Драматургія

Надзённасць маральна-этычнай праблематыкі: Мікола Матукоўскі «Мудрамер» і інш.

У канцы 1980-х — 1990-я гады значны рэзананс мела напісаная ў 1986-м і пастаўленая ў 1987 годзе Беларускім акадэмічным тэатрам імя Янкі Купалы (цяпер — Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы) сатырычная камедыя М. Матукоўскага (1929—2001) «Мудрамер». Спектакль быў адзначаны Дзяржаўнай прэміяй БССР (1988) і працяглы час карыстаўся поспехам у гледачоў.

П’еса створана ў рэчышчы лепшых традыцый беларускай камедыяграфіі і сэнсава пераклікаецца з п’есай «Брама неўміручасці» К. Крапівы. Прастата і выразнасць сюжэта ў спалучэнні з дынамізмам дзеяння, умела «закручанай» інтрыгай, яркімі дыялогамі, вострымі момантамі — сакрэты поспеху твора. Эксперыментальная сітуацыя, з дапамогай якой аўтар выкрыў бюракратызм, — даволі традыцыйны прыём, вядомы як у беларускай, так і ў заходнееўрапейскай драматургіі. Спрацоўвае ён і ў дадзеным выпадку. Вынаходнік цуда-апарата для вымярэння ўзроўню чалавечага інтэлекту Мікалай Ягоравіч Мурашка прыходзіць са сваім сенсацыйным адкрыццём у кабінет міністра ўзгадненняў Віктара Паўлавіча Вяршылы. Тут і адбываецца выпрабаванне незвычайнага прыстасавання.

Пад суправаджальны смех гледача ў п’есе дэманструецца самавыкрыццё паразітуючай на жыцці грамадства бюракратычнай сістэмы, якая затрымлівае ход прагрэсу, супрацьстаіць творчай ініцыятыве і таленту. Аўтар паказаў шэраг надзвычай каларытных чыноўніцкіх тыпаў, людзей сістэмы, службоўцаў-функцыянераў. Гэта незгаворлівая і ваяўнічая Тамара Цімафееўна Папсуева (намеснік міністра па пярэчаннях), лагодны Міралюбаў (намеснік па зацвярджэннях), абаяльная Мілашкіна, асцярожны Вяршыла, бяздарны, але прабіўны Залівака і інш.

Твор складаецца з дзвюх частак. У першай драматург знаёміць чытача з дзейнымі асобамі і іх службовымі абавязкамі. Праца ў Міністэрстве ўзгадненняў кіпіць: бесперапынна, на розныя галасы звоняць тэлефоны, якіх тут некалькі дзясяткаў. Дзве тэлефаністкі здымаюць тэлефонныя трубкі, ціха і коратка адказваюць на званкі. Часам, у залежнасці ад важнасці званка, яны просяць міністра зняць трубку таго або іншага тэлефона-«дублёра», якія стаяць у яго на стале, пад рукой.

Міністр Вяршыла вельмі засяроджаны, ён падпісвае дакументы, якія перад ім кладзе сакратарка Нюра Мілашкіна. Вось як апісаў гэты працэс аўтар: «Нюра аўтаматычна, як робат, бярэ паперу з адной гары, кладзе яе на стол перад міністрам. Той, ледзь зірнуўшы на паперу, падпісвае яе. Падпісаныя дакументы Нюра кладзе на другую гару. Міністр камандуе: “Сіні!.. Зялёны!.. Чырвоны!..” Яго каманды падобныя на каманды хірурга ў час аперацыі: “Пінцэт!.. Скальпель!.. Зажым”!.. Нюра аўтаматычна, імгненна падае міністру каляровыя алоўкі».

Як бачна з развіцця падзей у п’есе, нішто ў грамадстве не адбываецца без рэзалюцыі і дазволу міністэрства, нават тушэнне пажару. І, здавалася б, нішто не можа парушыць дадзены наладжаны механізм функцыянавання ўстановы. Аднак пасля знаёмства з вынаходкай Мурашкі ўсё мяняецца. Вяршыла тэрмінова выклікае сваіх намеснікаў на нараду. Нават не выслухаўшы, што прапануе Мурашка, Папсуева, нaмecнiк мiнicтpa пa пяpэчaнняx, сурова, як на допыце, спытаўшы ў вынаходніка пра аўтарскія пасведчанні, гаворыць: «Я пярэчу супраць усіх, у каго няма афіцыйных дакументаў на вынаходніцтва!» Мipaлюбaў, наадварот, як і нaлeжыць пaвoдлe пpoзвiшчa i пacaды, выказвае вялікую цікаваць, спрабуе падтрымаць Мурашку i ўлaгoдзіць катэгарычную Пaпcyeвy. Ён моцна нервуецца і абураецца тым фактам, што Тамара Цімафееўна за сваё «забараняю!» атрымлівае адны падзякі, а ён — атрымлівае адны вымовы: «Сем строгіх з апошнім папярэджаннем! Адзінаццаць строгіх з занясеннем. Без занясенняў я ўжо і не лічу!..» Узнікае адчуванне, што намеснік незадаволены сваёй функцыяй абаронцы і тaк poбiць нe дзeля нeйкix вялiкix дyшэўныx або paзyмoвыx якacцeй, a тaмy, штo гэтaгa вымaгae ягo пacaдa, хоць герой з патэтыкай заяўляе: «Чаму чалавека не садзяць у турму, не вешаюць, не расстрэльваюць за тое, што ён забараняе? Чаму яго з усіх бакоў абсыпаюць падзякамі за тое, што ён губіць? Думкі! Прапановы! Ідэі! Вынаходніцтвы!»

Абмеркаванне прыбора па вымярэнні чалавечай дурноты, або дурамера, перайменаванага дальнабачным і знаходлівым міністрам Віктарам Паўлавічам у мудрамер, праходзіць вельмі бурна. Палеміка вакол пытання, што дасць практычнае выкарыстанне і ўкараненне апарата ў вытворчасць, прыводзіць да рашэння апрабаваць яго на супрацоўніках міністэрства. Аднак з усіх аддзелаў і ўпраўленняў не знайшлося ні аднаго жадаючага праверыць узровень свайго інтэлекту, сваіх здольнасцей і магчымасцей. Катэгарычна адмаўляецца Папсуева і нават Міралюбаў, які выказваўся «за» і пераконваў усіх, што кожны чалавек захоча набыць такі апарат. Ён хітра спасылаецца на сваё самаадчуванне: «…Я зараз знаходжуся ў такім заведзеным стане… Сёння ў мяне полюсы памяняліся… Увесь плюс уніз пайшоў. А ўверх — мінус… Баюся скампраметаваць апарат». Таму было вырашана праверыць працу мудрамера на наведвальніках, што чакалі ў прыёмнай міністра. І зрабіць гэта так, каб яны ні пра што не здагадаліся.

Дзеянне ў другой частцы твора разгортваецца такім чынам, што не толькі наведвальнікі, але і ўсе дзейныя асобы садзяцца ў крэсла з датчыкамі. П’еса выкрывае чыноўнікаў і функцыянераў, якія, запаланіўшы міністэрствы, перашкаджаюць тэхнічнаму і духоўнаму развіццю грамадства. Але фінал яе не зусім характэрны для сатырычнай камедыі: зло не толькі не пакарана, а наадварот, атрымлівае перамогу: прымае іншую форму, яшчэ больш вытанчаную. Міністэрства ўзгадненняў ператвараюць у навукова-даследчы інстытут мудраметрыі, які яшчэ дзесяць гадоў будзе займацца «ўдасканальваннем» апарата, а вынаходніка Мурашку прызначаюць у ім малодшым навуковым супрацоўнікам. Мурашка ў роспачы, а гора-вынаходнік Залівака з паперкай у руках шчаслівы ўбягае ў кабінет з гучным пераможным воклічам «Вікторыя!». Ён атрымаў дазвол на ўкараненне сваёй бязглуздай ідэі.

У творы выявіліся сатырычнае майстэрства драматурга, добрае веданне чалавечай псіхалогіі. Вастрыня канфлікту, надзённасць маральна-этычнай праблематыкі забяспечылі «Мудрамеру» актуальнасць і ў наш час.

Пошукам адказаў на складаныя праблемы чалавечых узаемаадносін у новых умовах займаюцца і іншыя беларускія драматургі. Крызіс раней усталяваных узаемасувязей і пазіцый у сучасным грамадстве ўзмацніўся глабалізацыйнымі працэсамі, якія выявілі непадрыхтаванасць асобы да наплыву самай разнастайнай і супярэчлівай інфармацыі. Чалавек апынуўся ў віры хаосу каштоўнасцей і меркаванняў.

У цэнтры ўвагі многіх сучасных беларускіх п’ес становіцца праблема асабовай і грамадскай ідэнтыфікацыі, крызісу пачуццяў, адчужанасці, непаразумення паміж людзьмі, спажывальніцтва і дэпрэсіі. Так, праблемы кахання, сям’і, маральнага выбару сучасніка, самавызначэння на сваёй зямлі, у сваёй дзяржаве, гісторыі, свеце і сусвеце закранаюцца ў п’есах А. Асташонка («Драматургічныя тэксты»), М. Арахоўскага («Ку-Ку», «Лабірынт»), Г. Каржанеўскай («Вірус», «Мора, аддай пярсцёнак»), А. Федарэнкі («Жаніх па перапісцы»), З. Дудзюк («Заложнікі шчасця»), Р. Баравіковай («Пятля часу»). А. Ждана («Сям’я для старога сабакі») і інш. Як правіла, у цэнтры ўвагі дадзеных твораў — героі, якія востра перажываюць страту духоўных арыенціраў у жыцці. Іх нічога не радуе, яны не здатныя да вырашэння ўласных праблем, не могуць наладзіць адносіны з іншымі людзьмі. Інтэлектуальная стомленасць, духоўны вакуум, інертнасць, бяссілле характарызуюць і герояў сацыяльна-псіхалагічных драм А. Паповай «Плошча Перамогі», «Хуткія цягнікі», «Улюбёнцы лёсу», «Маленькія радасці жывых».

Праблемы экалогіі, духоўнага і маральнага стану сучасніка, драматычнага лёсу беларуса з вялікім майстэрствам раскрыты драматургам А. Петрашкевічам у трагедыі «Дагарэла свечачка...» (1988). Аўтар прысвяціў твор матулі і даў яму падзагаловак «Маналог Беларускі». Не могуць пакінуць раўнадушнымі, глыбока кранаюць у ім вобразы Лявона, Марфы і Любкі. П’еса з’яўляецца своеасаблівай споведдзю, развітаннем з жыццём і сваёй хатай галоўнай гераіні, старой адзінокай Марфы. Яна адмаўляецца эвакуіравацца з чарнобыльскай забруджанай радыяцыяй тэрыторыі, вырашае застацца ў роднай хаце, выцягвае з-пад ложка дамавіну, рыхтуе ўсе неабходныя рэчы для апошняга падарожжа. Праз усю п’есу за вокнамі то бліжэй, то далей чуваць гул машын, даносяцца словы аб’явы праз мегафон. Нарастае трывога. Марфа ўспамінае сваё жыццё. Яна вядзе дыялогі з мужам Лявонам, што загінуў у вайну, партрэтам сына Васіля, які стаў ахвярай афганскай вайны, з пляменніцай Любкай — адзіным жывым субяседнікам.

П’еса «Дагарэла свечачка...» упершыню была пастаўлена ў вучэбным тэатры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры ў 1988 годзе, а ў 1997 годзе адбылася яе прэм’ера ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы. Увасобленая як монаспектакль рэжысёрам Рыгорам Баравіком пастаноўка ўзяла Гран-пры на Міжнародным фестывалі монаспектакляў «Марыя» ў Кіеве. Тыпалагічна твор блізкі дакументальнаму тэатру вербацім, спектаклі якога ўяўляюць сабой мастацка апрацаваныя маналогі або дыялогі рэальных людзей, выкананыя акцёрамі. Як паказала практыка, напісаць такую п’есу аказваецца намнога складаней, чым звычайную. Вялікую ролю ў ёй адыгрываюць слова, інтанацыя: абрыўкі фраз, недагаворанасць, змена настрою ад суму і тугі да ўсмешкі і замілавання, якія перадаюць парадаксальнасць і праўду быцця.

Тэатральнай крытыкай адзначаюцца натуральнасць, «нетэатральнасць» маналогаў і дыялогаў і ў творы А. Петрашкевіча. Галоўная гераіня нібы занава перажывае самыя горкія, драматычныя эпізоды свайго жыцця, здавалася б, іншых у яе і не было. З працяглых расказаў бабулі паўстае поўная трагізму гісторыя беларусаў, на чыю долю за савецкі перыяд выпала многа выпрабаванняў. Марфа, «адна з мільёнаў», разважае: «Жыццё, сынок, злое, свет здурнелы, людзі абыякавыя, а памяць кароткая. <…> Эвакуацыя!.. Эвакуацыя!.. А куды?! А да каго?! А дзе цябе чакаюць?!. Калі б людзі ды па-людску думалі, то, можа, і ты, Васілёк, не злажыў бы галовачку на дурной вайне ў тым Афганістане».