§ 4. Правілы сувязі выказніка і дзейніка, выражанага спалучэннем слоў
Правілы сувязі выказніка і дзейніка, выражанага спалучэннем слоў
Форма выказніка ў двухсастаўным сказе залежыць ад асаблівасцей выражэння дзейніка, структуры сказа і парадку размяшчэння членаў сказа. Выказнік мае форму множнага ліку, калі ў састаў дзейніка ўваходзяць: • колькасныя лічэбнікі ў спалучэнні з адушаўлёнымі назоўнікамі (пры гэтым у сказе прамы парадак слоў): Дзве дзяўчынкі ў нацыянальных строях сустракалі дэлегацыю; • колькасна-іменнае словазлучэнне, у саставе якога ёсць азначэнні або словы ўсе, гэтыя: На сходзе прысутнічалі ўсе чацвёра. Гэтыя два пакойчыкі былі застаўлены новай мэбляй; • спалучэнне назоўніка (займенніка) у форме назоўнага склону і назоўніка ў форме творнага склону з прыназоўнікам з: Шэпчуцца явар з калінаю ў сумнай даліне над ярам (Я. Купала). Выказнік ужываецца ў адзіночным ліку, калі дзейнік выражаны: • колькасным лічэбнікам у спалучэнні з адушаўлёным назоўнікам (пры гэтым у сказе адваротны парадак слоў). Як правіла, звяртаецца ўвага на агульную, прыблізную колькасць, сукупнасць: Сабралася чалавек каля дзесяці; • спалучэннем зборнага лічэбніка з назоўнікам: Прыехала трое братоў; • спалучэннем неадушаўлёнага назоўніка са словам, што мае няпэўна-колькаснае значэнне (большасць, меншасць, рад, шэраг, безліч, група, мноства, большая (меншая) частка): У нашым садзе расце мноства кветак; • спалучэннем назоўніка (займенніка) у назоўным склоне з назоўнікам у творным склоне пры неабходнасці падкрэсліць другараднасць дзеянняў другой асобы: Брат з сястрой падрыхтаваў прэзентацыю. Калі падкрэсліваецца роўнасць абедзвюх асоб, то выказнік ужываецца ў множным ліку: Брат з сястрой падрыхтавалі прэзентацыю; • колькасна-іменным словазлучэннем са словамі хвілін, гадзін, дзён, тыдняў: Андрэю споўнілася дзесяць гадоў. Мінула два тыдні; • спалучэннем адмоўнага або няпэўнага займенніка з назоўнікам (займеннікам) ускоснага склону з прыназоўнікам з: Ніхто з карэспандэнтаў не адзначыў. Нехта з даследчыкаў заўважыў. Заўвага. Выказнікі могуць мець форму множнага ліку пры дзейніках са значэннем асобы або пры неабходнасці падкрэсліць актыўнасць дзеяння: Пяцёра пасажыраў выглядалі разгублена. Некалькі студэнтаў здалі сесію датэрмінова.