§ 1. Мова і маўленне. Веданне мовы і валоданне мовай

Практыкаванне 2

Прачытайце слоўнікавы артыкул з «Этымалагічнага слоўніка фразеалагізмаў».

Вавілонскае стоўпатварэнне — ‘поўная неразбярыха, беспарадак, гармі ́дар’. Устойлівы выраз узнік на аснове біблейскага сюжэта (Быццё, 11, 1—9), як жыхары старажытнага горада Вавілона (на тэрыторыі сучаснага Ірака) задумалі зрабіць вялізную вежу — аж да самага неба.
Будаўніцтва вежы было спынена ўгневаным Богам: ён «змяшаў» мовы будаўнікоў, і яны загаварылі на розных мовах, не разумеючы адзін аднаго. Людзям стала не да вежы, бо падняўся страшэнны гвалт, вэрхал — тое, што мы цяпер называем вавілонскім стоўпатварэннем. Назоўнікавы кампанент фразеалагізма ўтварыўся сінтаксічным спосабам, зрашчэннем двух слоў (столпа + творенье) у адно (Паводле І. Лепешава).

Як вы думаеце, добра або дрэнна, што на Зямлі жыве шмат народаў, кожны са сваёй мовай, сваёй культурай, сваімі звычаямі? Абгрунтуйце сваё меркаванне.
Якую інфармацыю мы можам атрымаць у слоўніку фразеалагізмаў, этымалагічным слоўніку фразеалагізмаў, руска-беларускім слоўніку фразеалагізмаў, беларуска-рускім слоўніку фразеалагізмаў?