Драматургія

Сучасная драматургія і тэатр

Драма як спецыфічны род літаратуры цесна звязана з жыццём тэатра і адначасова належыць і тэатру, і літаратуры. Драматычны твор з’яўляецца першаасновай спектакля і сваё паўнацэннае жыццё атрымлівае толькі на сцэне. Хоць могуць мець месца так званыя п’есы для чытання, але менавіта сцэнічнае ўвасабленне твора з’яўляецца марай драматурга. Таму драматургія лічыцца складаным і парадаксальным жанрам літаратуры, бо часта цяжка прадказаць, як складзецца сцэнічны лёс той або іншай п’есы.

У 90-я гады ХХ стагоддзя адбыўся паварот беларускага тэатра да нацыянальнай класікі, увогуле да твораў айчыннай драматургіі. Новае жыццё набылі забароненая ў савецкі час трагікамедыя Янкі Купалы «Тутэйшыя», арыгінальныя п’есы Ф. Аляхновіча («Цені», «Страхі жыцця»), М. Гарэцкага («Жартаўлівы Пісарэвіч»). З поспехам успрымаліся гледачом камедыі «Ідылія» і «Пінская шляхта» Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, драма «Раскіданае гняздо» Янкі Купалы. Асабліва адметнымі сталі спектаклі па п’есах «Тутэйшыя» Янкі Купалы (рэжысёр Мікалай Пінігін), «Страхі жыцця», «Цені» Ф. Аляхновіча (рэжысёр Мікола Трухан). Гэтыя творы прыкметна ўплывалі на станаўленне маладой драматургіі. Станавілася зразумелым, што з набыццём Беларуссю незалежнасці і знікненнем агульнасаюзнай тэатральнай прасторы будучыня беларускага тэатра будзе залежаць ад яго пераарыентацыі на п’есы сучаснай беларускай драматургіі.

Вялікае значэнне мела дзяржаўная падтрымка нацыянальнай драматургіі. У пачатку 1990-х гадоў Міністэрствам культуры Беларусі быў заснаваны Дзяржаўны тэатр-лабараторыя нацыянальнай драматургіі «Вольная сцэна», які стаў неад’емнай часткай культуры сучаснай Беларусі. Разам з п’есамі маладых драматургаў тэатр ажыццяўляе пастаноўкі твораў сусветнай класікі на беларускай мове (У. Шэкспіра, Б. Брэхта, Ж.-Б. Мальера). Тэатр садзейнічае прафесійнаму станаўленню не толькі маладых драматургаў, але і рэжысёраў.

Сваю дзейнасць тэатр распачаў з пастаноўкі п’есы «Ку-ку» Міколы Арахоўскага. Знакавай падзеяй для тэатра стала пастаноўка спектакля «Галава» (1993) паводле п’есы маладога аўтара Ігара Сідарука. Наступнымі былі п’есы драматургаў новай генерацыі: «Vita brevis, або Нагавіцы святога Георгія» і «Чорны квадрат» Міраслава Адамчыка і Максіма Клімковіча, «Плач, саксафон!» Ігара Сідарука, «Містар Розыгрыш» Сяргея Кандрашова і інш.

Задача тэатра заключалася менавіта ў падтрымцы маладых пачынаючых аўтараў. Гэтаму садзейнічала з’яўленне часопіса драматургіі і сцэнічнага мастацтва «Тэатральная Беларусь» (пазнейшая назва — «Тэатральная творчасць»), альманаха «Беларуская драматургія», зборнікаў «Сучасная беларуская п’еса». Значнай падзеяй стала аднаўленне рэспубліканскага конкурсу на лепшую п’есу, правядзенне тэатральных фестываляў. Папулярнасць сучаснай беларускай драматургіі пачынае расці. У 2007 годзе пры Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі пачаў дзейнічаць Цэнтр беларускай драматургіі і рэжысуры. Мэта цэнтра — стварэнне прынцыпова новых тэатральных форм і тэхналогій, правядзенне тэатральных эксперыментаў, а таксама ўкараненне апошніх еўрапейскіх і расійскіх дасягненняў у галіне сцэнічнага мастацтва. Сумесная праца драматургаў і рэжысёраў выліваецца ў спектаклі і грамадскія абмеркаванні. Усё гэта садзейнічае прыцягванню аўдыторыі да тэатральнага мастацтва. 

Беларуская драматургія значна ўзбагацілася на мяжы стагоддзяў новымі імёнамі і творамі. Актыўна працавалі ў гэты перыяд сталыя драматургі А. Петрашкевіч, А. Дзялендзік, А. Дудараў. Цікавымі п’есамі вызначыліся і аўтары, якія ўжо сцвердзіліся як паэты або празаікі: I. Чыгрынаў, Г. Марчук, Р. Баравікова, А. Асташонак, А. Федарэнка. У рэчышчы эксперымента і абнаўлення традыцыйнай паэтыкі праявілі сябе прадстаўнікі маладзейшага пакалення: С. Кавалёў, І. Сідарук, М. Арахоўскі, А. Ждан, У. Сауліч і інш. З часам пашыраюцца і абнаўляюцца тэматыка і праблематыка драматычных твораў, адбываецца развіццё традыцыйных і пошук новых жанравых форм. П’есы сучасных беларускіх драматургаў пачынаюць ставіцца не толькі ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі, але і на сцэнічных пляцоўках іншых тэатраў Беларусі. Нельга не прыгадаць тут і поспехі прадстаўнікоў сучаснай рускамоўнай драматургіі Беларусі, сярод якіх многа таленавітых аўтараў як старэйшага, так і малодшага пакаленняў. Гэта Святлана Бартохава, Павел Пражко, Мікалай Рудкоўскі, Андрэй Карэлін, Дзіяна Балыка і інш. Многія з іх вядомыя за межамі краіны, іх п’есы перамагаюць у міжнародных драматургічных конкурсах, публікуюцца ў аўтарытэтных маскоўскіх часопісах, ставяцца ў многіх расійскіх тэатрах, становяцца ўдзельнікамі не толькі знакамітых расійскіх фестываляў, але і фестываляў еўрапейскіх.

Варта адзначыць важнасць для сучасніка функцыянавання беларускага радыётэатра. З найбольш значных радыёпастановак апошніх дзесяцігоддзяў вылучаецца спектакль па арыгінальнай п’есе П. Васючэнкі (1959—2019) «Паэт і дзяўчына». Прэм’ера твора адбылася на першым нацыянальным канале беларускага радыё ў 2007 годзе да 125-й гадавіны з дня нараджэння Янкі Купалы. У 2008 годзе твор быў надрукаваны на старонках часопіса «Полымя». Як сцвярджаецца ў слове ад аўтара, п’еса прысвечана «драме закаханага паэта», якая раскрываецца на аснове дзённіка Паўліны Мядзёлкі.

Поспех любога драматычнага твора ў значнай ступені залежыць ад умення драматурга сканцэнтраваць увагу на самым галоўным, сабраўшы «да адзінага сэнсавага цэнтра ўсе падзеі». Пісьменніку ўдалося стварыць насычаную ключавымі падзеямі, гарманічную, глыбока псіхалагічную і кранальную дакументальна-мастацкую гісторыю кахання славутага песняра-прарока Янкі Купалы і таленавітай актрысы, настаўніцы-адраджэнкі, грамадскага і культурнага дзеяча Паўліны Мядзёлкі. Драматург удала выкарыстаў дакументальныя матэрыялы з кнігі ўспамінаў Паўліны Вінцэнтаўны «Сцежкамі жыцця», геніяльныя вершы і публіцыстыку Янкі Купалы, сцэны са спектакля «Паўлінка», урыўкі з паэмы «Яна і я». Узмацняюць дзеянне, дапамагаюць дакладней перадаць перажыванні і стан герояў не толькі паэтычныя радкі з вершаў інтымнай лірыкі Купалы, але і народныя песні, музыка, якія гучаць у спектаклі.

Галоўная гераіня — Паўліна Мядзёлка — прадстае ў творы ў сталым узросце. Яна і вядзе аповед, успамінаючы сваю маладосць, гісторыю знаёмства і адносін з Купалам. З мінулага высвечваюцца эпізоды спатканняў, размоў з паэтам, пачынаючы з першай сустрэчы ў Вільні ў 1909 годзе на кватэры знаёмых, калі маладзенькая шаснаццацігадовая дзяўчына, Паўлінка-журавінка (так называе яе ў творы паэт), толькі прыехала ў вялікі горад з роднага мястэчка Будслаў на вучобу. Потым адбыліся сустрэчы ў 1910 годзе на беларускай вечарынцы ў клубе чыгуначнікаў у Вільні, затым у час рэпетыцыі і на прэм’еры п’есы «Паўлінка» ў 1913 годзе ў Пецярбургу, зноў у Вільні ў знакамітай цукерні «Зялёны Штраль» і ў Полацку ў 1914 годзе.

Праз асобныя эпізоды сустрэч аўтар раскрыў развіццё няпростых узаемаадносін герояў, іх думкі, мары і перажыванні, па-мастацку даследаваў станаўленне і развіццё характараў Паўліны Мядзёлкі і Янкі Купалы. Праз усю п’есу праводзіцца думка пра тое, што каханне заўсёды было крыніцай натхнення паэтаў, менавіта гэта пачуццё дапамагала ствараць шэдэўры. Выкарыстаныя аўтарам у творы радкі з вершаў «Таей даўгажданай», «А яна…», «Быў гэта сон…», «Снілася дзяўчыне…» дапамагаюць уявіць Паэта, які пакутуе ад няспраўджанага кахання:

Быў гэта толькі сумны сон
Душы расплаканай маей,
Што сярод бледных будных дзён
Я свята меў, глядзеў святлей...

Быў гэта толькі сумны сон,
Што вось інакшая яна
І пойме болю майго стогн,
Зірне ў душу маю да дна.

Значнае месца ў п’есе, побач з інтымнай тэмай, займае патрыятычная праблематыка, апантанасць герояў нацыянальнай ідэяй, іх адданасць справе нацыянальнага адраджэння Беларусі. Апошнія дзве сустрэчы герояў напоўнены болем перажытага ў 1930-я гады і роспаччу аб страчаным. Яны адбыліся ўжо праз многія гады — вясной 1925-га ў Мінску і ў 1941 годзе ў Маскве. Героі змяніліся, аднак засталіся нязменнымі іх ідэйныя перакананні, шчырыя, прыязныя адносіны адзін да аднаго, узмацніліся спагада і ўзаемаспачуванне, імкненне засцерагчы і падтрымаць у драматычныя перыяды жыцця. Аднак твор заканчваецца яшчэ адной, уяўнай сустрэчай Паўліны з Янкам. Пасля таго як «громам з яснага неба стукнула ў сэрца» гераіні вестка пра гібель Купалы, яна жыве з марай на апошняе спатканне з паэтам у Вечнасці.

Вырашаючы задачы ідэйна-эстэтычнага асэнсавання рэчаіснасці, сучасныя беларускія драматургі арыентуюцца на лепшыя традыцыі айчыннай і сусветнай драматургіі, эксперыментуюць, аператыўна рэагуюць на складаныя праблемы часу. Творчы пошук працягваецца, прыносіць вынікі і сведчыць пра патэнцыяльныя магчымасці нашых аўтараў, значныя перспектывы айчыннага тэатра і драматургіі на будучае.