, чым TIFF, таму цяпер фармат BMP амаль нідзе не выкарыстоўваецца. У JPEG-фармаце непажадана захоўваць тыя малюнкі, дзе важныя ўсе тонкасці колераперадачы, так як падчас сціску адбываецца адкідванне некаторай колеравай інфармацыі. У гэтым фармаце варта захоўваць толькі канчатковы варыянт працы, таму што любое паўторнае захаванне прыводзіць да новых страт даных. З-за істотных страт якасці малюнка ў прафесійнай паліграфіі гэты фармат не выкарыстоўваецца. Для прагляду малюнка на экране манітора або для раздрукоўкі на прынтары якасці JPEG-фармат цалкам дастаткова. JPEG — гэта не толькі графічны фармат, але і прынцып сціску. Ён з'яўляецца адным з самых распаўсюджаных. GIF-фармат выкарыстоўваецца ў web-дызайне для стварэння банэраў (рэкламных заставак), элементаў фону. Годнасцю фармату GIF з'яўляецца магчымасць ствараць шматслойныя малюнкі. Звычайна пры загрузцы малюнка яно адкрываецца паступова, па некалькі радкоў. Пры захаванні ў шматслойным рэжыме малюнак адкрываецца з узрастаючым вырашэннем. Гэта значыць, яно адкрываецца спачатку з нізкім вырашэннем, потым яно становіцца ўсё вышэй і вышэй. У паліграфіі GIF-фармат не выкарыстоўваецца. PNG — фармат, спецыяльна распрацаваны як для паляпшэння, так і для замены GIF-фармату. Не падтрымлівае колеравую палітру CMYK, г. зн. малюнкі такога фармату не варта раздрукоўваць на прынтары. У фармаце рэалізавана магчымасць працы са слаямі, а таксама дадання мета-даты ў файл (дазваляе абараніць аўтарскія правы). PNG-фармат падыходзіць для захоўвання прамежкавых стадый рэдагавання малюнкаў, так як пры шматразовым захаванні малюнка не адбываецца страты якасці. Файлы ў фармаце TIFF могуць быць захаваны без выкарыстання сціску, але могуць быць ужытыя алгарытмы сціску JPEG, ZIP, LZW і інш. Сціск малюнка TIFF-фармату па алгарытмах ZIP і LZW дазваляе паменшыць памер файла без страт якасці.Прыклад 9.2. Класіфікацыя графічных фарматаў па ступені ўніверсальнасці ў дачыненні да ПЗ.
![]()
Фармат SVG з'яўляецца адкрытым стандартам, г. зн. у адрозненне ад большасці іншых фарматаў, SVG не з'яўляецца чыёй-небудзь уласнасцю. Уласны фармат XCF графічнага рэдактара GIMP захоўвае найбольш поўную інфармацыю аб малюнку. Таму фармат XCF асабліва зручны для захавання прамежкавых вынікаў і для тых малюнкаў, якія пазней будуць адкрыты ў рэдактары GIMP зноў.Прыклад 9.3. Прычыны пераўтварэння фарматаў графічных файлаў.
|
Пытанні да параграфа
![]() |
1. Што вызначаюць фарматы графічных файлаў? 2. На якія групы можна падзяліць фарматы графічных файлаў? 3. Якія растравыя фарматы найбольш распаўсюджаныя? 4. Якімі характарыстыкамі адрозніваюцца растравыя фарматы BMP, GIF, JPEG, PNG? 5. Як пераўтварыць адзін графічны фармат у іншы? |
Практыкаванні
1. Запоўніце табліцу:
Фармат | Ступень сціску | Тыпы малюнкаў | Недахопы | Прымяненне |
BMP | ||||
JPEG | ||||
PNG | ||||
GIF | ||||
TIFF |
2. Адкрыйце файл фармату PNG у графічным рэдактары Paint. Пераўтварыце яго ў файл фармату BMP. Якія ўласцівасці файла змяніліся?
3. У графічным рэдактары GIMP пераўтварыце ў фармат TIFF файлы фармату PNG (зыходны файл практыкавання 1) і BMP (выніковы файл практыкавання 1). Для гэтага:
- Выканайце каманду меню рэдактара «Файл/Экспортировать как…».
- У акне «Экспорт изображения» выберыце патрабаваны тып файла і націсніце кнопку «Экспортировать».
- У акне, якое адкрылася, «Экспортировать как …» націсніце кнопку «Экспорт».
Параўнайце памеры атрыманых файлаў TIFF-фармату.
4. Адкрыйце файл фармату BMP у графічным рэдактары GIMP. Пераўтварыце яго ў файл фармату JPEG. Атрыманы файл адкрыйце ў рэдактары Paint і захавайце пад іншым імем у тым жа фармаце. Параўнайце памеры атрыманых JPEG-файлаў і якасць малюнкаў, якія яны захоўваюць.