§ 1. Мова і маўленне. Веданне мовы і валоданне мовай

Маўленне

Маўленне — выкарыстанне моўных адзінак у працэсе зносін. Маўленне — гэта маўленчая дзейнасць асобы, канкрэтнае выказванне (тэкст) у вуснай або пісьмовай форме. Маўленне — з’ява індывідуальная, якая залежыць ад мэты ўзаемаадносін, маўленчай сітуацыі і сферы зносін. Сапраўды, любое наша выказванне мае на мэце або паведаміць штосьці субяседніку, або абмяняцца думкамі, уражаннямі, або ўздзейнічаць на слухача (чытача), пераканаць яго, пабудзіць да пэўнага ўчынку.
Маўленне адбываецца ў канкрэтнай маўленчай сітуацыі. Любое наша выказванне залежыць ад таго, дзе мы гаворым (у афіцыйных або неафіцыйных абставінах), з кім (з адным чалавекам ці з многімі) і з якой мэтай. Маўленне можа рэалізоўвацца ў вуснай або пісьмовай форме, успрымацца на слых або зрокава. Вуснай або пісьмовай формай маўлення карыстаюцца ў залежнасці ад задач маўленчых зносін.
Характар маўлення залежыць і ад сферы, у якой адбываюцца зносіны: навуковай, публіцыстычнай, афіцыйнай, мастацкай, бытавой. Адпаведна вылучаюцца функцыянальныя стылі, якія вызначаюцца не толькі сферай зносін, але і тыповай функцыяй маўлення. Так, гутарковы стыль найперш характарызуецца функцыяй зносін, навуковы і афіцыйны — функцыяй паведамлення, мастацкі і публіцыстычны звязаны з функцыяй уздзеяння.