Печатать книгуПечатать книгу

§ 4. Правілы сувязі выказніка і дзейніка, выражанага спалучэннем слоў

Сайт: Профильное обучение
Курс: Беларуская мова. 11 клас
Книга: § 4. Правілы сувязі выказніка і дзейніка, выражанага спалучэннем слоў
Напечатано:: Гость
Дата: Понедельник, 2 Июнь 2025, 17:12

Правілы сувязі выказніка і дзейніка, выражанага спалучэннем слоў

Форма выказніка ў двухсастаўным сказе залежыць ад асаблівасцей выражэння дзейніка, структуры сказа і парадку размяшчэння членаў сказа.
Выказнік мае форму множнага ліку, калі ў састаў дзейніка ўваходзяць:
• колькасныя лічэбнікі ў спалучэнні з адушаўлёнымі назоўнікамі (пры гэтым у сказе прамы парадак слоў): Дзве дзяўчынкі ў нацыянальных строях сустракалі дэлегацыю;
• колькасна-іменнае словазлучэнне, у саставе якога ёсць азначэнні або словы ўсе, гэтыя: На сходзе прысутнічалі ўсе чацвёра. Гэтыя два пакойчыкі былі застаўлены новай мэбляй;
• спалучэнне назоўніка (займенніка) у форме назоўнага склону і назоўніка ў форме творнага склону з прыназоўнікам з: Шэпчуцца явар з калінаю ў сумнай даліне над ярам (Я. Купала).
Выказнік ужываецца ў адзіночным ліку, калі дзейнік выражаны:
колькасным лічэбнікам у спалучэнні з адушаўлёным назоўнікам (пры гэтым у сказе адваротны парадак слоў). Як правіла, звяртаецца ўвага на агульную, прыблізную колькасць, сукупнасць: Сабралася чалавек каля дзесяці;
• спалучэннем зборнага лічэбніка з назоўнікам: Прыехала трое братоў;
• спалучэннем неадушаўлёнага назоўніка са словам, што мае няпэўна-колькаснае значэнне (большасць, меншасць, рад, шэраг, безліч, група, мноства, большая (меншая) частка): У нашым садзе расце мноства кветак;
• спалучэннем назоўніка (займенніка) у назоўным склоне з назоўнікам у творным склоне пры неабходнасці падкрэсліць другараднасць дзеянняў другой асобы: Брат з сястрой падрыхтаваў прэзентацыю. Калі падкрэсліваецца роўнасць абедзвюх асоб, то выказнік ужываецца ў множным ліку: Брат з сястрой падрыхтавалі прэзентацыю;
• колькасна-іменным словазлучэннем са словамі хвілін, гадзін, дзён, тыдняў: Андрэю споўнілася дзесяць гадоў. Мінула два тыдні;
• спалучэннем адмоўнага або няпэўнага займенніка з назоўнікам (займеннікам) ускоснага склону з прыназоўнікам з: Ніхто з карэспандэнтаў не адзначыў. Нехта з даследчыкаў заўважыў.
Заўвага. Выказнікі могуць мець форму множнага ліку пры дзейніках са значэннем асобы або пры неабходнасці падкрэсліць актыўнасць дзеяння: Пяцёра пасажыраў выглядалі разгублена. Некалькі студэнтаў здалі сесію датэрмінова.

Практыкаванне 34

Выпішыце сказы-прыклады да пунктаў правіла, раскажыце, не заглядваючы ў вучэбны дапаможнік, пра сувязь форм дзейніка і выказніка.
Выпішыце з тэксту правіла адзін зборны лічэбнік і праскланяйце яго. Абазначце канчаткі.

Практыкаванне 35

Прааналізуйце табліцу «Сувязь паміж дзейнікам і выказнікам». Раскажыце, якая інфармацыя ў правіле і табліцы супадае. Якія новыя выпадкі сувязі паміж дзейнікам і выказнікам прыведзены ў табліцы?

Практыкаванне 36

Спішыце, выбіраючы адпаведную форму выказніка. Патлумачце свой выбар.

1. ЮНЕСКА (быць) (утварыць) у лістападзе 1945 года ў Лондане. 2. Нямала іх (хадзіць) па свеце (П. Глебка). 3. У вялікім пакоі (сабрацца) шмат людзей. 4. Большасць людзей (ісці) нехаця і панура (С. Грахоўскі). 5. Група партызан (ехаць) у вёску памагчы заараць зямлю пад жыта (П. Пестрак). 6. (Прайсці) некалькі тыдняў. 7. Абодва (прасіцца) у атрад і (расказваць) пра сябе — як на духу (Ф. Янкоўскі). 8. Чатыры лодкі (прыйсці) да берага амаль праз гадзі ну (Я. Брыль). 9. (Сабрацца) багата людзей. 10. БДУ (аб’явіць) конкурс на лепшага чытальніка вершаў беларускіх паэтаў.

Пастаўце націск у выдзеленым слове.
Да ўжытага ў сказе ўстойлівага выразу запішыце фразеалагізмы-сінонімы.

Практыкаванне 37

Прачытайце сказы, выберыце патрэбную форму выказніка. Растлумачце правілы сувязі выказніка і дзейніка.

1. У школьнай залем вучняў был.. дзясяткі два. 2. У возера Байкал упада.. трыста трыццаць шэсць рэчак. 3. Пераезд сціх. За лініяй чыгункі ў траншэі стаіл..ся яго чацвёра абаронцаў (В. Быкаў). 4. Каля дзвярэй звычайна стаял.. некалькі маладзіц з дзецьмі на руках (Я. Колас). 5. Колькі гадоў мінул.. з таго часу, як ён бачыў аднакласніка апошні раз? 6. Дзядзька ішоў не адзін, ішл.. чалавек з пятнаццаць (Я. Брыль). 7. Два снегіры, дзве кропелькі зары, на мокрую галінку вольхі ўпал.. (Н. Мацяш). 8. Некалькі тыдняў за працай прайшл.. (П. Броўка). 9. Міхал з Антосем сваю душу дарогай цешы.. нямала (Я. Колас). 10. Больш за пяцьдзясят буслоў цэлы дзень кружыл..ся над высокім берагам (К. Чорны).

Выпішыце складаныя сказы, зрабіце іх сінтаксічны разбор.
Выпішыце назоўнікі, ужытыя ў форме меснага склону. Растлумачце іх канчаткі. Падбярыце прыклады, якія ілюструюць правапіс назоўнікаў 1-га і 2-га скланення ў форме меснага склону.

Практыкаванне 38

Складзіце сказы з наступнымі словазлучэннямі, каб яны выступалі ў ролі дзейніка, а дзеяслоў у форме прошлага часу — у ролі выказніка. Растлумачце выбар формы ліку выказніка.

Пяць месяцаў, тры гады, дзвесце мінчан, пяцёра студэнтаў, безліч дзівосаў, процьма ягад, тройка коней, усе дзяўчынкі, усяго сем выпускнікоў, шмат дзяўчат, багата чарніц, каля дзесяці кніг, звыш ста супрацоўнікаў, некалькі вучняў, многа радасці, каля палавіны з іх, чалавек восем.

Практыкаванне 39

Ці можна, на вашу думку, лічыць Вікіпедыю адзінай крыніцай інфармацыі? Прывядзіце доказы ў абарону сваёй пазіцыі. Як часта вы карыстаецеся энцыклапедычнымі выданнямі? Якімі — найчасцей? Прачытайце фрагмент артыкула «Дзяржаўная мова» з энцыклапедыі «Беларуская мова». Вызначце стыль тэксту. Растлумачце напісанне слоў з прапушчанымі літарамі. Спішыце апошні абзац тэксту, устаўляючы прапушчаныя літары.

Кожная мова ўжываецца ў розных сферах жыц..я грама..тва. Гэтыя сферы найперш падз..ляюцца на д..ве буйныя часткі — афіцыйную і побытавую. Афіцыйнай (ад лац. officialis — ‘звязаны з урадам, з пасадай’) называюць мову, на якой працуюць дз..ржаўныя і адміністрацыйна-гаспадарчыя органы, грама..кія арганізацыі, ..становы навукі, культуры, службы быт.., гандл.. . На афіцыйнай мове в..дзецца навучан..е і выхаван..е ў сістэм.. адукацыі. Калі статус афіцыйнай мовы замацоўваецца і адлюстроўваецца ў сп..цыяльных зак..надаўчых актах, яна становіцца мовай дз..ржаўнай. Дз..ржаўнасць мовы — гэта юр..дычна замацава..ы і р..гламентаваны парадак яе выкарыстання ў афіцыйнай сферы грама..кіх зносін. Што да прыватных* моўных узаемадачыненн..ў людзей, у пэўнай ступені выбар імі мовы зносін з дз..ржаўнымі органамі і ўстановамі, з рознымі грама..кімі арганізацыямі, то гэта было, ёсць і застаецца асабістай справай грамадзян.
Такім чынам, паняцце «дз..ржаўная мова» звязана з мэтанакіраванай палітыкай дз..ржавы, а паняц..е «афіцыйная мова» — з практыкай, з традыцы..мі выкарыстан..я моў у пэўным грама..тве і з р..альным размеркаван..ем паміж імі асобных сацы..льных функцый. Наданне пэўнай мове статусу дз..ржаўнай — акт нацы..нальна-гістарычнай і нацы..нальна-культурнай значнасці. Варта ад..начыць, што афіцыйная мова не абавязкова набывае статус дз..ржаўнай, але дз..ржаўная мова не можа не пра..сці этап.. афіцыйнага ўжыван..я (Я. Цумараў).

Раскажыце, як суадносяцца тэрміны дзяржаўная мова і афіцыйная мова.
Выпішыце прыклады словазлучэнняў на розныя выпадкі выражэння галоўнага слова.
Запішыце сінанімічны рад да слова фрагмент. Растлумачце адценне ў значэнні кожнага сіноніма. Якія слоўнікі сінонімаў беларускай мовы вы ведаеце?

Практыкаванне 40

Прачытайце, знайдзіце памылкі, выкліканыя незахаваннем правіл сувязі выказніка і дзейніка. Растлумачце прычыны парушэння сінтаксічных норм. Запішыце выпраўленыя сказы.

1. Было ў бацькі тры сына. 2. Трое хлопцаў увайшло ў хату. 3. Большасць вучняў справіліся з кантрольным тэстам. 4. Шмат дамоў будаваліся за апошні час. 5. Увайшлі група рабочых. 6. Здавалася, што тысяча дзён прайшлі з часу іх развітання. 7. БелТА аб’явілі дату правядзення суботніка. 8. Прафесар Ірына Марозава прачытаў лекцыю пра дасягненні айчынных лінгвістаў.

Практыкаванне 41

Прачытайце. Падбярыце назву тэксту. Выпішыце граматычныя асновы сказаў (частак сказаў), вусна ахарактарызуйце выражэнне галоўных членаў сказа, вызначце тыпы выказнікаў (карыстайцеся табліцай, змешчанай пасля практыкавання). З апорай на граматычныя асновы сказаў сцісла перакажыце тэкст, дапоўніўшы яго інфармацыяй пра разнавіднасці турызму, характэрныя для гасцей Беларусі (гл. дыяграму). Якія культурныя, духоўныя скарбы беларускага народа, на вашу думку, могуць выступаць у якасці нацыянальных брэндаў?

Беларусь, якая характарызуецца выгадным геаграфічным становішчам, сёння мае не толькі статус важнай транзітнай дзяржавы. Краіна набывае ўсё большую турыстычную прывабнасць. Брэнды* краіны — Белавежская пушча і Мірскі замак, ледавіковыя азёры Браслаўскага краю і Брэсцкая крэпасць. Аўгустоўскі канал — цуд інжынернай думкі XIX стагоддзя. Сафійскі сабор у Полацку — самая старажытная святыня Беларусі.


Наш гонар таксама старадаўнія сядзібы, палацы, першабытныя лясы з багатым жывёльным і раслінным светам, добраўпарадкаваныя гарады і пасёлкі, самабытныя фестывалі. Мы актыўна адкрываем сваю прыгажосць свету. У 2019 годзе Беларусь наведалі 405,5 тысячы арганізаваных турыстаў — амаль у пяць разоў болей, чым 15 гадоў таму. Яркія ўражанні пра ўнікальную прыроду, гістарычныя і культурныя славутасці нашага краю надоўга застаюцца ў памяці замежных гасцей, як і спагадлівасць, шчодрасць, гасціннасць яго жыхароў. Менавіта гасціннасць стала адметнай асаблівасцю, нацыянальным брэндам краіны (Л. Хлыстун).

Раскажыце пра тэматычнае, марфалагічнае, марфемнае, словаўтваральнае падабенства выдзеленых слоў.
Зрабіце поўны марфалагічны разбор аднаго лічэбніка з тэксту. Якімі членамі сказа з’яўляюцца ўжытыя лічэбнікі?

Тыпы выказнікаў у двухсастаўным сказе
Спосаб выражэння Прыклады
Просты дзеяслоўны выказнік
Асабовая форма дзеяслова

Я веру вам.
Я буду верыць вам.
Я так верыў вам.

Інфінітыў Не супакоіць вам мяне.
Фразеалагізм або сінтаксічна непадзельнае словазлучэнне

Валянціна — добрай душы чалавек.
Сон прынёс супакаенне (= супакоіў).

Састаўны дзеяслоўны выказнік
Дзеясловы магу, хачу, жадаю + інфінітыў Я хачу працаваць урачом.
Дзеясловы пачаў, стаў, закончыў + інфінітыў Маці пачала ўспамінаць пра сваё дзяцінства.
Прыметнік (дзеепрыметнік) + інфінітыў Я рад пазнаёміцца.
Састаўны іменны выказнік
Дзеясловы быў, ёсць, буду + іменная часціна мовы Я буду ўрачом.
Дзеясловы здаваўся, лічыўся, стаў, называўся, выглядаў + іменная часціна мовы Маці выглядала каралевай.
Дзеяслоў + звязка + іменная часціна мовы

Ён прыйшоў стомлены.
Дачка вярнулася першай.

Практыкаванне 42

Прачытайце тэкст, растлумачце яго назву. Выпішыце прыклады на розныя тыпы выказнікаў у двухсастаўных сказах. Пры неабходнасці (калі адпаведных прыкладаў няма ў тэксце) сказы падбярыце самастойна.

Май — асаблівы месяц

Ёсць падзеі, якія не абясцэньвае час. Да такіх, без сумнення, належыць Дзень Перамогі. Што б ні адбывалася ў сучасным свеце, значнасць гэтай даты не падлягае ніякай дэвальвацыі. Памяць пра подзвіг савецкага салдата па-ранейшаму ўстойлівая і моцная.
Цяжкім горам прайшла Вялікая Айчынная па беларускай зямлі. Загінула каля трох мільёнаў чалавек, было разбурана больш за дзвесце гарадоў, гарадскіх пасёлкаў і райцэнтраў, каля дзесяці тысяч сёл і вёсак.
Народныя мсціўцы не давалі ворагу спакою ні днём, ні ноччу. Больш за паўтара мільёна ўраджэнцаў Беларусі ваявалі на франтах Вялікай Айчыннай. За праяўлены гераізм і доблесць пры абароне Айчыны 448 беларусаў уганараваны высокага звання Героя Савецкага Саюза, чацвёра з іх — двойчы.
Так, май — асаблівы месяц. Гэта месяц перамогі над нацызмам у Другой сусветнай вайне. У Беларусі подзвіг народа высока шануецца. Ветэраны па-ранейшаму акружаны ўвагай і клопатам дзяржавы. Для нас свята Перамогі — свяшчэннае, таму што ў кожнай сям’і Вялікая Айчынная вайна пакінула свой след (В. Харкоў).

Растлумачце напісанне слоў з вялікай літары ў тэксце.
Раскажыце, як адзначаецца Дзень Перамогі ў вашай сям’і, школе.
Каму канкрэтна вы можаце сказаць «Дзякую за Перамогу»? Хто з вашых сваякоў удзельнічаў у Вялікай Айчыннай вайне? Хто вызваляў ваш горад, раён, вёску ад фашысцкіх захопнікаў? Якія помнікі як знакі ўдзячнасці салдатам Перамогі ёсць у вашых родных мясцінах? Хто даглядае іх, займаецца добраўпарадкаваннем?
Выпішыце складаназалежны сказ, зрабіце яго поўны сінтаксічны разбор.
Праскланяйце адзін з лічэбнікаў, ужытых у тэксце.