§ 26. Знаёмства з пакетам SMath Studio

26.5. Захаванне і загрузка працоўнага ліста

Пакет SMath Studio кожны раз пасля загрузкі адкрывае новы працоўны ліст і прапануе імя «Лист1» для файла, у якім гэты ліст будзе захаваны.

Працоўны ліст захоўваецца ў файле з пашырэннем .sm з дапамогай пунктаў меню Файл. Прапанаванае імя «Лист1» пры гэтым можна памяняць.

Загрузіць файл, захаваны раней, таксама дазваляе меню Файл. У SMath Studio можна загрузіць некалькі лістоў, але адлюстроўваецца ў акне толькі адзін з іх.

Выбар ліста для адлюстравання ў акне SMath Studio праводзіцца з дапамогай меню Листы (прыклад 26.12). 

Прыклад 26.12. Меню Листы ў SMath Studio мае наступны выгляд:

Меню пачынаецца пунктамі Создать лист і Закрыть лист. Спіс ніжэй уключае імёны загружаных у пакет файлаў. Пстрычка па імені файла ўключае яго адлюстраванне ў акне.

Пункты Создать лист і Закрыть лист дубліруюцца ў меню Файл. Кнопка  Создать лист таксама ёсць і на Панели инструментов.