§ 26. Знаёмства з пакетам SMath Studio

26.2. Інтэрфейс SMath Studio

Пакет SMath Studio мае некалькі ўстановачных версій. Камп'ютарная версія пакета для аперацыйнай сістэмы Windows называецца SMath Studio Desktop.

Устаноўка SMath Studio на камп'ютар і элементы інтэрфейса SMath Studio апісаны ў Дадатку.

Пасля запуску SMath Studio на шэрым фоне адкрываецца белая клятчастая частка працоўнага ліста. Назва «ліст» для працоўнага дакумента прыйшла з таблічнага працэсара Excel.

Клятчастая сетка на працоўным лісце дазваляе выраўноўваць даныя, якія ўводзяцца. Яе адлюстраванне можна адключыць/уключыць камандай меню Вид Сетка. Пры вывадзе працоўнага ліста на друк сетку таксама можна адключыць.

За візуальнае адлюстраванне працоўнага ліста ў SMath Studio адказваюць панэлі Разметка документа і Увеличение (прыклад 26.3).

Пры ўводзе даных SMath Studio з'яўляецца графічным рэдактарам, які дазваляе ўводзіць на працоўны ліст тэкставыя надпісы і матэматычныя выразы ў абранае месца ліста.

Паказальнікам месца ўводу на працоўным лісце служыць чырвоны крыж + (прыклад 26.4).

Прыклад 26.3. Запусцім SMath Studio і разгледзім спосабы адлюстравання працоўнага ліста з дапамогай панэлі Разметка документа.

Выбар на панэлі рэжыму Без границ паказвае ў працоўным полі бясконцы клятчасты працоўны ліст.

Выбар рэжыму Границы печати паказвае частку працоўнага ліста (старонку), якая па памерах прыдатная для раздрукоўкі на стандартным лісце паперы. Пстрычка ніжэй гэтай старонкі адкрывае новую старонку і г. д.

Выбар рэжыму Постранично паказвае, як будзе выглядаць кожная старонка раздрукоўкі працоўнага ліста на папяровых лістах з палямі.

Мы будзем карыстацца рэжымам адлюстравання працоўнага ліста Без границ.

З дапамогай панэлі Увеличение маштаб адлюстравання ліста можна паменшыць або павялічыць на 25 %, а таксама вярнуцца да зыходнага павелічэння 100 %.

Прыклад 26.4. Паказальнік месца ўводу перасоўваюць пстрычкай паказальніка мышы. Даныя ўводзяцца з клавіятуры. Пры неабходнасці можна пстрычкамі мышы ўводзіць сімвалы, якія размешчаны на Боковой панели