§ 12. 3D-мадэляванне інтэр'ераў. Мадэль будаўнічай абалонкі
12.4. Лініі разметкі
Пры мадэляванні вокнаў і дзвярэй у інтэр'еры важныя як іх памеры, так i становішча на сценах. Становішча любога элемента мадэлі можна задаць разметачнымі лініямі пры дапамозе інструмента Рулетка. Інструмент мае два рэжымы працы: вымярэнне адлегласці паміж любымі пунктамі мадэлі і пабудову разметачнай лініі. Візуальна ў рэжыме пабудовы разметачнай лініі каля паказальніка мышы з'яўляецца знак «плюс». Пераключэнне паміж рэжымамі можна праводзіць націскам клавішы Ctrl. Вымярэнне адлегласці і пабудова разметачнай лініі праводзяцца двума пстрычкамі мышы. Выглядае разметачная лінія як бясконцая штрыхавая (прыклад 12.8). Разметачная лінія ў любы момант можа быць выдалена інструментам Ластик. Каб стварыць аконныя праёмы, варта пабудаваць прамавугольнікі і ўціснуць іх у сцяну (прыклад 12.9). Разметачныя лініі на сцяне класа выдаляем. Пабудуем акно ў левым аконным праёме. Камеру неабходна так наблізіць да праёма, каб увесь праём быў добра бачны. У вонкавым пустым прамавугольніку праёма, будуем прамавугольнiк для акна, а на ім — прамавугольнiкi шкла, якія заліваем матэрыялам, які прапускае святло (прыклад 12.10). Астатнія праёмы запоўнім копіямі створанага акна. |
Прыклад 12.8. Няхай у камп'ютарным класе на далёкай сцяне тры вокны. Дзверы знаходзяцца на блізкай сцяне. Адлегласць ад падлогі да верхняй паверхні падаконнікаў роўна 80 см і зададзены становішчы на сцяне праёмаў для вокнаў. Адзначым разметачнай лініяй на далёкай сцяне ўзровень падаконнікаў. Для гэтага з дапамогай інструмента Рулетка пстрыкаем паказальнікам мышы па ніжнім краі сцены, зрушваем паказальнік мышы ўверх, уводзім з клавіятуры «80» і націскаем клавішу Enter. Таксама адзначаем на сцяне становішча левага краю кожнага з трох вокнаў. Прыклад 12.9. Па разметцы будуем прамавугольнікі памерам 190×140 см і па чарзе ўціскаем іх у сцяну на 25 см (на таўшчыню сцяны). Прыклад 12.10. Выгляд мадэлі акна: |