§ 26. Знаёмства з пакетам SMath Studio

26.1. Уводзіны

З развіццём камп'ютарнай тэхнікі на стыку матэматыкі і інфарматыкі з'явіўся новы раздзел матэматыкі — камп'ютарная матэматыка. Камп'ютарная матэматыка аб'ядноўвае метады і сродкі рашэння навуковых, інжынерных і навучальных задач з дапамогай камп'ютараў.

Пакет камп'ютарнай матэматыкі — гэта праграмная сістэма, якая рэалізуе метады камп'ютарнай матэматыкі.

Пакеты камп'ютарнай матэматыкі бываюць спецыялізаваныя і ўніверсальныя (прыклад 26.1).

Універсальныя пакеты камп'ютарнай матэматыкі забяспечваюць як лікавыя, так і знакавыя (аналітычныя) разлікі. У цяперашні час найбольш папулярныя ўніверсальныя пакеты камп'ютарнай матэматыкі Mathematica, Maple, MATLAB і Mathcad, сярод якіх сваім друкарскім стылем асабліва вылучаецца пакет Mathcad (прыклад 26.2).

Пакет Mathcad даўно і паспяхова выкарыстоўваецца ў навучанні школьнікаў і студэнтаў, аднак з'яўляецца платным. Мы будзем выкарыстоўваць бясплатны пакет камп'ютарнай матэматыкі SMath Studio. 

Прыклад 26.1. Спецыялізаваныя пакеты камп'ютарнай матэматыкі прызначаны:

  • для лікавых разлікаў (убудаваныя калькулятары Windows, таблічныя працэсары Excel, Quattro Pro і інш.);
  • для аналітычных разлікаў (пакеты знакавай матэматыкі Cadabra, FriCAS, GAP і інш.);
  • для статыстычных разлікаў (пакеты PASW Statistics, STATISTICA, STADIA і інш.).

Прыклад 26.2. У пакеце Mathcad, як і ў тэкставым рэдактары Word, асновай працоўнага дакумента з'яўляецца віртуальны ліст белай паперы. Уводзімыя тэкставыя надпісы, формулы і вынікі вылічэнняў выглядаюць на гэтым лісце так, як быццам іх зрабілі ў друкарні.

Аналагам пакета Mathcad з'яўляецца пакет SMath Studio, створаны расійскім праграмістам Андрэем Івашовым.