§ 7. Мадэляванне выпадковых падзей. Метад Монтэ-Карла

7.2. Камп'ютарнае мадэляванне выпадковых падзей

Выпадковыя падзеі з'яўляюцца ў выніку выпадковых досведаў. Са з'яўленнем камп'ютараў стала магчыма мадэляванне выпадковых падзей. Мадэлямі выпадковых падзей сталі значэнні спецыяльных функцый.

Генератар (датчык) выпадковых лікаў — гэта спецыяльная функцыя, якая пры кожным выкананні выдае новы выпадковы лік як сваё значэнне.

У навуковай літаратуры значэння генератараў выпадковых лікаў называюць псеўдавыпадковымі лікамі, так як будуюцца яны строгімі матэматычнымі метадамі і, такім чынам, прадказальныя. Псеўдавыпадковыя лікі з'яўляюцца мадэлямі выпадковых лікаў, але ў нашых пабудовах мы іх адрозніваць не будзем.

На мове PascalABC.NET генератар выпадковых лікаў рэалізаваны ў стандартнай функцыі random() (прыклад 7.4).

У электронных табліцах MS Excel генератар выпадковых лікаў рэалізаваны ў двух матэматычных функцыях (прыклад 7.5).

Прыклад 7.4. Калі функцыя random () не мае аргументу, то пры выкананні яна генерыруе выпадковы лік тыпу real паміж 0 і 1.

Калі аргументам функцыі random () з'яўляецца цэлы лік K, то пры выкананні яна генерыруе выпадковы лік тыпу integer ад 0 да K—1.

Пры кожным запуску праграмы на мове PascalABC.NET генератар выпадковых лікаў выдае новы выпадковы лік.

Прыклад 7.5. Функцыя СЛЧИС () аргументу не мае і пры выкананні генерыруе выпадковы сапраўдны лік паміж 0 і 1.

Функцыя СЛУЧМЕЖДУ () павінна мець два цэлых аргумента, якія падзелены кропкай з коскай (хай K і M, прычым K<M). Пры выкананні функцыя генерыруе выпадковы цэлы лік са значэннем ад K да M.

Абодва генератара выпадковых лікаў у электронных табліцах пералічваюць свае значэнні пасля кожнай змены працоўнай табліцы або пасля націску клавішы F9.