Драматургія

Пытанні

1. У якіх напрамках вядзецца творчы пошук у сучаснай беларускай драматургіі? Аргументуйце свой адказ.
2. Якія новыя формы вядучых жанраў беларускай драматургіі (камедыі, драмы) з’явіліся на сучасным этапе?
3. У чым адметнасць канфлікту гістарычнай драмы А. Петрашкевіча «Меч Рагвалода»?
3-1. Назавіце вядомых вам сучасных беларускіх драматургаў, якія рэалізуюць сябе ў жанры гістарычнай драмы. Якія п’есы на гістарычную тэму вы чыталі? Ці згодны вы з думкай, што гістарычная драма дапамагае сучасніку па-новаму ацаніць урокі беларускай гісторыі, зірнуць на яе знакамітых прадстаўнікоў у іх жывым абліччы і нават убачыць у іх саміх сябе?
4. Чым вызначаецца драма абсурду? Якія з беларускіх п’ес адносяцца да абсурдысцкай плыні?
5. Дакажыце, што п’еса І. Сідарука «Галава» з’яўляецца абсурдысцкай драмай.
6. Разгледзьце афішы да спектакляў па творах сучасных беларускіх драматургаў на сайце Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі (раздзелы «Афішы тэатра» і «Мінулыя спектаклі»). Якая з афіш, на ваш погляд, найбольш удалая і чаму? Які са спектакляў вам хацелася б паглядзець? Прапануйце свой варыянт афішы.
7. Падрыхтуйце інсцэніроўку фрагмента адной з сучасных п’ес.
8. Пракаменціруйце выказванне А. Дударава: «Драматургія — вышэйшы літаратурны жанр. Яна ўбірае ў сябе і паэзію, і прозу, і публіцыстыку, і псіхалогію, і філасофію, і рэлігію, мінулае, цяперашняе, будучае. Яна — жыццё».
9. Прачытайце п’есу «Паэт і дзяўчына» і праслухайце радыёпастаноўку па гэтым творы. Што з іх вас уразіла больш і чаму? Даследчык Ф. Драбеня лічыць, што «п’еса для радыё — гэта часцей не арыгінальны твор, а спосаб прэзентацыі п’есы для сцэны праз радыё». Ці згодны вы з такой думкай? Паразважайце над магчымасцямі радыёпастановак у справе папулярызацыі тэатра і нацыянальнай драматургіі. Якія перавагі для палёту фантазіі слухачоў, перадачы пачуццяў і перажыванняў герояў, часава-прасторавых паваротаў сюжэта ў параўнанні са сцэнічным увасабленнем п’есы мае радыёпастаноўка?
10. На сайце Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі пазнаёмцеся з рэпертуарам тэатра. Вызначце асноўныя тэмы рускамоўнай літаратуры Беларусі. Наведайце тэатр, правядзіце абмеркаванне прагледжаных спектакляў.