§ 1. Мова і маўленне. Веданне мовы і валоданне мовай

Мова

Мова — найважнейшы сродак зносін (узаемаадносін) паміж людзьмі, бо менавіта праз мову (у параўнанні з іншымі сродкамі — мімікай, жэстамі, музыкай, жывапісам) чалавек найбольш поўна выяўляе сябе, свой унутраны свет. Асноўная функцыя мовы — камунікатыўная, або функцыя зносін. Мова — гэта арганізаваная сістэма лінгвістычных сродкаў. Мова ёсць сістэма зна ́кавая. Кожны моўны знак, як і любы іншы, нясе інфармацыю, ма ́е форму і змест (напрыклад, слова, сказ, тэкст). Моўная сістэма складаецца з мноства адзінак (гукаў, марфем, слоў, словазлучэнняў, сказаў, тэкстаў) і правіл іх спалучэння. Усе гэтыя элементы моўнай сістэмы знаходзяцца ва ўзаемасувязі і ўтвараюць цэласнае адзінства, сукупнасць лагічных і граматычных сродкаў для выказвання думак і наладжвання ўзаемаадносін паміж людзьмі.